Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пункце пра мовы «закону аб этыкетках» заменяць «або» на «і/або». Анісім: «Невялікая, але перамога». Случак: «Гэта параза»


Ілюстрацыйнае фота

Карыстальнікі байнэту пачалі абмяркоўваць тэкст законапраекту «Аб абароне правоў спажыўцоў», прынятага Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні 17 траўня.

Дакумэнт цяпер мае зацьвердзіць Савет Рэспублікі (ён рэдка адхіляе законапраекты — апошняя навіна пра гэта датаваная 2006 годам) і падпісаць Аляксандар Лукашэнка (ён крыху часьцей вяртае законапраекты на дапрацоўку: так ён рабіў, напрыклад, зь бюджэтам на 2018 год).

Што ў праекце пра мовы этыкетак

Важнае адрозьненьне законапраекту ад ранейшага закону — у фармулёўцы пра мову, якую трэба выкарыстоўваць на этыкетках беларускіх тавараў. Дзейны цяпер закон мае такую фармулёўку: інфармацыя аб таварах на ўпакоўках і этыкетках мае быць «на беларускай або расейскай мове», гэта значыць, этыкетка на дзьвюх мовах адразу нібыта не дазваляецца.

Гэтую фармулёўку ў законапраекце прапануюць замяніць на «на беларускай і (або) расейскай» — даць права пісаць і на адной з моваў, і на абедзьвюх адначасова.

Анісім: варыянт «толькі і, без або» не ўхвалілі

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім кажа Свабодзе, што лічыць прыняцьце законапраекту з такой фармулёўкай невялікай, але ўсё ж перамогай.

Алена Анісім, архіўнае фота
Алена Анісім, архіўнае фота

«Вялікія спрэчкі, баталіі вяліся яшчэ да таго, як закон быў прыняты ў Палаце прадстаўнікоў, — расказвае Анісім. — Гэтыя спрэчкі ўзьніклі, бо ў ранейшым тэксьце аддавалася перавага адной з моваў.

Неабавязковасьць выкарыстаньня беларускай мовы была выкліканая тым, што ва ўмовах Мытнага саюзу і Эўразійскага эканамічнага саюзу патрабаваньне ёсьць, каб на этыкетках абавязкова была расейская мова. Таму выбар вытворцаў выпадаў на расейскую».

Фармулёўка «на беларускай і расейскай мовах» не праходзіла праз Палату прадстаўнікоў (асабліва ёй супраціўляліся вытворцы прадукцыі), кажа Анісім, таму і быў прапанаваны варыянт «і/або». «Толькі і» дагэтуль увогуле амаль не сустракалася ў заканадаўстве, дадае яна: так, не атрымлівае падтрымкі Палаты прапанова прымаць законы адначасова на абедзьвюх мовах.

«Я не разумею шуму вакол адной гэтай фармулёўкі: такая існуе ў многіх заканадаўчых актах, — адзначае Анісім пра варыянт «і/або». — Я думаю, наўрад ці нехта [Савет Рэспублікі ці Аляксандар Лукашэнка] будзе зьмяняць яе, бо яна хоць і непрымальная для мяне, але цалкам лягічная ў той заканадаўчай сфэры, якая на сёньняшні дзень існуе».

Цяперашнюю фармулёўку яна называе «кампраміснай», але перакананая, што беларускамоўных этыкетак можа стаць больш. Паступова зьяўляюцца тавары з этыкеткамі па-беларуску, беларускамоўныя брэнды, рэклямныя агенцтвы, якія працуюць зь беларускай мовай. Цяпер «чым больш грамадзтва будзе дэманстраваць сваю зацікаўленасьць» у таварах зь беларускамоўнымі этыкеткамі і чым лепшай будзе сама прадукцыя ў «беларускамоўных» пакунках, тым больш будзе беларускай мовы на этыкетках.

Случак: беларуская мова застаецца неабавязковай, а расейская — абавязковай

Юрыст Ігар Случак, які ў інтэрнэце атрымаў мянушку «моўны інспэктар» за скаргі на парушэньні законаў у дачыненьні беларускай мовы, мяркуе, што прыняцьце закону з фармулёўкай «і/або» будзе паразай для прыхільнікаў беларускай мовы. Ён кажа, што яшчэ спадзяецца, што праект закону адхіляць на адным з наступных этапаў і вернуць тэкст на дапрацоўку, каб у законе зьявіўся толькі злучнік «і».

Ігар Случак, архіўнае фота
Ігар Случак, архіўнае фота

«І раней можна было выкарыстоўваць беларускую і расейскую адначасова, — заяўляе Случак. — Фармулёўка «або» ў законе не забараняе выкарыстаньня абедзьвюх дзяржаўных мовах на этыкетках, бо ў Канстытуцыі пра дзяржаўныя мовы запісаны злучнік «і», а калі нейкі нарматыўна-прававы акт не адпавядае Канстытуцыі, дзейнічае той акт, які вышэйшы па сіле».

Ён сьцьвярджае, што фармулёўка «і/або» толькі «ўводзіць у зман» прабеларускую супольнасьць: паказвае, што «нібыта нейкія зрухі ў беларусізацыі ёсьць», пакуль беларуская мова засталася ў Беларусі неабавязковай і неабароненай. Раней Случак таксама прапаноўваў рабіць шыльды з назвамі вуліцаў абавязкова на дзьвюх дзяржаўных мовах, каб «абараніць абавязковасьць» беларускай мовы.

«Тэхнічныя рэглямэнты ЭАЭС, якія дзейнічаюць і на тэрыторыі Беларусі як часткі ЭАЭС, патрабуе, каб інфармацыя даводзілася да спажыўца на расейскай або расейскай і беларускай мовах, — дадае Случак. — Гэта значыць, на тэрыторыі Беларусі цяпер нельга выкарыстоўваць толькі беларускую мову, нават калі тавар распаўсюджваецца толькі на тэрыторыі Беларусі.

Гэты законапраект не адпавядае Канстытуцыі, бо беларуская і расейская пастаўленыя ў няроўныя ўмовы: адпаведна міжнародным прававым актам расейская мова на тэрыторыі Беларусі зьяўляецца абавязковай, а беларуская не зьяўляецца абавязковай — толькі дадатковай».

«Вапрос языка» і «язык вапроса»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG