Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хлусьня напалову з замоўчваньнем». Тэлекрытыкі пра асьвятленьне Кемераўскай трагедыі на расейскіх каналах


Карыстальнікі сацыяльных сетак абураныя тым, як у нядзелю асьвятлялася на расейскіх фэдэральных тэлеканалах трагедыя ў Кемераве, якая забрала жыцьці больш як 60 чалавек. Маштабы таго, што адбылося замоўчваліся, а выніковыя праграмы на Першым і «Расеі-1» больш увагі надалі трыюмфу Ўладзіміра Пуціна на выбарах, якія адбыліся тыдзень таму, і геапалітычным посьпехам Расеі, чым пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня».

Трагедыя ў Кемераве здарылася ў нядзелю, калі навіны выходзяць зь меншай частатой, а эфір у асноўным напоўнены забаўляльным кантэнтам.

Як бы ні было, экстранных выпускаў навінаў ні на Першым, ні на «Расеі 1» не было, а праграма вяшчаньня не была зьмененая. На Першым канале сюжэт аб пажары ў гандлёвым цэнтры быў паказаны ў выніковай праграме навінаў, чацьвёртым пасьля рэпартажаў пра перамогу Пуціна на выбарах і сытуацыі вакол атручваньня ў Вялікабрытаніі Сяргея Скрыпаля. На «Расеі 1» жывое ўключэньне з Кемерава адбылося ў вечаровай праграме «Весьці тыдня» — але толькі пасьля рэпартажу аб выніках выбараў прэзыдэнта.

Многіх карыстальнікаў сацыяльных сетак такая расстаноўка прыярытэтаў у выніковых праграмах фэдэральных каналаў абурыла.

За тым, як асьвятлялася ў нядзелю трагедыя ў Кемераве, сачыў і расейскі тэлекрытык Юры Багамолаў. Паводле яго, на фэдэральных тэлеканалах адбывалася «хлусьня напалову з замоўчваньнем»:

— У нядзелю сапраўды пайшла інфармацыя, але не на тэлебачаньні, а на радыё: спачатку крыніцы паведамлялі, што больш-менш усё добра. Потым высьветлілася, што хтосьці загінуў, потым паведамілі, што не загінула ніводнае дзіця, што проста нейкае дзіця было без прытомнасьці, але цяпер апрытомнела. Потым пайшло: 3, 5, 10... Ішоў лік загінулых. А ўжо да вечара, а 8 гадзіне, калі маштабы гэтай трагедыі сталі зразумелыя, Дзьмітры Кісялёў, які вёў «Весьці тыдня», сказаў пра гэтую сытуацыю ў сваім эфіры і тут жа зьехаў на Тэрэзу Мэй, пра якую, натуральна, гаварыў у іранічным ключы. У інтэрнэце, у сацсетках ішла кроніка таго, што адбываецца ў Кемераве, а Дзьмітры Кісялёў усё распавядаў аб міжнародных пагрозах, пра тое, як нападаюць на Расею, як ня любяць Расею, і якія мы малайцы.

Юры Багамолаў
Юры Багамолаў

Потым пачалася праграма Салаўёва (зразумела, што яна была запісаная раней), і там тое ж самае: Украіна, Брытанія, Амэрыка. Уся гэтая каманда палітолягаў працягвала іранізаваць над заходнімі нібыта ворагамі Расеі.

Гэта характэрны прыём і прынцып расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня

Гэта характэрны прыём і прынцып расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня — хлусьня напалову з замоўчваньнем. Фігура замоўчваньня вельмі распаўсюджаная і вельмі характэрная для нашага тэлебачаньня. Некалькі месяцаў таму была гісторыя з панажоўшчынай у школе. Пра гэта таксама спрабавалі прамаўчаць. А ў апошнія тыдні проста нейкая, можна сказаць, змова замоўчваньня. Скажам, у Валакаламскім адбылося атручэньне дзяцей газамі зь сьмецьцевага палігону. Што нам дзяржаўнае тэлебачаньне паказвала? Ды нічога яно не паказвала практычна з гэтай нагоды. Скандал з дэпутатам Слуцкім. Зноў яны яго абмінулі, хоць ён насіў вельмі важны этычны характар. А паводле трагічнага супадзеньня і ў Валакаламскай гісторыі, і ў Кемераўскай закранутыя дзеці. Дзіця — гэта залаты эталён чалавечнасьці. Чалавечнасьць на коне ў XXI стагодзьдзі. Дзіўна, наколькі дзяржаўнае тэлебачаньне і дзяржаўная журналістыка бессардэчныя ў гэтых адносінах!

— Напэўна, у нармальнай сытуацыі, калі адбываецца нейкая сур’ёзная трагедыя, супрацоўнікаў выклікаюць на працу, нягледзячы на нядзелю, перарабляюць эфір... Як вы думаеце, чаму гэтага не адбылося? Асабістая недаацэнка маштабаў трагедыі рэдактарамі? Указаньне зьверху? Страх таго, што калі адменяць сюжэты пра Пуціна, то будзе горш?

— Справа ў тым, што ёсьць нейкая інфармацыйная вэртыкаль, якая ўпіраецца ў вэртыкаль самой улады. Натуральна, яны думаюць пра тое, што каб усё канчаткова стала зразумела, трэба, каб былі ньюсьмэйкеры, якія б усе патлумачылі... Але ўяўляеце, адбываецца такая трагедыя, ідзе інфармацыя аб тым, што ёсьць ахвяры, а Дзьмітры Кісялёў у гэты час распавядае, якую выдатную назву ён прыдумаў для новай ракеты і выдае гэтую назву — «Попел». А ён жа ведае пра тое, што адбылося! Гэта самая характэрная падрабязнасьць нашага тэлебачаньня. Словаў пры гэтым не знаходзіцца! Што тычыцца саміх супрацоўнікаў, то яны ўсе вельмі розныя. Я думаю, што яны настолькі залежныя, настолькі прымусовыя... Але разам з тым выветрылася такое пачуцьцё — годнасьць прафэсіі, — мяркуе Юры Багамолаў.

Вот что происходило в эфире российского ТВ, пока из Кемерова приходили все новые и новые сообщения о жертвах трагедии.

На думку журналісткі Арыны Барадзіной, пераменшваньне маштабаў трагедыі на тэлебачаньні магло быць узгодненае з уладамі:

— Прыняць такое рашэньне самастойна каналам усё ж ня так проста. Гэта ня значыць, што гэта іх апраўдвае, ні ў якім разе! Але сынхранізацыя двух галоўных агульнанацыянальных каналаў на тле такой трагедыі зьвяртае на сябе ўвагу. Я магу памыляцца, вядома, але думаю, што гэта ўзгодненае і санкцыянаванае асьвятленьне. Калі на першае месца і на Першым канале, і на «Расеі 1» выходзяць 20-хвілінныя блёкі пра вынікі выбараў і трыюмф Уладзіміра Пуціна, пра тое, якая гэта была гістарычная перамога, які гэта быў рэкорд, а вядучыя гэтых праграмаў Фадзееў і Кісялёў проста захлёбваючыся пра гэта кажуць... Цяжка ўявіць, што каналы, якія жывуць у сучасным сьвеце і аснашчаныя тэхнікай паводле апошняго слова, ня бачаць, што адбываецца. Яны манітораць інтэрнэт, сацсеткі, у іх ёсьць карэспандэнцкія бюро ў Кемераве. Яны ведаюць пра маштаб трагедыі, але яны выпадкова або, як нехта тут мне напісаў, зь ляноты ставяць на першае месца выбары, а навіну аб трагедыі ўжо праз паўгадзіны пасьля пачатку выпуску. Я ў такія супадзеньні ня веру, іх проста ня можа быць. Гэта выніковыя праграмы, а не штодзённы бягучы выпуск навін. У нядзелю ўвечары выпускі навін выходзяць толькі ўдзень. Пра маштаб трагедыі яшчэ было ня вельмі зразумела. Асноўная інфармацыя паводле маскоўскага часу а 20:00 і а 21:00 ужо была з Кемерава. Вядома, яны разумелі, што там адбываецца. Тым ня менш, у іх была зьвярстаная праграма, і галоўная тэма — гэта выбары Пуціна.

Арына Барадзіна
Арына Барадзіна

— Чаму ўсю драму адклалі менавіта да панядзелка?

— У мінулую нядзелю былі выбары, і праз тыдзень выніковыя праграмы былі прысьвечаныя вынікам галасаваньня. Рапартавалі аб тым, як шыкоўна галасавала краіна, як пераможна стаў лідэрам Пуцін. Ніхто ніяк не хацеў мяняць гэты парадак дня. Хоць да гэтага часу ўжо быў вядомы маштаб трагедыі ў Кемераве. Яны сказалі, што 5-7 чалавек загінулі, а 35 прапалі бязь вестак. Там яшчэ цынізм асаблівы быў у «Вестках тыдня», калі паказалі спачатку 20 хвілінаў пра выбары прэзыдэнта, як гэта ўсё было выдатна. Потым распавялі пра Кемерава — 3 хвіліны, а потым на 8 хвілінаў быў вялікі сюжэт Вольгі Скабеевай, якая распавядала, як 8 мільёнаў расейцаў галасавалі за назву ядзернай ракеты. Я лічу, што гэта такі прафэсійны цынізм. Потым анонс фільма пра Пуціна і яшчэ анонс пра Пуціна. І так бясконца.

— На ваш погляд, ці ня страчаны канчаткова прафэсіяналізм расейскіх фэдэральных каналаў? Ці зможа расейская тэлежурналістыка адрадзіцца ў выпадку нейкіх глябальных палітычных пераменаў у краіне?

Дэградацыя прафэсіі надзвычайная

— Прафэсіяналізм, як гэта парадаксальна і жорстка ні гучыць, ня зьнік. Усё залежыць ад улады, ад бягучага парадку дня. Як зручна ўладзе, так яны і працуюць. Яны цалкам падпарадкаваныя, залежныя. Зьменіцца ўлада, зьменіцца палітыка ў дачыненьні да СМІ, усе адразу ўзгадаюць пра тое, як трэба. Але нават цяпер працуюць людзі, якія калісьці працавалі падчас катастрофаў, надзвычайных сытуацыяў. Яны, вядома, памятаюць, як трэба. Хоць дэградацыя прафэсіі надзвычайная! І менавіта ў такіх катастрофах яна вельмі моцна выяўляецца, — лічыць расейскі тэлекрытык Арына Барадзіна.

У Расеі абвясьцілі 28 сакавіка днём жалобы па ахвярах пажару ў Кемераве

«Машы дзесяць, Косьцю восем. Вось яны ўсе мае...» У Кемераве расьце колькасьць ахвяраў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:18 0:00

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG