Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Створыць перашкоды руху» і «парушыць правы жыхароў»: Навальнаму не дазволілі мітынг у Маскве


Аляксей Навальны, архіўнае фота
Аляксей Навальны, архіўнае фота

Гарадзкія ўлады Масквы не дазволілі антыкарупцыйны мітынг, заяву на які падаваў апазыцыянэр Аляксей Навальны. Скан ліста Навальны перадае на асабістым сайце.

Навальны адзначае, што дакумэнт не дазваляе і не забараняе мітынг. Паведамляецца толькі, што мітынг у форме, заяўленай Навальным, «пацягне парушэньне функцыянаваньня аб’ктаў жыцьцезабесьпячэньня, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры, створыць перашкоды руху пешаходаў і транспартных сродкаў, абмяжуе доступ грамадзянаў да жылых памяшканьняў, парушыць правы і інтарэсы грамадзянаў, якія не бяруць удзел у мерапрыемстве». У заяўленым месцы правядзеньня, пішуць гарадзкія ўлады, «адсутнічае пляцоўка да яго правядзеньня з заяўленай колькасьцю ўдзельнікаў».

Альтэрнатыўнай пляцоўкі Навальнаму не прапануюць, хоць мусяць тое рабіць паводле закону.

Мітынгі пад назвай «Ён вам не Дзімон» (такую назву мела расьсьледаваньне каманды Навальнага пра карупцыйныя схемы атачэньня прэм’ера Мядзьведзева) быў заяўлены на 26 сакавіка ў 79 гарадах Расеі. Паводле словаў Навальнага, мітынгі спачатку дазвалялі, але затым сталі забараняць. Адзін зь мітынгаў — у Ніжнім Ноўгарадзе — забаранілі, патлумачыўшы ранейшы дазвол «тэхнічным збоем кампутара».

Навальны тым часам зьбіраецца выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі ў 2018 годзе. Гэта яму можа ня даць зрабіць суд: Навальны быў асуджаны ў 2013 годзе да ўмоўнага тэрміну па «справе Кіраўлесу». Той прысуд быў скасаваны пасьля прызнаньня яго неправамоцным Эўрапейскім судом па правах чалавека ў 2016 годзе. Але ў 2017-годзе Навальнаму быў вынесены паўторны прысуд, які капіяваў першы. Навальны зьбіраецца абскарджваць вынесены вэрдыкт і не адмаўляецца ад плянаў ісьці кандыдатам у прэзыдэнты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG