Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён вам не Дзімон»: Фонд барацьбы з карупцыяй апублікаваў расьсьледаваньне пра «тайную імпэрыю Мядзьведзева»


Дзьмітрый Мядзьведзеў

Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага апублікаваў расьсьледаваньне, прысьвечанае расейскаму прэмʼер-міністру Дзьмітрыю Мядзьведзеву.

Раней ФБК ўжо зьвяртаў увагу на карупцыйныя сувязі і нерухомасьць Дзьмітрыя Мядзьведзева, знайшоўшы яго таемную дачу ў горадзе Плёс Іванаўскай вобласьці.

У новым расьсьледаваньні «Ён вам не Дзімон. Палацы, яхты, вінаграднікі — тайная імпэрыя Дзьмітрыя Мядзьведзева» гаворка ідзе пра нерухомасьці і дарагія хобі прэмʼер-міністра ў Расеі і за мяжой. Прэс-сакратар Мядзьведзева Натальля Цімакова назвала расьсьледаваньне ФБК «прапагандысцкім выпадам», заявіўшы, што камэнтаваць яго «бессэнсоўна».

Як лічаць аўтары расьсьледаваньня, вобраз чыноўніка, якога ніхто не ўспрымае ўсурʼёз, створаны штучна. Насамрэч Дзьмітрый Мядзьведзеў — «стваральнік і кіраўнік велізарнай, шматузроўневай карупцыйнай схемы».

У прыватнасьці, паводле зьвестак ФБК, сядзібу на Рублёўцы коштам каля 5 мільярдаў рублёў структурам, зьвязаным зь Мядзьведзевым, падарыў алігарх Алішэр Усманаў. У ФБК гэты «падарунак» назвалі «хабарам».

Акрамя гэтага, як сьцьвярджаюць расейскія змагары з карупцыяй, зь Мядзьведзевым зьвязана яшчэ адна сядзіба на Рублёва-Усьпенскай шашы, а таксама рэзыдэнцыя ў Курскай вобласьці, асабняк у Пецярбургу, два ўчасткі каля мора ў Краснадарскім краі, асабняк пад Сочы, вінаграднікі пад Анапай і ў Італіі і сядзіба ў Іванаўскай вобласьці, пра якую паплечнікі Навальнага заяўлялі яшчэ ў мінулым годзе.

ФБК таксама паведамляе пра дзьве яхты, якія аформленыя на блізкую да Мядзьведзева структуру. У фондзе Навальнага заяўляюць, што абʼём сродкаў фондаў і кампаній, якія кантралюе кіраўнік расейскага ураду, складае як мінімум 70 мільярдаў рублёў. Крыніцамі гэтых грошай, акрамя Ўсманава, названыя акцыянэры газавай кампаніі «Новатэк» Леанід Міхельсон і Леанід Сіманоўскі, а таксама «Газпромбанк» і «Башнафта». Большасьць сродкаў, паводле зьвестак ФБК, выводзяцца на афшорныя рахункі.

На падставе гэтай інфармацыі Навальны абвінаваціў Мядзьведзева ў стварэньні «шматузроўневай карупцыйнай схемы» і «атрыманьні хабараў ад алігархаў». Апазыцыянэр заяўляе, што «ў абслугоўваньні схемаў» кіраўніка ўрада задзейнічаныя тысячы людзей, а ягоную нерухомасьць ахоўваюць дзяржаўныя спэцслужбы.

Супрацоўнікі ФБК знайшлі, апісалі і дакумэнтальна даказалі існаваньне сеткі дабрачынных і некамэрцыйных фондаў, арганізаваных даверанымі асобамі і сваякамі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Пра тое, як праводзілася расьсьледаваньне, Радыё Свабода распавёў супрацоўнік ФБК Аляксея Навальнага Георгій Албураў:

— Гэта самае вялікае расьсьледаваньне ФБК, якое мы калі-небудзь выпускалі, яно больш за Чайку (генэральны пракурор Расеі — РС) і ўжо пагатоў больш за ўсё астатняе, што было да гэтага. Мы ў канцы лета — пачатку восені выпусьцілі вялікае расьсьледаваньне, таксама па Мядзьведзеву, па Плёсу, па рэзыдэнцыі, якую яму падарылі алігархі Міхельсон і Сіманоўскі. А далей мы проста ішлі па ланцужку ад гэтага, знаходзілі дадатковыя факты, знаходзілі перапіску, дзе ён замаўляў вопратку...

Вось, уласна, зьвязаўшы разам розныя факты, мы ў выніку прыйшлі да цэлай грандыёзнай карупцыйнай імпэрыі, дзе ёсьць вінаграднікі ў Анапе, вінаграднікі ў Таскане, горная рэзыдэнцыя, дзьве сядзібы на Рублёўцы... Складана апісаць гэта парай словаў, расьсьледаваньне вельмі вялікае, і яно проста паказвае, што чалавек выдаткаваў 70 мільярдаў рублёў на забавы — на палацы, вінаграднікі, яхты. 70 мільярдаў рублёў, якія яму выдзелілі алігархі, калі ён яшчэ быў прэзыдэнтам, і яму працягваюць выдзяляць гэтыя грошы.

— А якія крыніцы яго даходаў? Хто даваў і працягвае даваць яму грошы?

— Мы ў нашым расьсьледаваньні надалі гэтаму вялікую ўвагу і вельмі выразна расьпісалі з доказамі, з фактурай, адкуль паступаюць грошы. Алігарх Алішэр Усманаў падараваў сядзібу на Рублёўцы коштам 5 мільярдаў рублёў, проста па дамове дарэньня нерухомай маёмасьці на некамэрцыйны фонд, які кантралюе Мядзьведзеў.


— Цяжка вам было знайсьці ўсю гэтую нерухомасьць, вінаграднікі? Якімі крыніцамі вы карысталіся?

— Усё ў нас заснавана на адкрытых крыніцах, мы да кожнага слова прыкладаем спасылачку. Гэта можна паглядзець у тэкставай вэрсіі нашага вялікага расьсьледаваньня, там усё зручна разьбіта па кіраўніках, са спасылкамі на дакумэнты, кожны можа праверыць, прама зараз зайсьці і сам правесьці дакладна такое ж расьсьледаваньне, якое мы правялі. Проста ішлі крок за крокам ад адной кампаніі да іншай, ад аднаго даверанай асобы да іншай, і ў нейкі момант уся гэтая сыстэма замкнулася. Здавалася б, розныя людзі з абсалютна розных кампаній пачалі перасякацца, недзе адзін чалавек быў у адной кампаніі дырэктарам, у іншы ён стаў заснавальнікам.


Прачытаць больш можна тут.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG