Расьсьледаваньне: катаваньні цывільных у Кіеўскай вобласьці былі загадам расейскага камандаваньня, а не ініцыятывай салдатаў

Целы забітых падчас расейскай акупацыі ў Бучы. Красавік 2022
Целы забітых падчас расейскай акупацыі ў Бучы. Красавік 2022

Журналісты агенцтва Associated Press і праграмы Frontline правялі супольнае расьсьледаваньне падзей падчас расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці.

Яны прыйшлі да высновы, што жорсткае катаваньне і забойствы мірных жыхароў прыгарадаў Кіева ў першыя дні вайны былі не ініцыятывай шараговых расейскіх салдатаў, а стратэгіяй іхнага камандаваньня на задушэньне любага супраціву «нацыяналістаў».

Паводле зьвестак Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў, расейскія войскі, што ішлі ў кірунку Кіева, атрымалі загады заблякаваць і зьнішчыць «супраціў нацыяналістаў». Вайскоўцы выкарыстоўвалі складзеныя расейскай выведкай сьпісы і праводзілі «зачысткі», каб «нэўтралізаваць» кожнага, хто можа несьці пагрозу.

Старшы навуковы супрацоўнік інстытуту Джэк Уотлінг паведаміў журналістам, што загады падпісваў камандуючы гэтым апэрацыйным кірункам генэрал-палкоўнік Аляксандар Чайка, вядомы сваёй жорсткасьцю ў часе свайго камандаваньня расейскай групоўкай у Сырыі.

Тыя, хто выжыў у Бучы і іншых населеных пунктах пад Кіевам, паведамілі журналістам, што расейскія вайскоўцы катавалі і забівалі грамадзян пры хаця б невялікім падазрэньні, што тыя могуць дапамагаць украінскай арміі. Жорсткасьць і зачысткі заўсёды ўзмацняліся пасьля таго, як войскі Ўкраіны наносілі кропкавыя ўдары па расейскіх пазыцыях у Кіеўскай вобласьці.

Гэтую інфармацыю журналісты змаглі пацьвердзіць, калі праслухалі перахопленыя тэлефонныя размовы, у якіх расейскія вайскоўцы казалі, што маюць загад забіваць усіх, цывільных і вайскоўцаў, а таксама ня браць украінскіх жаўнераў у палон, а адразу іх расстрэльваць.

Журналісты апублікавалі некалькі цытат з гэтых тэлефонных размоў, у тым ліку аб тым, як у палон да расейцаў трапіў 18-гадовы хлопец.

«Спачатку яму прастрэлілі ногу з аўтамата, потым яму адрэзалі вушы. Ён ва ўсім прызнаўся, і мы яго застрэлілі. Мы не бяром палонных. Гэта азначае, што мы нікога не пакідаем у жывых», — сказаў адзін з расейскіх вайскоўцаў.

Буча як сымбаль расейскай агрэсіі супраць украінцаў

Горад Буча Кіеўскай вобласьці стала сымбалем зьверства расейскіх вайскоўцаў і справай нумар адзін для праваахоўных органаў Украіны, якія расьсьледуюць ваенныя злачынствы расейскай арміі. Але такія катаваньні зафіксаваны і ў іншых украінскіх гарадах.

Расейскія войскі з пачатку красавіка адступілі з Кіеўскай вобласьці. Калі Ўкраіна пачала аднаўляць кантроль над гэтымі тэрыторыямі, на іх было зафіксавана масавае зьнішчэньне мірнага насельніцтва. У першую чаргу гаворка ідзе пра Бучу, дзе, паводле папярэдніх ацэнак, загінулі ня менш за 400 грамадзян. Агулам у Кіеўскай вобласьці ўжо знайшлі целы больш як 1200 забітых цывільных асоб.

Цяпер аналягічныя злачынствы рэгіструюць у вызваленых ад расейскіх войскаў населеных пунктах Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай абласьцей.

Сьледчыя групы Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ўжо зафіксавалі каля 40 тысяч ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі.

Кіраўніцтва Расеі і Беларусі назвалі ўсе гэтыя факты фэйкамі.

​
XS
SM
MD
LG