Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Скрыпка: «Дома я хаджу ў беларускай вышыванцы»

абноўлена

Алег Скрыпка на канцэрце ў Менску

На ўчорашнім канцэрце ў Менску гурт «Воплі Відаплясава» выступіў разам зь беларускім дзіцячым хорам «Сунічка». Пра блізкасьць беларускай і ўкраінскай культураў, сваё паходжаньне з-пад Гомеля і ўласную беларускую кашулю ён распавёў перад пачаткам канцэрту.

Пра стаўленьне да затрыманьня і дэпартацыі Жадана

«Гэта гарачае і палітычнае пытаньне. Але гэта вельмі непрыемна. Давайце лепш гаварыць пра тое, што зможа зблізіць Беларусь і Ўкраіну».

Толькі ў канцы прэсавай канфэрэнцыі Скрыпка вярнуўся да гэтага пытаньня. Дэпартацыю і забарону на ўезд у Беларусь для Сяргея Жадана ён лічыць прыкрай сытуацыяй, якая ня пойдзе ў плюс беларускай дзяржаве.

«Сілавыя органы былі вымушаныя так сябе паводзіць, — сказаў Скрыпка. — Я думаю, яны ўжо шкадуюць пра гэта. Сам Сяргей Жадан шмат робіць для збліжэньня Беларусі і Ўкраіны. А хто кажа пра тэрарыстаў — на рабаўніку і шапка гарыць».

Паводле Скрыпкі, пакуль паміж беларускай і ўкраінскай уладай няма сапраўднай супрацы ў культурнай сфэры. Менавіта на такіх літаратарах, як Жадан, трымаюцца міжкультурныя стасункі.

Пра беларускую мову

Скрыпка думае заснаваць міжнародны фэстываль, дзе былі б прадстаўленыя нацыі, чые мовы падобныя да ўкраінскай. Працоўная назва гэтага фэстывалю — «Безь перакладніка».

«Беларуская мова ў гэтым сьпісе — нумар адзін», — сказаў Скрыпка.

Пасьля беларускай мовы ў шэрагу падобных да ўкраінскай, паводле Скрыпкі, ідуць славацкая і польская. А вось расейская мова не такая блізкая да ўкраінскай.

На менскім канцэрце «Воплі Відоплясова»
На менскім канцэрце «Воплі Відоплясова»

«У Расеі мяне не разумеюць», — сказаў Скрыпка. Зь беларускімі журналістамі ўсю прэсавую канфэрэнцыю ён размаўляў па-ўкраінску.

Таксама Скрыпка адзначыў, што яго цешаць прадстаўнікі ад Беларусі на Эўравізіі. Эўрапейскі музычны конкурс пройдзе сёлета ў Кіеве,

«Упершыню на Эўравізіі будзе лунаць беларуская мова, — сказаў Скрыпка. — Мы зайздросьцім вам».

«Воплі Відаплясава» сьпяваюць «Краіну мрой» разам зь дзіцячым хорам. Па-беларуску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:56 0:00

Пра беларускае паходжаньне

Скрыпка нагадаў пра сваё беларускае паходжаньне. Ня так даўно ён даведаўся ад свайго бацькі, што іхны род мае беларускія карані. А сам Скрыпка на чвэрць ёсьць беларусам.

Алег Скрыпка на менскім канцэрце
Алег Скрыпка на менскім канцэрце

Ягоны прапрадзед, «харызматычны дзядзька», пераехаў ва Ўкраіну з-пад Гомеля. Ён заснаваў хутар на Палтаўшчыне. Адтуль паходзіць ягоная бабуля-беларуска.

«Мой бацька — напалову беларус. — Па беларускай лініі ў мяне ёсьць родзічы».

Пра ўласную беларускую вышыванку

Скрыпка ня лічыць вышыванку перажыткам нацыяналізму. Зь ягоных словаў, ва Ўкраіне зараз мова ня столькі на вышыванку, колькі на арнамэнт увогуле.

«У нас робяць прыгожыя сучасныя вышыванкі, гэта не музэйны нафталінавы атрыбут, — сказаў Скрыпка. — Дома я хаджу ў вышыванцы».

Сярод дзьвюх хатніх вышыванак Скрыпкі адна беларуская. Ільняную кашулю зь беларускім арнамэнтам музыка набыў у сувэнірнай краме ў Беларусі.

Пра ўкраінскую сьвядомасьць

У дзяцінстве Скрыпка зь сям’ёй жыў у розных кутках Савецкага Саюзу. Калі яму было 16 год, ён запісаўся украінцам. Але гэта было неасэнсаванае рашэньне, кажа музыка. Пасьля гэтага ён мог бы стаць расейцам, лічыць Скрыпка. Гэта магло б адбыцца, каб ён адвучыўся ў расейскім інстытуце, куды зьбіраўся паступаць.

Сьвядомым украінцам Алег Скрыпка стаў у 30 год — калі ён жыў ува Францыі.

«Я стаў вывучаць францускую мову і зразумеў, што мову можна вывучыць. Тады я стаў вывучаць украінскую».

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG