Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін з Лукашэнкам праінспэктуюць вучэньні «Захад-2017». Але не ў Беларусі


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Уладзімер Пуцін праніспэктуе беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017» разам з Аляксандрам Лукашэнкам на адным з палігонаў на тэрыторыі Расеі, паведаміў расейскай газэце «Известия» прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Калі менавіта адбудзецца інспэкцыя і які палігон наведаюць Пуцін з Лукашэнкам, не ўдакладняецца. Вучэньні пройдуць 14–20 верасьня. На беларускія палігоны, паводле афіцыйных зьвестак, прыедзе тры тысячы расейскіх вайскоўцаў, усяго ў вучэньнях задзейнічаюць 7 тысяч беларускіх і 5,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў.

Паводле легенды, якую агучвалі беларускія вайскоўцы, беларускія і расейскія войскі будуць адбіваць агрэсію заходніх ворагаў, якія ўтварылі на частцы тэрыторыі Беларусі дзяржаву «Вяйшнорыю». «Известия» ж агучваюць іншую легенду: у Беларусь і Калінінградзкую вобласьць Расеі праніклі экстрэмісты, зьбіраюцца ўчыніць тэракты і дэстабілізаваць так званую «Саюзную дзяржаву», і гэтых экстрэмістаў неназваныя сілы падтрымліваюць з паветра і з мора.

Беларускі і расейскі бакі заяўляюць, што вучэньні не нясуць пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краінаў. Заходнія і паўднёвыя суседзі Беларусі турбуюцца, што Расея можа скарыстацца Беларусьсю як пляцоўкай для нападу на іншыя краіны і што Расея можа пакінуць у Беларусі свае войскі, а то і зрынуць Лукашэнку. ЗША ўмацоўваюць балтыйскае паветра перад «Захадам-2017».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG