Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Украіны: Заява пра беларускіх міратворцаў на Данбасе «крыху заўчасная»


Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім, архіўнае фота

Агучаная міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем прапанова адаслаць беларускіх міратворцаў на Данбас «крыху заўчасная», перадае БелаПАН заяву амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма.

Як тлумачыць Ігар Кізім, парамэтры міратворчай місіі ААН у самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» яшчэ ня вызначаныя. Невядома, якой будзе місія і як гэта будзе рашацца. Украіна, падкрэсьліў ён, лічыць непрымальнай пазыцыю Расеі аб місіі толькі на лініі сутыкненьня прарасейскіх сэпаратыстаў з украінскімі войскамі:

«Мы настойваем на тым, што місія павінна быць задзейнічаная на ўсёй часова акупаванай тэрыторыі Данбасу, асобных рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, уключаючы кантроль над мяжой паміж Украінай і Расеяй, што часова не кантралюецца ўкраінскімі ўладамі», — растлумачыў Кізім.

Акрамя таго, склад міратворчай місіі мае быць «крыштальна чыстым, каб ніхто ня мог западозрыць місію ў неаб’ектыўнасьці», дадаў Кізім. Паводле яго, удзельнікам місіі ня мода быць «краіна, што адначасова ёсьць удзельнікам канфлікту» — Расея.

Найперш — нэўтральнасьць. У Кіеве адрэагавалі на прапанову Макея аб міратворцах

Тым часам украінскія палітыкі, у ліку якіх першая віцэ-прэс’ер Ірына Герашчанка, адзначалі, што Беларусь паводзіць сябе ня як нэўтральная краіна, галасуючы на Генасамблеі ААН супраць рэзалюцыі па правах чалавека ў акупаваным Расеяй Крыме. МЗС Беларусі тлумачыў, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту», але дагэтуль так і не сказаў, чый Крым.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG