Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт камандуючага далёкай авіяцыяй Расеі і камандуючага Чарнаморскім флётам

Сяргей Кабылаш. Архіўнае фота
Сяргей Кабылаш. Архіўнае фота

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт камандуючага далёкай авіяцыяй Расеі Сяргея Кабылаша і камандуючага Чарнаморскім флётам Віктара Сакалова.

Абодва вайсковыя функцыянэры «меркавана нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы», а менавіта за ўдары па цывільных аб'ектах, прычыненьне шкоды цывільнаму насельніцтву, а таксама «бесчалавечныя дзеяньні», гаворыцца ў прэс-рэлізе суду.

Суд падазрае Кабылаша і Сакалова ва ўдарах па ўкраінскай электраэнэргетычнай інфраструктуры ўзімку 2022 і ўвесну 2023 году.

Першапачаткова ордэры былі сакрэтныя, але суд палічыў, што іх раскрыцьцё можа садзейнічаць прадухіленьню далейшага ўчыненьня злачынстваў.

Сяргей Кабылаш нарадзіўся ў Адэсе, узначальвае расейскую далёкую авіяцыю з 2016 году. Удзельнічаў у чачэнскіх войнах, а таксама ў уварваньні ў Грузію ў 2008 годзе.

Віктар Сакалоў нарадзіўся ў Бэндэрах, Малдова, камандуе Чарнаморскім флётам зь верасьня 2022 году.

  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
  • Пазьней стала вядома пра датычнасьць беларускіх уладаў і праўладных актывістаў да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі. Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што Расея сыстэмна перамяшчае ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі, каб утаіць іх рэальную колькасьць.
  • «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» дабіваецца выдачы ордэра на арышт афіцыйных асобаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый. Матэрыялы з доказамі перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

​
XS
SM
MD
LG