Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меркаваньні ўкраінскіх палітолягаў: Адказам можа быць высылка беларускага дыплямата


Пасольства Беларусі ў Кіеве

Прадстаўнікі дыпляматычнага сэктару Ўкраіны мяркуюць, што ўкраінская ўлада ў адказ на абвяшчэньне ўкраінскага дыплямата Ігара Скварцова пэрсонай нон-грата ў Беларусі мае выслаць беларускага дыплямата.

«Я не знаёмы зь Ігарам Скварцовым, але мяркую, што ў такім выпадку дыпляматычнага канфлікту, вядома, прымяняецца прынцып сымэтрыі. Але ці наважацца нашы ўлады пайсьці на такія сымэтрычныя дзеяньні, я маю сумнеў», — сказаў Свабодзе дырэктар Інстытуту вонкавай палітыкі, палітоляг Рыгор Перапяліца.

Рыгор Перапяліца (Григорій Перепелиця)
Рыгор Перапяліца (Григорій Перепелиця)

Суразмоўца Свабоды дадаў, што разглядае справу ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, у рамках якой дыплямата абвясьцілі пэрсонай нон-грата, «стандартнай» практыкай, характэрнай для часоў вайны або ваенна-палітычнага крызісу ў адносінах паміж краінамі.

«Тут такі суправаджальны працэс у расейска-ўкраінскай вайне, паколькі Беларусь — найбольш адданы сатэліт Расеі. І мы бачым, што Беларусь становіцца цяпер асноўным полем правакацый супраць украінскіх грамадзян, украінскіх журналістаў, прадстаўнікоў Украіны, тэрыторыяй, дзе расейскія спэцслужбы паводзяць сябе як дома, прыкрываючыся беларускім сувэрэнітэтам», — сказаў Рыгор Перапяліца.

Багдан Ярэменка (Богдан Яременко)
Багдан Ярэменка (Богдан Яременко)

Кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Майдан замежных спраў», былы генэральны консул Украіны ў Турэччыне Багдан Ярэменка таксама перакананы ў неабходнасьці ўхваленьня аналягічнага рашэньня ў дачыненьні да беларускага дыплямата.

«Якія могуць быць іншыя варыянты? Беларусь „малюе“ справу аб шпіянажы, аб тым, што Ўкраіна — грубая, агрэсіўная, праводзіць нешта незаконнае і дрэннае на тэрыторыі Беларусі. Хоць вінаваціць журналіста, які займаўся расьсьледаваньнем справы Паўла Грыба... Напэўна, высьвятляць лёс свайго грамадзяніна — гэта не агрэсіўныя намеры. Ствараецца ўражаньне аб агрэсіўных дзеяньнях украінскіх спэцслужбаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта спроба перакласьці праблемы з хворай галавы на здаровую», — сказаў дыплямат.

У той жа час Міністэрства замежных спраў Украіны пакуль не камэнтуе сытуацыю, зьвязаную з абвяшчэньнем украінскага дыплямата Ігара Скварцова пэрсонай нон-грата ў межах справы пра шпіянаж украінскага журналіста Паўла Шаройкі, які працаваў уласным карэспандэнтам «Украінскага радыё» ў Беларусі апошнія 2,5 года.

«Гэта лухта», — амбасадар Украіны пра «сетку ўкраінскіх шпіёнаў» у Беларусі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG