Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін ЗША апублікаваў «крамлёўскі даклад»: у ім 210 чалавек з атачэньня Пуціна


Дзьмітры Мядзьведзеў, ілюстрацыйнае фота

«Крамлёўскі даклад» Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў быў прадстаўлены ў Кангрэсе ЗША. У ім названыя імёны 114 чыноўнікаў і 96 бізнэсоўцаў, якія маюць цесныя кантакты з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Даклад быў пададзены Кангрэсу ЗША 29 студзеня, як таго патрабуе закон «Аб супрацьдзеяньні сапернікам Амэрыкі з дапамогай санкцый» (CAATSA). Ён быў апублікаваны неўзабаве пасьля паўночы 30 студзеня.​

У даклад ўнесьлі кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, у прыватнасьці кіраўніка адміністрацыі Антона Вайно, ягонага намесьніка Аляксея Громава, прадстаўніка Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова (ён ужо заявіў, што даклад — спроба ўплыву ЗША на прэзыдэнцкія выбары ў Расеі)​, дарадцы прэзыдэнта Ўладзіслава Суркова. Таксама ў пералік трапілі сьпікер Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка, сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін, старшыня «Роснефти» Ігар Сечын, кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер, дырэктар службы ўнутранай выведкі Сяргей Нарышкін і дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў. Сярод фігурантаў «сьпісу алігархаў» таксама расейскія бізнэсоўцы Алішэр Усманаў, Раман Абрамовіч, Сулейман Керымаў, заснавальнік «Лябараторыі Касьперскага» Яўгеній Касьперскі, Пётар Авен і Ўладзімір Патанін, Аркадзій і Барыс Ратэнбэргі, Генадзь Цімчанка і Алег Цінькоў.​

Паводле Мінфіну ЗША, багацьце кожнага з «падсанкцыйных» расейскіх прадпрымальнікаў ацэньваюць у мільярд і больш даляраў ЗША.

Тое, што ў сьпісе названае імя чалавека, яшчэ ня значыць, што супраць яго ўвядуць пэрсанальныя санкцыі. Паведамляецца, што гэты сьпіс не зьяўляецца санкцыйным у дачыненьні гэтых асобаў, за выключэньнем тых, да каго абмежаваньні былі ўведзеныя раней.

У Дзярждэпе заявілі, што калі новыя санкцыі ЗША і будуць уведзеныя празь верагоднае ўмяшаньне Масквы ў выбары ў ЗША і анэксію ўкраінскага Крыму, то «яны будуць у асноўным тычыцца нерасейскіх суб'ектаў, якія нясуць адказнасьць за буйныя апэрацыі з абаронным сэктарам і выведкай Расеі».

Прэс-сакратарка Дзярждэпу Гэзэр Наўэрт казала, што новыя санкцыі ў дачыненьні канкрэтных асобаў не патрэбныя, паколькі дзейнае заканадаўства, а менавіта закон «Аб супрацьдзеяньні сапернікам Амэрыкі з дапамогай санкцый», падпісаны Дональдам Трампам у жніўні 2017 году, ужо «фактычна служыць стрымальным фактарам​.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG