Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі даказваюць сваю патрэбнасьць, — экспэрт Сівіцкі тлумачыць, што адбываецца на «маршах недармаедаў»


Арсен Сівіцкі

Паводзіны сілавікоў на акцыях супраць дэкрэту № 3 далей будуць больш стрыманымі, лічыць палітоляг Арсен Сівіцкі.

Рэпрэсіі супраць анархістаў ды іншых затрыманых былі выкліканыя тым, што сілавікі прасоўваюць сцэнар жорсткіх рэпрэсіяў супраць удзельнікаў «маршаў недармаедаў» і лідэраў апазыцыі, каб абгрунтаваць сваё існаваньне і ня трапіць пад аптымізацыю і скарачэньне. Але Лукашэнка ў сваіх апошніх выступах дасылае сыгналы пра нармалізацыю дачыненьняў з Эўропай.

— Якім чынам будзе разгортвацца дыялёг паміж Менскам і Брусэлем у варунках канвэеру адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў акцыяў недармаедаў?

— Гэтая сытуацыя можа паўплываць на стасункі Беларусі з Захадам, калі жорсткасьць і непрапарцыйнасьць рэпрэсіяў да апазыцыі і ўдзельнікаў акцыяў пратэстаў будзе ўзрастаць. Але ня ўсё залежыць ад дзеяньняў сілавікоў, таксама і ад тых групаў, што бяруць удзел у дэманстрацыях. На жаль, існуе рызыка, што сытуацыя можа пагоршыцца, і гэта самым непасрэдным чынам паўплывае на наш дыялёг з заходнімі краінамі. Мы ведаем досьвед 2010 году, калі праз брутальныя дзеяньні сілавога блёку ў дачыненьні да ўдзельнікаў Плошчы практычна цалкам быў замарожаны дыялёг з Захадам і Беларусь апынулася ў міжнароднай ізаляцыі.

— Наперадзе новыя «маршы недармаедаў», Дзень Волі. Што павінна зьмяніцца ў паводзінах уладаў?

— Па-першае, дзяржава мусіць скарэктаваць сваю стратэгію ў дачыненьні лякалізацыі несанкцыянаваных пратэставых акцыяў і тых удзельнікаў, якія парушаюць закон. Відавочна, што гэта не павінна рабіцца ў тых формах, якія цяпер выкарыстоўвае МУС. Па-сутнасьці, выкарыстоўваючы ананімныя парамілітарныя групы, каб лякалізоўваць ачагі пратэстаў. Па-другое, палітыкі, грамадзянская супольнасьць і ўдзельнікі акцыяў таксама павінны дзейнічаць па-іншаму падчас акцыяў, каб не правакаваць сілавікоў на непрапарцыйныя захады.

— Пакуль з боку Захаду няма заяў пра вяртаньне санкцыяў.

Пакуль заходнія партнэры не ўспрымаюць тыя крокі беларускіх сілавікоў як непрапарцыйны адказ на «шэсьці недармаедаў»

— У сілавога блёку ёсьць жаданьне сарваць дыялёг паміж Менскам і Захадам. І пратэставыя акцыі даюць магчымасьць для гэтай групоўкі, якая спрабуе падарваць працэс нармалізацыі стасункаў паміж Беларусьсю і Захадам. Пакуль сытуацыя не крытычная. Пакуль заходнія партнэры не ўспрымаюць тыя крокі беларускіх сілавікоў як непрапарцыйны адказ на «шэсьці недармаедаў». Таму падстаў для вяртаньня санкцыяў няма. Але існуе рызыка, што гэтай сытуацыяй змогуць скарыстацца групоўкі ва ўладзе, якія прасоўваюць жорсткі сцэнар, як яны гэта здолелі зрабіць у 2010 годзе. Таксама ёсьць групоўкі ў межах апазыцыі, якія спрабуюць напаліць сытуацыю такім чынам, каб справакаваць улады на больш жорсткія крокі і такім чынам дамагчыся перагляду санкцыйнай палітыкі Эўразьвязу.

— Чаму сілавікі хочуць сарваць дыялёг з Захадам?

— Яны традыцыйна арыентуюцца на Расею. І таму пагаршэньне беларуска-заходніх дачыненьняў будзе на карысьць Расеі, як гэта было ў 2010 годзе. Таму што ў такім выпадку Расея зможа ўзмацніць свой уплыў на Беларусь ва ўсіх сфэрах. Сілавікі, якія заўсёды адказвалі за барацьбу з апазыцыяй, цяпер знаходзяцца ў ня самым спрыяльным становішчы. Таму што пасьля зьменаў прыярытэтаў нацыянальнай бясьпекі лічыцца, што асноўныя выклікі зыходзяць для Беларусі звонку, а не знутры. Атрымліваецца, што сілавы блёк падпадае пад аптымізацыю, якая цяпер праводзіцца. І для таго, каб абгрунтаваць неабходнасьць свайго існаваньня, гэтая групоўка і прасоўвае.

— Якая роля Лукашэнкі ў гэтым супрацьстаяньні?

— Мы бачым наўпроставыя і ўскосныя сьведчаньні таго, што сілавы блёк можа дэзынфармаваць Аляксандра Лукашэнку пра рэальную сытуацыю, што тычыцца пратэставай актыўнасьці, а таксама афіліяванасьці радыкальных груповак з Украінай, пра што так шмат гаворыць дзяржаўны агітпрап. Але ў апошніх выступах Лукашэнка падаў вельмі пазытыўныя сыгналы, якія арыентуюць грамадзтва і дзяржаўны апарат на тое, каб не дапусьціць сцэнару 2010 году, у выніку якога шматгадовая нармалізацыя дачыненьняў з Захадам была цалкам зьнішчаная. Я думаю, што сілавікі надалей будуць улічваць сыгналы, якія паслаў Лукашэнка, і паводзіць сябе больш стрымана, каб ня трапіць пад адказнасьць за падрыў нармалізацыі. Асноўным трэндам у беларускай палітыцы застаецца паляпшэньне стасункаў з Захадам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG