Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васьмёрка расейскіх алігархаў з «крамлёўскага дакладу» ЗША, якія маюць інтарэсы ў Беларусі


Ігар Сечын, архіўнае фота

Міністэрства фінансаў ЗША прадставіла так званы «крамлёўскі даклад». У ім пералічаны прозьвішчы чыноўнікаў і алігархаў, набліжаных да Крамля. Усяго ў сьпіс трапіла 210 прозьвішчаў – 114 уладных функцыянэраў і 96 бізнэсоўцаў. З амаль сотні расейскіх багатыроў добрая траціна мелі ці маюць да гэтага часу бізнэс-інтарэсы ў Беларусі.

Міхаіл Гуцэрыеў

Міхаіл Гуцэрыеў
Міхаіл Гуцэрыеў

Апошнія паўтара дзясятка гадоў рэгулярна ўваходзіць у сьпіс 100 найбагацейшых людзей Расеі паводле часопіса Forbes. На канец 2017 году знаходзіўся на 20-м месцы з багацьцем амаль 10 мільярдаў даляраў. Кантакты зь Беларусьсю пачаў завязваць у 2000 годзе. Стаў кіраўніком кампаніі «Славнефть», дзе 78% належаць расейскаму боку і 11% – беларускаму. Нафта здабывалася ў Расеі і перапрацоўвалася на Мазырскім НПЗ, дзе «Славнефть» мела долю 42,5%.

Кампанія «Славкалий» прамыслова-фінансавай групы «Сафмар» Гуцэрыева маецца ўкласьці 600 мільёнаў даляраў у пабудову Нежынскага горна-ўзбагачальнага комплексу ў Любанскім раёне.

Апошнім часам Гуцэрыеў заявіў сябе ў якасьці інвэстара ў лічбавых тэхналёгіях. Ягоны інвэстыцыйны фонд Larnabel Enterprises і кампанія VP Capital беларускага бізнэсоўца Віктара Пракапені абвясьцілі аб рэалізацыі праектаў у галіне «штучнага інтэлекту». Апроч таго, Гуцэрыеў пабудаваў у Менску гатэль «Рэнэсанс», тэрмінал у аэрапорце і рэзыдэнцыю каля Радашкавічаў. Дзякуючы яму гараж Аляксандра Лукашэнкі папоўніўся патасным «Майбахам».

Сулейман Керымаў

Сулейман Керымаў
Сулейман Керымаў

У 2011 годзе мільярдэр узначаліў кампанію «Уралкалий» і пачаў праяўляць цікавасьць да канкурэнта ў Салігорску. Аднак прапанова купіць «Беларуськалій» за 15 мільярдаў даляраў абурыла Аляксандра Лукашэнку, які хацеў удвая болей.

Праз два гады безвыніковых перамоваў «Уралкалий» прыняў рашэньне выйсьці з картэлю – «Беларускай калійнай кампаніі». На гэтых навінах сусьветны рынак калію абваліўся, цэны ўпалі ўтрая. Накіраваны на перамовы ў Беларусь гендырэктар кампаніі Вячаслаў Баўмгертнэр быў арыштаваны беларускімі спэцслужбамі, тры месяцы адбыў у турме, пад сьледзтвам за нанясеньне стратаў у асаблівым памеры.

Альянс вытворцаў калію не адноўлены дагэтуль. На фоне падзеньня акцый калійных прадпрыемстваў Сулейман Керымаў прадаў кантрольны пакет Міхаілу Прохараву і бізнэсоўцу зь беларускімі каранямі Дзьмітрыю Мазепіну.

Аляксей Мілер

Аляксей Мілер
Аляксей Мілер

Кіраўнік кампаніі-манапаліста «Газпром», якая ў 2011 годзе набыла ва ўласнасьць за 5 мільярдаў даляраў газатранспартнае прадпрыемства «Белтрансгаз». Дачыннае падразьдзяленьне атрымала назву «Газпрам-Трансгаз Беларусь» і выконвае тэхнічныя функцыі ў перапампоўваньні газу ў Заходнюю Эўропу.

Два гады таму Аляксей Мілер і Аляксандар Лукашэнка залажылі капсулу ў падмурак шматфункцыянальнага комплексу «Газпром-цэнтар» на месцы зьнесенага аўтавакзалу «Маскоўскі». Аднак будаўніцтва хмарачоса ад таго часу замарожана.

Адной з умоваў узьвядзеньня газпрамаўскай штаб-кватэры было будаўніцтва разьвязкі над праспэктам Незалежнасьці і закладка турыстычнай базы на Бярэзіне ў Асіповіцкім раёне.

Ігар Сечын

Ігар Сечын, архіўнае фота
Ігар Сечын, архіўнае фота

Кіраўнік «Роснефти» зьяўляецца стратэгічным гульцом на нафтавым рынку Беларусі. Яго інтарэсы прадстаўляе кампанія «РН-Захад». «Роснефть» стала ўласьніцай беларускіх актываў у 2013 годзе ў выніку набыцьця ў «Альфа-груп» долі ў кампаніі ТНК-ВР. Разам зь ёй да Сечына адышлі амаль паўсотні АЗС, нафтабазы, а таксама каналы перапрацоўкі на беларускіх НПЗ нафты і экспарту нафтапрадуктаў.

Мае доступ у вышэйшыя кабінэты на Маркса, 38. Пасьля скандальнай гісторыі з «Уралкалием», калі Масква прыгразіла ўрэзаць пастаўкі нафты, Сечын асабіста паабяцаў Аляксандру Лукашэнку, што забясьпечыць патрэбы Беларусі ў нафце. Праўда, за гэта прасіў надаць кампаніи статус «спэцімпартэра» — перадаць ёй увесь аб'ём увозу нафты (звыш 20 млн тон штогод) і, адпаведна, увесь экспарт атрыманых зь яе нафтапрадуктаў.

Алена Батурына

Алена Батурына, архіўнае фота
Алена Батурына, архіўнае фота

Аднай з найбагацейшых жанчын Расеі, уладальніца кампаніі «Інтэка», жонка колішняга мэра Масквы Юрыя Лужкова. Таксама «Інтэка» фігуравала сярод найбуйнейшых акцыянэраў Маскоўскай інвэстыцыйнай будаўнічай кампаніі пад эгідай ураду расейскай сталіцы.

Атрымала карт-блянш на будаўніцтва нерухомасьці ў Менску. Найбольшы аб’ём жыльля сканцэнтраваны ў мікрараёнах Лебядзіны і Маскоўскі. Апроч таго, па-за тэндэрнымі ўмовамі пастаўляла плястыкавыя крэслы для стадыёну «Дынама» ў Менску і для лядовых палацаў па ўсёй Беларусі.

Праяўляла жаданьне прыватызаваць як мінімум адзін з цэмэнтных заводаў, аднак працэс быў прыпынены зь ініцыятывы беларускіх уладаў.

Герман Грэф

Герман Грэф
Герман Грэф

У 2011 годзе завяршыліся працэдуры продажу за 280 мільёнаў даляраў дзяржаўнага беларускага «БПС-Банку» расейскаму «Сбербанку». Новая фінансавая ўстанова, якой з Масквы кіруе Герман Грэф, перайменаваная ў ААТ «БПС-Сбербанк», 98% акцый яго статутнага капіталу цяпер належыць расейскаму боку.

Летась структурнае падразьдзяленьне банкаўскай установы «Сбербанк Капитал» праявіла інтарэс да менскага даўгабуду каля будынка цырку. Замарожаны гатэль да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году пачала будаваць кампанія «Элит Эстейт» беларускага бізнэсоўца Юрыя Чыжа, аднак скончыць работы не ўдалося.

Каб стаць уласьнікам нерухомасьці, «Сбербанк» пагасіў праблемную запазычанасьць у памеры 50 мільёнаў даляраў перад камэрцыйнымі банкамі, якія фінансавалі будаўніцтва элітнага гатэлю. Актыўнасьці на аб’екце пакуль не назіраецца.

Алег Дзерыпаска

Алег Дзерыпаска
Алег Дзерыпаска

У канцы 2000-х уладальнік групы кампаній «Русские машины» пачаў абмяркоўваць з уладамі Беларусі магчымасьць прыватызацыі Менскага аўтазаводу.

Дзерыпаска прапанаваў беларускім уладам стварыць машынабудаўнічы холдынг на базе МАЗу і аўтамабільнага заводу «Урал» у Чалябінскай вобласьці. Ініцыятыва мільярдэра прадугледжвала стварэньне адзінага навукова-канструктарскага цэнтру распрацоўкі аўтамабіляў, аб'яднаньня збытавай сеткі і стварэньня канкурэнцыі сусьветным брэндам.

Аднак усё ўперлася ў статус МАЗу – дзеля стварэньня сумеснай вытворчасьці дзяржаўнае прадпрыемства трэба было акцыянаваць. У выніку беларускі бок праект замарозіў, асьцерагаючыся, што Дзерыпаска такім чынам намагаецца «пакласьці на лапаткі» канкурэнта.

Уладзімір Патанін

Уладзімір Патанін
Уладзімір Патанін

Уладальнік кіроўнай кампаніі «Интеррос» і старшыня рады дырэктараў «Норильского никеля» зьявіўся на рынку Беларусі ў канцы 1990-х. Як уладальнік «ОНЭКСИМбанка» набыў 49% «МинскКомплексБанка», аднак пасьля дэфолту 1998 году «ОНЭКСИМбанк» быў далучаны да «Росбанка». «МенскКомплексБанк» тым часам збанкрутаваў.

Другое прышэсьце ў Беларусь было ўжо са згаданым «Росбанкам», які стаў уладальнікам 99,9% «Белросбанку». 25% акцый ад той колькасьці належалі машынабудаўнічаму холдынгу «Сілавыя машыны», пад якія прабіваліся шматмільённыя кантракты на мадэрнізацыю беларускай энэргетычнай сыстэмы. Аднак у 2007 годзе холдынг набыла кампанія «ЕЭС Расеі», а «Белросбанк» быў перапрафіляваны на карпаратыўных кліентаў.

Яшчэ адна сфэра інтарэсаў Патаніна ў Беларусі — прасоўваньне сюды прадукцыі сваёй кінавытворчасьці – сэрыялаў студыі «Централ Партнершип». У яго холдынгу «ПрофМедиа» таксама знаходзіцца Rambler.ru.

Таксама Патаніна цікавіў беларускі мэдыйны сэктар. Праз куплю менскага «КомплексБанка» ён стаў саўладальнікам «Белгазеты», а ў склад «ПрофМедиа» ўваходзіў выдавецкі дом «Комсомольская правда».

***

Сярод іншых фігурантаў «крамлёўскага сьпісу» – алігархі-мільярдэры Раман Абрамовіч, Яўгеній Касьперскі, Міхаіл Фрыдман, Пётар Авен, Аркадзій і Барыс Ратэнбергі, Генадзь Цімчанка, Алег Цінькоў, Аркадзій Волаж, Міхаіл Прохараў, Аляксандар Мамут, Кірыл Шамалаў і дзясяткі іншых. Многія зь іх наўпрост ці ўскосна зьвязаныя зь бізнэс-праектамі ў Беларусі, але намагаюцца гэтую сувязь не афішаваць.

Як раней паведаміў былы галоўны каардынатар санкцыйнай палітыкі Дзярждэпартамэнту ЗША Дэніэл Фрыд, занясеньне чалавека ў «чорны сьпіс» не азначае, што супраць яго аўтаматычна ўводзяцца санкцыі. Аднак рызыка трапіць пад іх для фігурантаў нашмат вышэйшая, чым для астатніх.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG