Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт: ЗША ня бачаць пакуль патрэбы ў новых санкцыях супраць Крамля


Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Белы дом устрымаецца ў найбліжэйшы час ад увядзеньня новых санкцый супраць расейскіх грамадзян і расейскіх фірмаў, якія прадугледжваюцца леташнім законам «Аб супрацьдзеяньні сапернікам Амэрыкі з дапамогай санкцый», паколькі сама пагроза санкцыяў стала «інструмэнтам стрымліваньня» ў стасунках з Крамлём.

Пра гэта ўвечары 29 студзеня паведаміў прадстаўнікам прэсы неназваны супрацоўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту. Наступным аб'ектам санкцый могуць стаць замежныя дзяржавы і фірмы, якія гандлююць з расейскімі фірмамі.

Паводле прэс-сакратара дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт, у выніку дзеяньня санкцый Расея страціла мільярды даляраў патэнцыйнага прыбытку ад экспарту прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу. Ад яе закупак адмовіліся некалькі замежных дзяржаў.

Пра рашэньне адміністрацыі Дональда Трампа заканадаўцы даведаліся падчас спэцыяльных засакрэчаных брыфінгаў. Некаторыя зь іх выказалі зьдзіўленьне рашэньнем адміністрацыі, якое было прынята, нягледзячы на тое, што ў мінулым месяцы быў падрыхтаваны сьпіс расейскіх індывідуальных і юрыдычных асобаў, на якіх маглі быць накладзеныя новыя санкцыі. Улады Расеі ўжо правялі нарады па падрыхтоўцы да новых амэрыканскіх санкцый.

Эліёт Энгель, заканадавец-дэмакрат, адзін з кіраўнікоў камітэту ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, заявіў, што ён «сыты па горла» нежаданьнем адміністрацыі пакараць Крэмль за ўмяшаньне ў амэрыканскі выбарчы працэс. Аднак сэнатар-дэмакрат Бэн Кардын вітаў гатоўнасьць Белага дома караць тых, хто вядзе бізнэс з расейскім ВПК і расейскімі выведнымі службамі.

Апошні раз санкцыі ЗША супраць Крамлю былі пашыраныя 26 студзеня.

XS
SM
MD
LG