Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: міратворцы могуць увайсьці ў Данбас толькі пасьля вываду сіл Расеі


Кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін.

Міратворцы ААН змогуць увайсьці ў Данбас толькі пасьля вываду расейскіх «узбраеньняў і наймітаў», заявіў кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін.

Паводле яго, толькі пры гэтай умове ў зону канфлікту можа быць уведзены міжнародны кантынгент і «пачацца пераходны пэрыяд, каб Данбас на сто адсоткаў вярнуўся ва ўкраінскую прававую прастору». Як паведамляе агенцтва Укрінфарм, міністар падкрэсьліў, што ня можа быць і гаворкі аб узаконьваньні расейскага пратэктарату і тэрытарыяльнага абмежаваньня мандата місіі: ён павінен ахопліваць усю непадкантрольную частку ўкраінска-расейскай мяжы.

Клімкін растлумачыў, што ўкраінскі праект рэзалюцыі будзе ўтрымліваць просьбу да генэральнага сакратара ААН накіраваць адпаведную місію, якая на месцы вызначыць неабходныя парамэтры будучага міратворчага кантынгенту і прадставіць свой даклад кіраўніку ААН.

У аўторак ТАСС паведамляў, спасылаючыся на атрыманую копію расейскага праекту рэзалюцыі, які паступіў у Раду бясьпекі ААН, што Масква прапануе — пасьля адводу войскаў і ваеннай тэхнікі ад лініі судакрананьня бакоў канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны — увесьці ўзброеных міратворцаў на паўгода і ўпаўнаважыць іх забясьпечваць толькі бясьпеку назіральнікаў АБСЭ.

Украіна выступіла супраць удзелу Расеі ў місіі ААН у Данбасе і — разам зь Нямеччынай — выказалася супраць абмеркаваньня пытаньня з сэпаратыстамі.

11 верасьня расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін выказаў гатоўнасьць улічыць права міратворцаў ахоўваць місію АБСЭ ня толькі на лініі судакрананьня бакоў канфлікту, але і ў іншых месцах у раёне супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны. 5 верасьня расейскі прадстаўнік пры ААН Васіль Небензя заявіў, што Расея накіравала ў ААН праект дакумэнту аб міратворчай місіі ў Данбасе. Раней у той жа дзень з такой ініцыятывай выступіў Пуцін.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG