Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч агучыў маршрут акцыі на Дзень Волі


Мікола Статкевіч

У вечаровым эфіры тэлеканалу «Белсат» лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч агучыў пляны на 25 сакавіка ў Менску.

Ці дазволяць улады акцыю 25 сакавіка, пакуль невядома — першую заяўку згубілі, але актывісты падалі другую.

Шэсьце на Дзень Волі, паводле ягонага пляну, мае распачацца а 14-й гадзіне каля Акадэміі навук, па другі бок вуліцы ад кінатэатра «Кастрычнік», адтуль Статкевіч прапануе пайсьці па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Незалежнасьці. А на плошчы прыняць плян далейшых дзеяньняў.

Па дарозе магчымае ўскладаньне кветак да месца, дзе 25 сакавіка 1918 году была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата БНР — да колішняга «Дома Маліна», будынка па вуліцы Валадарскага, 9 (за кінатэатрам «Цэнтральны» паварот з праспэкту ў бок гатэлю «Менск»).

Дзьмітрыеў пра 25 сакавіка: «У Статкевіча ня плян, а адсутнасьць пляну»

Статкевіч: «Народ хоча менавіта мірных пераменаў»

Статкевіч у эфіры зноў абурыўся «зьбіцьцём дзяцей» і «самых слабых» перад «Маршамі недармаедаў» і пасьля іх. Моцных, кажа ён, ня білі. Статкевіч спытаў: «Як будзем выглядаць мы з вамі, калі гэта ўсё спусьцім?».

«25 сакавіка нас павінна быць вельмі шмат, — кажа Статкевіч. — Ня ўсе там як Рэмба павінны быць. Проста людзі павінны выйсьці і паказаць, што мы гэтага больш не прымаем. Калі не пакажам, то будуць па нас нагамі хадзіць і на галаву гадзіць.

Мы зьбяромся а 14-й гадзіне каля Акадэміі навук. Заяўка пададзеная, ёсьць заяўнікі на шэсьце да цэнтру Менску. Я б раіў уладзе паважаць волю народу, ягонае канстытуцыйнае права на пратэст, і даць гэты дазвол.

Але нават калі ўлада пабаіцца (а яна вельмі баіцца даваць дазвол), мы ўсё роўна пойдзем — пройдзем па нашым праспэкце. Ён дазваляе гэта зрабіць, ён шырокі. Я думаю, тыя дзясяткі тысяч людзей, якія прыйдуць, здолеюць там зьмясьціцца. Я думаю, ДАІ загадзя павінна паклапаціцца, каб спыніць рух, яны павінны клапаціцца пра бясьпеку людзей, бо на тратуарах мы ня зьмесьцімся.

Пройдзем праспэктам. Дзень Волі — дзень нашай волі да нармальнага жыцьця, але яшчэ і дзень нашай незалежнасьці. Таму я думаю, мы пойдзем да плошчы Незалежнасьці.

Пачнём зь мітынгу каля Акадэміі навук. Каля Акадэміі навук, а не кінатэатра «Кастрычнік»! Там прымем рэзалюцыю нашу. А потым пойдзем да плошчы Незалежнасьці. Па дарозе, мабыць, ускладзём кветкі да будынка, дзе гэтая незалежнасьць была абвешчаная. І на плошчы Незалежнасьці мы прымем рашэньне, як далей будзем дзейнічаць, каб мірна і спакойна дамагчыся пераменаў.

Я думаю, цяпер увесь народ хоча менавіта мірных пераменаў. Але гэта вымагае працы, гэта будзе не за адзін раз. Прыйдзецца выходзіць — магчыма, нават выходзіць часта, на акцыях ціснуць на іх, выціскаць зь іх саступкі, прымушаць размаўляць з народам.

Калі ўлада павядзе сябе няправільна, я баюся, частка народу ўжо захоча іншых пераменаў. Я засьцерагаю ад гэтага ўладу. Вы павінны даць нам права выказацца і павінны слухаць нас, таму што мы вас утрымліваем«.

Дні Волі і няволі: фоты Менску ў 90-х і сёньня

На пытаньне вядоўцы пра магчымыя рэпрэсіі з боку ўладаў да ўдзельнікаў шэсьця Статкевіч папрасіў не палохаць яго і людзей: маўляў, «калі нас будзе шмат, нас ніхто не кране».

А на пытаньне аб узгадненьні плянаў на акцыю з заяўнікамі Статкевіч заявіў, што ўзгадненьне амаль завершанае, а тыя, з кім ён размаўляў, «усе згодныя з тым, што я бяру гэтую адказнасьць на сябе».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG