Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заяўляе пра 150 тысяч магчымых ваенных злачынстваў Расеі. Вось 5 найгоршых

Украінскія сьледчыя зьбіраюць доказы ваенных злачынстваў, меркавана ўчыненых расейскімі войскамі. Сярод іх — меркаванае забойства мірных жыхароў у горадзе Буча ў сакавіку 2022 году
Украінскія сьледчыя зьбіраюць доказы ваенных злачынстваў, меркавана ўчыненых расейскімі войскамі. Сярод іх — меркаванае забойства мірных жыхароў у горадзе Буча ў сакавіку 2022 году

Украінскія пракуроры, заходнія юрыдычныя экспэрты і журналісты зьбіралі, дакумэнтавалі і каталягізавалі доказы, якія паказваюць на магчымыя ваенныя злачынствы Расеі.

Афіцыйныя асобы кажуць, што праз тры гады пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ёсьць маса доказаў, пішуць аўтары Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Майк Экель і Сяргей Стэцэнка.

Трупы, раскіданыя па вуліцах Бучы. Ваеннапалонныя, якіх, як паведамляецца, пакаралі сьмерцю, а целы адправілі ўкраінскім уладам. Масавая гібель цывільных пасажыраў цягніка, забітых балістычнай ракетай. Украінскія дзеці, усыноўленыя расейскімі сем’ямі бязь ведама іх бацькоў.

Праз тры зь лішкам гады з моманту нападу Расеі на Ўкраіну, сьпіс меркаваных зьверстваў, ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці працягвае расьці.

Няма гарантыі, што гэты сьпіс меркаваных злачынстваў калі-небудзь апынецца ў залі суду ў Кіеве, у Гаазе ці дзе-небудзь яшчэ. Расейскія камандзіры не праяўляюць ніякага жаданьня расьсьледаваць гэтыя абвінавачаньні; Крэмль фактычна ўшанаваў воінскія часткі, якія абвінавачваюць у некаторых з самых страшных злачынстваў. А Міжнародны крымінальны суд, які ігнаруе Расея і які зазнаў жорсткую крытыку з боку Вашынгтона, усё больш зьвязаны па руках і нагах.

Тым ня менш украінскія сьледчыя і заходнія саюзьнікі Ўкраіны зьбіраюць доказы і складаюць абгрунтаваныя крымінальныя справы: у той ці іншай форме было заведзена больш за 153 000 спраў.

«Для нас толькі пытаньне часу, калі яны стануць перад судом», — сказаў украінскай службе Радыё Свабода Юры Белавусаў, сьледчы па ваенных злачынствах у Генэральнай пракуратуры Ўкраіны. «Гістарычныя прыклады паказваюць, што гэта можа заняць гады, але гэтыя справы ня будуць забытыя».

3 Years In, Evidence Of Russian War Crimes Against Ukraine Mounts
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:25 0:00

Вось пяць зь ліку самых абуральных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне.

Куды падзеліся ўсе дзеці?

Першая зь дзьвюх спраў, заведзеных Міжнародным крымінальным судом (МКС), тычыцца таго, што афіцыйныя асобы называюць сыстэмнай, высокаўзроўневай кампаніяй вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў і іх адпраўкі ў Расею.

У сваёй заяве ад 17 сакавіка 2023 году МКС заявіў, што выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і галоўнай крамлёўскай чыноўніцы ў справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай за «ваеннае злачынства незаконнай дэпартацыі (дзяцей) і незаконнага перамяшчэньня (дзяцей)» з Украіны.

Каля 20 тысяч дзяцей зьніклі бязь вестак або, як мяркуецца, знаходзяцца ў зьняволеньні ў Расеі, паводле інфармацыі ўкраінскіх уладаў.

Праваабаронцы, журналісты і ўкраінскія сьледчыя задакумэнтавалі шырокамаштабную кампанію, падчас якой украінскіх дзяцей вывозілі з акупаваных украінскіх тэрыторыяў.

Расейскія чыноўнікі часта прадстаўлялі свае намаганьні як гуманітарны жэст — нібыта яны «хаваюць, кормяць або абараняюць дзяцей ад вайны» ці разбурэньня інфраструктуры ў акупаваных рэгіёнах. Аднак у многіх выпадках расейскія ўлады не прыкладалі намаганьняў для наладжваньня кантакту з бацькамі, іншымі сваякамі або законнымі апекунамі ўкраінскіх дзяцей.

Больш за тое, паводле сьледчых, расейскія ўлады ўдзельнічалі ў «сыстэматычнай праграме прымусовага ўсынаўленьня і перадачы ў прыёмныя сем’і». У некаторых выпадках украінскіх дзяцей адпраўлялі ў летнія лягеры адпачынку ў Беларусі, дзе яны станавіліся мішэньню прарасейскай адукацыі і прапаганды.

Спадарожнікавыя здымкі за лістапад 2021 і сакавік 2022 году паказваюць галоўную царкву ў Бучы і сьвежыя магілы, выкапаныя пасьля сыходу адтуль расейскіх войскаў у сакавіку 2022 году
Спадарожнікавыя здымкі за лістапад 2021 і сакавік 2022 году паказваюць галоўную царкву ў Бучы і сьвежыя магілы, выкапаныя пасьля сыходу адтуль расейскіх войскаў у сакавіку 2022 году

Целы на вуліцах

У першыя тыдні пасьля ўварваньня расейскія войскі сутыкнуліся з упартым супрацівам украінскіх войскаў, асабліва на поўнач ад украінскай сталіцы, Кіева. Да канца сакавіка расейскае камандаваньне загадала адступіць і перагрупаваць войскі.

Пасьля адступленьня расейскіх войскаў украінскія ўлады і журналісты знайшлі ў горадзе Буча сотні мірных жыхароў, забітых стрэламі, некаторых — са зьвязанымі рукамі. Іх целы былі выкінутыя ў завулкі або падвалы. У суседнім Ірпяні ўлады выявілі дзясяткі сьвежавыкапаных магілаў, дзе былі пахаваныя целы мясцовых жыхароў, многія з агнястрэльнымі раненьнямі.

Падзеі ў Бучы і Ірпяні ўзрушылі сьвет, сарвалі перамовы аб спыненьні агню паміж Кіевам і Масквой, выклікалі рэзкую крытыку Масквы і актывізавалі падтрымку Ўкраіны.

Думка зьнешніх экспэртаў была аднадушная: доказы пераканаўча сьведчылі пра ваенныя злачынствы. Пазьней ЗША наклалі санкцыі на камандзіра дэсантна-штурмавага палку, які быў разгорнуты ў Бучы, спасылаючыся на «пазасудовыя пакараньні сьмерцю».

Украінскія ўлады заявілі, што прад’явілі 21 расейскаму вайскоўцу крымінальныя абвінавачаньні ў ваенных злачынствах, як мяркуецца, учыненых у Бучы.

Празь некалькі тыдняў пасьля таго, як гэтыя выявы сталі публічнымі, Пуцін падпісаў указ аб узнагароджаньні часткі 64-й асобнай мотастралковай брыгады, якая акупавала Бучу і прылеглы рэгіён.

Атакі на энэргетычныя аб'екты

Пасьля першапачатковых няўдач Расея перагледзела свае пляны ўварваньня. Чалавек, які прыняў на сябе камандаваньне расейскім войскам, генэрал Сяргей Суравікін, загадаў пачаць маштабную кампанію ракетных і паветраных удараў, накіраваных ня толькі на ўкраінскія вайсковыя аб’екты, але і на цывільную інфраструктуру.

Суравікін быў адхілены ад камандаваньня пасьля няўдалага мяцяжу, арганізаванага лідэрам ПВК «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным. Аднак стратэгія працягвала дзейнічаць.

Выкарыстоўваючы крылатыя ракеты паветранага і марскога базаваньня, бесьпілётнікі-камікадзэ і іншую зброю, Расея наносіла ўдары па ўкраінскай інфраструктуры, што, як сьцьвярджаюць украінскія афіцыйныя асобы, было наўмыснай спробай дэмаралізаваць і выматаць украінскае насельніцтва. Удары па электрасетцы — па электрастанцыях, трансфарматарах, лініях электраперадач — наносіліся, каб замарозіць украінцаў у зімовыя месяцы.

У сакавіку 2024 году суд у Гаазе выдаў другі пакет ордэраў на арышт расейскіх службовых асобаў — генэрал-лейтэнанта Сяргея Кабылаша і адмірала Віктара Сакалова, — абвінаваціўшы іх у ваенных злачынствах за кіраваньне паветранай кампаніяй, накіраванай на энэргетычныя аб'екты Ўкраіны.

У цэлым міжнароднае гуманітарнае права — заканадаўства аб ваенных злачынствах і аналягічных правапарушэньнях — забараняе вайскоўцам наносіць удары па цывільных цэлях, калі на тое няма законных ваенных прычын. Напрыклад, калі вайсковае падразьдзяленьне хаваецца на электрастанцыі, тады яна можа стаць аб'ектам удару.

Пакараньні сьмерцю на полі бою

У канцы сьнежня 2022 году Аляксандар Маціеўскі, вайсковец 119-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны, зьнік бязь вестак, абараняючы горад Бахмут ад расейскіх наступаў.

Праз тры месяцы ў расейскіх тэлеграм-каналах зьявілася 12-сэкунднае відэа, на якім змардаваны Маціеўскі курыць цыгарэту перад расейскімі вайскоўцамі. Пакуль тыя запісваюць украінца на відэа і зьдзекуюцца зь яго, Маціеўскі прамаўляе «Слава Ўкраіне» — патрыятычны дэвіз, які набыў папулярнасьць сярод украінцаў пасьля першага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2014 годзе. Пасьля чаго расейскі вайсковец лаецца на яго, і Маціеўскага расстрэльваюць.

Маціеўскаму пасьмяротна прысвоілі званьне Героя Ўкраіны. Паводле экспэртаў, па ўсім відаць, што ён таксама стаў ахвярай ваеннага злачынства.

Міжнароднае права забараняе пазасудовыя пакараньні сьмерцю ваеннапалонных, якія павінны знаходзіцца пад абаронай Жэнэўскіх канвэнцыяў — шматгадовай міжнароднай дамовы, падпісанай як Расеяй, так і Ўкраінай.

Паводле зьвестак ААН, зь лютага 2022 году расейскія або зьвязаныя з Расеяй сілы пакаралі сьмерцю сама меней 71 украінскага ваеннапалоннага, і сама меней 21 ваеннапалонны загінуў у расейскіх турмах. Сотні людзей заяўлялі пра катаваньні і сэксуальны гвалт у дачыненьні да іх.

Украіна таксама не бязгрэшная: маніторынгавая місія ААН зафіксавала пакараньні сьмерцю 26 расейскіх ваеннапалонных у 2022 і 2023 гадах. Сотні расейскіх ваеннапалонных таксама заяўлялі пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне з боку ўкраінскіх вайскоўцаў.

Крывавая бойня на вакзале

Раніцай 8 красавіка 2022 году сотні людзей чакалі на чыгуначнай станцыі ў горадзе Краматорск на Данбасе, калі ў станцыю трапіла ракета, пазьней ідэнтыфікаваная як балістычная ракета «Точка-У», абсталяваная касэтнымі боепрыпасамі.

Ад выбуху загінулі сама меней 58 чалавек, больш за 100 атрымалі раненьні. Гэта была адна з самых сьмяротных атак па ўкраінскіх мірных жыхарах з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Хоць ракеты «Точка-У» былі на ўзбраеньні як украінскіх, так і расейскіх сілаў, большасьць доказаў сьведчыла, што ракету запусьцілі расейскія войскі. Расейскія ўлады адмаўлялі сваю адказнасьць за атаку і сьцьвярджалі, што іх войскі не выкарыстоўвалі гэтую сыстэму.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Целы загінулых у выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па вакзале ў Краматорску, Украіна, 8 красавіка 2022 году
Целы загінулых у выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па вакзале ў Краматорску, Украіна, 8 красавіка 2022 году
Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс. Націсьніце, калі ўпэўненыя, што хочаце яго пабачыць.
Целы загінулых у выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па вакзале ў Краматорску, Украіна, 8 красавіка 2022 году

Як і ў выпадку з электрастанцыямі, міжнароднае гуманітарнае права забараняе наўмысныя атакі на цывільных асобаў або цывільную інфраструктуру. Яно таксама патрабуе ад вайсковых камандзіраў прыкладаць намаганьні, каб пазьбягаць паражэньня такіх аб’ектаў.

Гэта далёка не адзіны інцыдэнт зь людзкімі ахвярамі пры атацы на цывільныя аб’екты ва Ўкраіне. У ліпені 2024 году дзіцячая бальніца «Охматдіт» у Кіеве была сур’ёзна пашкоджаная ў выніку расейскага ракетнага ўдару; няясна, праўда, ці была атака на бальніцу мэтанакіраваная.

Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што расейская аблога Марыюпалю, партовага гораду на Азоўскім моры, у пэрыяд зь лютага па травень 2022 году — таксама ваеннае злачынства. У выніку яго тысячы мірных жыхароў загінулі або атрымалі раненьні, а сотні тысяч на цэлыя тыдні аказаліся заблякаваныя без вады, каналізацыі і электрычнасьці.

На спадарожнікавых здымках ад жніўня 2021 году (уверсе) і красавіка 2022 году (унізе) відаць шэрагі сьвежых магіл у прыгарадзе ўкраінскага партовага гораду Марыюпалю
На спадарожнікавых здымках ад жніўня 2021 году (уверсе) і красавіка 2022 году (унізе) відаць шэрагі сьвежых магіл у прыгарадзе ўкраінскага партовага гораду Марыюпалю

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў зь лютага 2022 году пацьвердзіла гібель больш як 12 600 мірных жыхароў. У ААН адзначаюць, што колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва ў мінулым годзе рэзка ўзрасла ў параўнаньні з 2023-м.

Юры Белавусаў, які ўзначальвае Дэпартамэнт вайны Офіса генпракурора Ўкраіны і адказвае за расьсьледаваньне ваенных злачынстваў, кажа, што ўкраінскія сьледчыя таксама часта сутыкаюцца зь іншай пагрозай, якую можна клясыфікаваць як ваеннае злачынства:

«Расейскія войскі часта выкарыстоўваюць „падвойныя ўдары“; яны атакуюць аб'ект, чакаюць 30–40 хвілін, пакуль прыбудуць ратавальнікі, паліцыя і пракуроры, а пасьля зноў наносяць удар, — расказаў ён у інтэрвію Радыё Свабода. — Мы ўжо страцілі сьледчых у гэтых другасных ударах, а іншыя атрымалі раненьні, калі дакумэнтавалі ваенныя злачынствы».

У напісаньні гэтага артыкула ўдзельнічала журналістка Радыё Свабода Мая Жыванавіч.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG