Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі галава занятая веліччу імпэрыі, няма як думаць пра бясьпеку дзяцей


Пажар у гандлёвым цэнтры «Зімняя вішня» ў Кемераве
Пажар у гандлёвым цэнтры «Зімняя вішня» ў Кемераве

Большасьць расейскай эліты і расейскага грамадзтва нават не задумваюцца пра тое, якая сувязь паміж анэксіяй Крыму і цяперашняй трагедыяй у Кемераве. Хоць сувязь непасрэдная. Бо пакуль улада займаецца «величием страны», стварае новыя ракеты і самалёты-зьнішчальнікі — яна не дае рады дамагчыся, каб цывільныя самалёты ня падалі і кінатэатры зь дзецьмі не гарэлі. Іншымі словамі, яна ня ў стане выконваць свае галоўныя непасрэдныя функцыі.

Ад перавыбараў Пуціна мінуў усяго тыдзень. За гэты час Расея ўжо перажыла скандал і хваляваньні вакол гіганцкіх падмаскоўных сьмецьцевых палігонаў, якія труцяць навакольле і ад якіх цярпяць, зноў жа, дзеці. Палігоны не былі разьлічаныя на абслугоўваньне цяперашняй Масквы, якая непамерна разраслася з прычыны звышцэнтралізацыі Расеі — грошы высмоктваюцца з рэгіёнаў у Маскву і далей за мяжу, а людзям няма куды ехаць па добрую працу, акрамя Масквы і Пецярбургу.

«Машы дзесяць, Косьцю восем. Вось яны ўсе мае...» У Кемераве расьце колькасьць ахвяраў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:18 0:00

А цяпер — гібель некалькіх дзясяткаў людзей, у тым ліку мноства дзяцей, на пажары ў гандлёвым цэнтры ў сыбірскім Кемераве. Пажар паказаў цэлы букет тыповых праблемаў цяперашняй Расеі. Карумпаванасьць і нядобрасумленнасьць профільных дзяржаўных органаў, некампэтэнтнасьць супрацоўнікаў гандлёвага цэнтру, нізкая кваліфікацыя пажарнікаў, хлусьня і прапаганда ў цэнтральных СМІ, цынізм і абыякавасьць найвышэйшага начальства.

Дзяржава, чый прэзыдэнт палову свайго звароту да нацыі хваліцца новымі атамнымі ракетамі; дзяржава, якая пасварылася з усім сьветам і мроіць пра сябе як пра канкурэнта ЗША і Эўразьвязу — гэтая дзяржава ня ў стане гарантаваць банальную побытавую бясьпеку сваім грамадзянам. Тым самым грамадзянам, якія тыдзень таму з вынікам 77% пераабралі Ўладзіміра Пуціна прэзыдэнтам яшчэ на шэсьць гадоў.

Пратэст у Кемераве 27 сакавіка
Пратэст у Кемераве 27 сакавіка

Расея перажывае паўсюдную дэградацыю інфраструктуры, дэградацыю экстраных службаў і базавых дзяржаўных функцый увогуле. Тайная паліцыя і цэнзура працуюць; ахова здароўя, адукацыя, бясьпека — не працуюць. Як не працуе і сапраўдная грамадзянская салідарнасьць. Хутчэй за ўсё, як гэта было мінулымі разамі, пра трагедыю забудуць ужо празь месяц. Наўрад ці яна прывядзе да гучных адставак, хоць у іншых краінах у такой сытуацыі пасадаў пазбаўляюцца міністры і губэрнатары.

Больш за тое. Калісьці Пуцін выкарыстаў тэракт у школе ў Беслане дзеля таго, каб скасаваць выбарнасьць расейскіх губэрнатараў. Без асаблівых спробаў падмацаваць гэткае рашэньне лёгікай. Трагедыя ў Кемераве супала з высылкай некалькіх дзясяткаў расейскіх дыпляматаў з краінаў Эўропы і ЗША ў знак пратэсту супраць атручэньня Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі. Зручны момант для дадатковай кансалідацыі народу вакол «правадыра»?

Гэтая дэградацыя будзе працягвацца, і яе вынікам можа стаць агульны распад расейскай дзяржаўнасьці як такой. Бо дагэтуль няма сілы, якая магла б гэтаму кінуць выклік.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

«Хлусьня напалову з замоўчваньнем». Тэлекрытыкі пра асьвятленьне Кемераўскай трагедыі на расейскіх каналах

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG