Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшы фільм — «Форма вады». Хто яшчэ атрымаў «Оскара». Відэа


Ілюстрацыйнае фота

У Лос-Анджэлесе 4 сакавіка прайшла цырымонія ўручэньня прэміі Амэрыканскай кінаакадэміі.

Фільмам году названая «Форма вады» рэжысэра Гіерма дэль Тора. Сам дэль Тора атрымаў статуэтку як найлепшы рэжысэр. «Форма вады» расказвае гісторыю каханьня нямой прыбіральніцы ў сакрэтнай амэрыканскай лябараторыі часоў халоднай вайны і «аб’екта» экспэрымэнтаў — чалавека-амфібіі. Фільм таксама атрымаў «Оскараў» за найлепшую музыку да фільму і найлепшую працу мастака.

Пэрсанаж «Формы вады» — «зь менскім акцэнтам»

Найлепшай акторкай названая Фрэнсіс МакДорманд за галоўную ролю маці, якая змагаецца з паліцэйскім бязладзьдзем пасьля забойства дачкі ў «Трох білбордах на мяжы Эбінга, Місуры». Выканаўца ролі кепскага паліцыянта Сэм Рокуэл атрымаў «Оскара» як найлепшы актор другога пляну.

Найлепшым акторам названы Гэры Олдман, які выканаў ролю Ўінстана Чэрчыля ў першыя месяцы Другой усясьветнай вайны ў «Найцямнейшай гадзіне». Фільм атрымаў таксама «Оскара» за найлепшы грым.

Працяг кібэрпанк-баевіка пра андройдаў, якія лічаць сябе людзьмі, «Бягун па лязе 2049» атрымаў «Оскараў» за найлепшыя спэцэфэкты і працу апэратара.

Вайсковая драма «Дэнкерк», якая паказвае адступленьне брытанскіх войскаў з Францыі на пачатку Другой усясьветнай вайны, атрымала ўзнагароды за найлепшы мантаж, найлепшы гук і найлепшы мантаж гуку.

Праваабаронцы прасілі пазбавіць «Дэнкерк» намінацыяў на прэмію «Оскар» праз выкарыстаньне працы зьняволеных

Прыз за найлепшы сцэнар атрымаў фільм «Прэч», які пачынаецца як мірная паездка цемнаскурага хлопца да «белых» бацькоў ягонай дзяўчыны, а завяршаецца як фантастычны трылер. Найлепшы адаптаваны сцэнар — «Заві мяне сваім імем».

Найлепшым фільмам на замежнай мове зазвалі чылійскую «Фантастычную жанчыну». Жанчына ў фільме — афіцыянтка Марына, да якой сышоў ад жонкі значна старэйшы за яе мужчына. Мужчына памірае пры загадкавых абставінах, а Марына, як выяўляецца, транссэксуал.

Найлепшы поўнамэтражны мультфільм — «Таямніца Кока» пра мэксыканскага хлопца, які марыў стаць музыкам, натхнёны прыкладам славутага сьпевака, ды рос у «антымузычнай сям’і». На мэксыканскія «Дзяды» хлопцу давядзецца прасіць дапамогі памерлых сваякоў у сьвеце мёртвых. У мультфільма таксама «Оскар» за найлепшую песьню — «Remember Me», палова якой выкананая на гішпанскай мове, палова — на ангельскай.

«Ікар», прысьвечаны скандалу са спансаваным дзяржавай допінгам у зборнай Расеі на алімпійскіх гульнях у Сочы, атрымаў «Оскара» як найлепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм.

Зусім бяз «Оскараў» засталіся намінант на пяць статуэтак «Лэдзі Бёрд», намінанты на чатыры статуэткі «Зорныя войны. Апошнія джэдаі» і «Мадбаўнд» і іншыя.

Што трэба «Беларусьфільму», каб зьняць кіно на «Оскара»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG