Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваны плян ахоўных захадаў на выпадак аварыі на БелАЭС


Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў плян (PDF) ахоўных захадаў у выпадку аварыі на Беларускай атамнай электрастанцыі, якая будуецца пад Астраўцом.

Міністэрству энэргетыкі даручана забясьпечыць закуп аварыйных камплектаў і сродкаў абароны для насельніцтва ў трохкілямэтровай зоне вакол БелАЭС цягам году пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю першага энэргаблёку. Цягам наступных шасьці месяцаў дзяржаўным органам даручана распрацаваць свае пляны абароны насельніцтва і тэрыторый на выпадак аварыі.

Калі на БелАЭС здарыцца аварыя, належыць рабіць тэрміновыя («звычайна цягам некалькіх гадзінаў») захады абароны. Сярод іх — эвакуацыя, дэзактывацыя людзей, укрываньне людзей, ахова органаў дыханьня і блякаваньне шчытападобнай залозы, увядзеньне абмежаваньняў у спажываньні патэнцыйна забруджаных прадуктаў. Эвакуацыя, укрываньне і інфармаваньне насельніцтва прадугледжана пры эфэктыўнай дозе апраменьваньня ў 100 мЗв за першыя сем дзён.

Плян можа ўвесьці ў дзеяньне ўрад Беларусі, калі на БелАЭС абвесьцяць «Аварыйную гатоўнасьць» або «Аварыйнае становішча». Абвясьціць аб аварыі на дзяржаўным узроўні пастанаўляюць прэм’ер-міністар або ягоныя намесьнікі, міністар па надзвычайных сытуацыях або той, хто выконвае ягоныя абавязкі.

У выпадку аварыі насельніцтва маюць апавяшчаць праз сырэны, галасавыя паведамленьні праз радыё і ТВ, тэкставыя праз SMS і «папулярныя сайты» ў інтэрнэце, машыны з гукаўзмацняльнікамі ды іншыя шляхі. Інфармацыйны цэнтар пра падзеі, зьвязаныя з аварыяй, будзе стварацца дзяржаўным інфармагенцтвам БЕЛТА.

Для распрацоўкі пляну абапіраліся на ўмоўную «рэпэрную аварыю», пры якой адбываецца вялікая працечка цеплавога носьбіта першага контуру, адключэньне актыўнай часткі сыстэмы аварыйнага ахалоджваньня і поўнае абясточваньне станцыі за першыя 24 гадзіны — такая аварыя прыводзіць да максымальнага выкіду шкодных рэчываў.

У зону папераджальных захадаў пры аварыі (радыюс — 3 км) трапляюць 8 населеных пунктаў, у зону плянаваньня тэрміновых ахоўных захадаў (радыюс — 15 км) трапляюць ужо 136 населеных пунктаў.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Нядаўняя дзяржаўная праверка БелАЭС ня выявіла «грубых парушэньняў», а што было знойдзена зь «нягрубых», не паведамлялася. На БелАЭС ужо пачалі мантаваць абсталяваньне. Ядзернае паліва чакаюць у лістападзе, электраэнэргію з Астравецкай АЭС плянуецца выдаць у сетку ў першым квартале 2019 году.

За час будоўлі БелАЭС на будаўнічай пляцоўцы было ня менш за дзясятак інцыдэнтаў з будаўнікамі, загінулі некалькі чалавек (прынамсі тры). Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі назваў такія лічбы «прымальнымі». Было некалькі выпадкаў, калі спачатку кіраўніцтва БелАЭС адмаўляла факты гібелі рабочых на будаўнічай пляцоўцы, аднак пасьля розгаласу ў СМІ ўсё ж вымушана было гэта прызнаць.

У Беларусі гучаць выказваньні пра замоўчваньне няштатных сытуацый на БелАЭС. Так, пра падзеньне і пашкоджаньне корпусу рэактара БелАЭС улады паведамілі зь вялікім спазьненьнем і толькі пасьля шырокага розгаласу ў СМІ. Гучаць таксама сумневы ў мэтазгоднасьці станцыі і бясьпечнасьці захаваньня радыяактыўных адкідаў у Беларусі.

Незадаволеныя «інфармацыйным суправаджэньнем» БелАЭС ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Так, суседняя Літва сьцьвярджае, што стрэс-тэсты БелАЭС не адказваюць на галоўныя пытаньні, сфармулявала больш за 100 заўваг пасьля вывучэньня стрэс-тэстаў, назвала 10 прычынаў не будаваць БелАЭС і рыхтуецца да аварыі на беларускай станцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG