Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы экспэрт: «Журналісты будуць прысутнічаць на вучэньнях, каб супакоіць грамадзкую думку»


Падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў "Захад-2017". 174-ы Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі, які знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне
Падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў "Захад-2017". 174-ы Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі, які знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне

Каля трох сотняў беларускіх і замежных журналістаў будуць асьвятляць вучэньні «Захад-2017», якія пачнуцца праз 2 тыдні. На манэўры запрошана больш за 80 міжнародных назіральнікаў НАТО, АБСЭ, ААН, а таксама назіральнікі і вайсковыя аташэ зь сямі дзяржаў: Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швэцыі, Нарвэгіі. Ці даведаецца звычайны чытач і глядач пра рэальную карціну манэўраў?

Мінабароны абяцае штодзённыя прэс-рэлізы і адмысловы вэб-партал

Для асьвятленьня вайсковых вучэньняў «Захад-2017» заяўкі на акрэдытацыю падалі больш за 150 замежных карэспандэнтаў. Ці ўсе атрымаюць акрэдытацыю, пакуль невядома. Начальнік прэс-службы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Мацьвееў сказаў Свабодзе, што разам зь Міністэрствам замежных спраў цяпер узгадняюцца ўсе кандыдатуры, на пачатку наступнага тыдня сьпісы будуць вядомыя.

На пытаньне, што канкрэтна пакажуць журналістам, прадстаўнікі прэсавай службы таксама пакуль не адказалі:

«Пачакайце, на наступным тыдні ўсё раскажам. У тым ліку і пра заключны этап: будзе прызначаны адмысловы прэс-дзень, калі журналістам дазволяць назіраць непасрэдна на палігонах. Але ў першую чаргу будуць выконвацца ўсе захады бясьпекі».

У прэсавай службе Міністэрства абароны запэўнілі, што «па выніках кожнага дня манэўраў будуць выдавацца прэс-рэлізы. А 12 верасьня пачне працаваць адмысловы вэб-партал, прысьвечаны вучэньням „Захад-2017“.

„Журналісты напішуць пра тое, што ім пакажуць“

Ці пакажуць журналістам рэальную карціну вучэньняў, ці дапусьцяць на палігоны? На пытаньні Свабоды адказвае экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін: Журналісты напішуць пра тое, што ім пакажуць. Іх прывязуць у пэўнае месца, пакажуць пэўную карцінку — і роўна пра тое, што ім пакажуць, пра тое яны і напішуць. Зразумела, што іх ня пусьцяць туды, куды ім хацелася б. Раней гэта называлася „ідэалягічнае забесьпячэньне“, цяпер называецца „інфармацыйнае забесьпячэньне“. Таму журналісты будуць прысутнічаць на вучэньнях для супакою грамадзкай думкі. І чым менш кваліфікаваны журналіст у вайсковай справе, тым лепш для тых, хто робіць карцінку, хто ладзіць відовішча».

Іна Студінская: Але цяпер жа ёсьць шмат сучасных мэтадаў аб’ектыўнага кантролю за ходам вучэньняў. Да прыкладу, спадарожнікі...

Аляксандар Алесін: Спадарожнікі будуць зарыентаваныя так, каб гэтая прастора не заставалася бескантрольнай ні на імгненьне. То бок за вучэньнямі ўвесь час будуць сачыць спадарожнікавыя сыстэмы назіраньня, а яны такія дакладныя, што аб’екты велічынёй 50 сантымэтраў цудоўна ідэнтыфікуюцца са спадарожніка. Таму кожная баявая машына будзе пад кантролем. Акрамя таго, існуюць розныя мэтады інфрачырвонай выведкі, электроннай выведкі. Электронная выведка будзе сачыць за радыёабменам, за працай радыёлякацыйных станцый. Усё гэта дазволіць вызначыць і колькасьць радыёлякацыйных станцый, і колькасьць радыёстанцый, якімі валодаюць часьці і падразьдзяленьні, і такім чынам пракантраляваць колькасьць войскаў на дадзенай тэрыторыі. Таму журналістаў на манэўры пускаюць, толькі каб супакоіць грамадзкасьць. Маўляў, «калі пускаюць журналістаў — значыць, няма чаго хаваць».

«Найлепшы спосаб схаваць штосьці — пусьціць як мага больш журналістаў, якія ня вельмі кваліфікаваныя ў вайсковай справе»

Іна Студінская: Знаёмыя польскія журналісты распавядалі пра натаўскія вучэньні «Анаконда-2016», дзе перад кожным эпізодам ім падрабязна ўсё паказвалі, расказвалі, тлумачылі. Беларускія военачальнікі таксама кажуць пра адкрытасьць.

Аляксандар Алесін: Ня ведаю, як беларускія вайскоўцы ў такім прыёме інфармацыйнай вайны моцныя, але найбольш прасунутыя краіны, як той казаў, паказваючы шмат, не паказваюць галоўнага. І самы лепшы спосаб схаваць штосьці — гэта пусьціць як мага больш журналістаў, якія ня вельмі кваліфікаваныя, і паказаць ім тое, што ты хочаш, і атрымаць тую інфармацыйную карцінку, якую табе трэба. Але, мяркуючы па ўсім, пакуль беларускія вайскоўцы гэтымі вышуканымі прыёмамі ня вельмі добра авалодалі, пра што сьведчыць нядопуск той маленькай групы назіральнікаў ад грамадзкасьці, якую стварала кампанія «Гавары праўду».

Я думаю, што сапраўдную карціну вучэньняў па апісаньнях журналістаў і цывільных, і вайсковых (якія працуюць на само гэтае ведамства — Міністэрства абароны) звычайны чытач, глядач, слухач не атрымае.

«Пакажуць эфэктную карцінку са стралянінай, з танкавай атакай, з ударам штурмавой авіяцыі»

Іна Студінская: А міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі НАТО, АБСЭ, вайсковыя аташэ — яны ж прафэсіяналы, ім жа пыл у вочы ня так проста пусьціць?

Аляксандар Алесін: Вядома, крыху больш убачаць прафэсійныя вайсковыя экспэрты, якіх накіруе НАТО. Штосьці ўбачаць вайсковыя аташэ сваім прафэсійным поглядам. Але іх колькасьць невялікая. Галоўнае, на што робяць стаўку вайскоўцы суседніх дзяржаваў, — гэта сродкі аб’ектыўнага кантролю, тэхнічнага кантролю. Ну, і дапускаю, што ёсьць сродкі агентурнай выведкі, якія будуць сачыць за гэтымі вучэньнямі. Але да кожнага танка і да кожнай артылерыйскай і танкавай дырэктрысы не паставіць назіральніка. Магчыма, самае галоўнае і цікавае будзе ня там, куды дапусьцяць журналістаў і назіральнікаў, а на мерапрыемствах па падрыхтоўцы, транспартаваньні, канцэнтраваньні войскаў, матэрыяльным забесьпячэньні, арганізацыі сувязі — вось гэта і будзе самымі галоўнымі элемэнтамі, якія будуць адпрацоўвацца на гэтых вучэньнях. Ну, а пакажуць эфэктную карцінку са стралянінай, з танкавай атакай, з ударам штурмавой авіяцыі, што будзе прыгожа, ярка, будзе шмат дыму і агню. Вядома, вайскоўцаў, сур’ёзных назіральнікаў гэтым не падманеш".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG