Колькасьць загінулых у Адэсе ў ноч на 2 сакавіка ў выніку трапляньня расейскага дрона «Шахед» у шматпавярховы жылы дом узрасла да дзесяці чалавек.
Пра тое, што з-пад завалаў дасталі цела дзявятага забітага, паведаміла раніцай 3 лютага служба па надзвычайных сытуацыях Украіны. Пазьней кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер напісаў, што побач зь целам дзявятай ахвяры ратавальнікі знайшлі труп дзіцяці — меркавана, ва ўзросьце да году.
Такім чынам, сярод ахвяраў атакі трое дзяцей. Раней пад заваламі ратавальнікі знайшлі целы 3-месячнага дзіцяці і ягонай маці. Пра гэта паведамілі кіраўнік Адэскай адміністрацыі Алег Кіпер і міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка.
Выратавальныя працы працягваюцца, пад заваламі яшчэ могуць заставацца людзі.
У выніку трапляньня бесьпілётніка адзін пад’езд дзевяціпавярховага жылога дома быў практычна цалкам разбураны. 18 кватэр у гэтым доме зьнішчана і, паводле папярэдніх зьвестак, яшчэ 7 пашкоджаныя,паведаміла мэрыя горада.
Расейскія вайскоўцы мэтанакіравана ўдарылі па жылым доме ў Адэсе, побач не было ніякіх вайсковых абʼектаў, — сьцьвярджае генпракурор Украіны Андрэй Косьцін. «Гэта ня проста абстрэлы, гэта палітыка, накіраваная на тэрор і зьнішчэньне ўкраінцаў. Гэта атака на жылы дом...» — прыводзіць яго словы «РБК-Украіна».
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, камэнтуючы ўдар па Адэсе, заявіў, што Ўкраіне неабходна больш сродкаў СПА ад яе партнэраў для абароны людзей.
Паводле зьвестак Сіл абароны поўдня Ўкраіны, у ноч на 2 сакавіка расейскае войска атакавала Адэскую вобласьць васьмю дронамі «Шахед». Сем зь іх удалося зьбіць. Расея ўдары па Адэсе пакуль не камэнтавала.