Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў пра 25 сакавіка: «У Статкевіча ня плян, а адсутнасьць пляну»


Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў
Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч агучыў плян шэсьця на 25 сакавіка: ад Акадэміі навук па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Незалежнасьці, а на плошчы — прыняцьце рашэньня аб далейшых дзеяньнях.

Старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч удакладняе Свабодзе: дакладнае рашэньне пра пляны на Дзень Волі будзе прынятае аргкамітэтам пасьля поўдня 16 сакавіка. Разглядаюцца розныя варыянты, у тым ліку, калі ўлады «раптам прымуць заяўку», шэсьце да сквэру Янкі Купалы.

Пляны Статкевіча жорстка раскрытыкаваў у гутарцы са Свабодай лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

«Я не называў бы гэта плянам. Бо плян, у якім галоўны пункт „пабачым, колькі людзей зьбярэцца, а там вырашым“, — гэта адсутнасьць пляну. Адсутнасьць пляну — гэта адсутнасьць лідэрства і адказнасьці.

Тым больш мы сёньня бачым, што міліцыя і сілавікі якраз хочуць скарыстацца любой магчымасьцю, каб зьнішчыць нават тыя парасткі лібэралізацыі і нейкага дыялёгу, якія ёсьць.

Да таго ж ёсьць дзьве акцыі, як я разумею. Адна — „Баста!“, другая — Дзень Волі. Я так і не зразумеў: 25-га ў нас што будзе? „Гавары праўду“ выступае за тое, што 25 Сакавіка — Дзень Волі, дзень незалежнасьці, дзень нацыянальнага адзінства, сьвята.

Гэта вельмі важна, бо лідэры павінны сказаць, што зьбіраюцца рабіць. Калі гэта сьвята, то мы бяром кветкі, дзяцей, сем’і — і ідзём сьвяткаваць. Калі мы ідзём такім чынам, што міліцыя... ці там ня важна хто, кепскія людзі, гэтым карыстаюцца і пачынаюць бойку, сур’ёзныя дзеяньні, то гэта зусім іншае. Лідэры павінны сказаць людзям, у чым яны будуць удзельнічаць. Гэты плян пад назвай „Раптам“, умоўна кажучы, гэта кепскі плян».

Дзьмітрыеў кажа, што «Гавары праўду» хоча пачуць, які плян прыме аргкамітэт Дню Волі, а пасьля гэтага прымаць рашэньні. Але падкрэсьлівае: кампанія заўсёды ўдзельнічала ў акцыях на Дзень Волі.

«Для нас самае галоўнае ў сёньняшніх умовах — гэта бясьпека людзей. Пакуль што я, на жаль, не пачуў прынамсі ад Статкевіча, што яны будуць рабіць, каб гэтую бясьпеку гарантаваць. Спадзяюся пачуць гэта ад аргкамітэту Дню Волі», — рэзюмуе Дзьмітрыеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG