Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крама, якая адмовілася ўзяць на працу беларускамоўнага хлопца, папрасіла прабачэньня


Ілюстрацыйнае фота

Кіраўніцтва кампаніі «Спорт Ф’южн» папрасіла прабачэньня «за ганебныя паводзіны і недастатковую кампэтэнтнасьць свайго супрацоўніка, які перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы», паведамляе «Белсат».

У лісьце ТАА «Спорт Фʼюжн», напісаным па-беларуску, запэўніваюць, што асабістае меркаваньне супрацоўніка не зьяўляецца афіцыйнай пазыцыяй сеткі крамаў Adidas-Reebok, і адзначаюць, што супрацоўнік будзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці.

«У нас працуюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, асноўны наш пакупнік — грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Таму наша кадравая палітыка ніколі не разглядала беларускую мову як перашкоду для працаўладкаваньня і працы з кліентамі. Больш за тое, беларускую мову мы лічым важным станоўчым фактарам пры выбары спэцыяліста», — адзначаецца ў лісьце.

Таксама Ягору Тубелевічу прапанавалі, «нягледзячы на непрыемны інцыдэнт», непасрэдна зьвярнуцца ў кадравую службу крамы для сумоўя і магчымага працаўладкаваньня.

Карыстальнік Twitter Ягор Тубелевіч раней апублікаваў у сваім акаўнце скрыншоты размовы з прадстаўніком крамы «Adidas», якая месьціцца ў гандлёвым цэнтры «Корона-Замок», зь якіх вынікае, што прадстаўнік крамы адмовіў яму ў прыёме на працу праз тое, што ён размаўляе па-беларуску.

​У перапісцы прадстаўнік крамы перапытвае, ці кандыдат размаўляе па-беларуску ў паўсядзённым жыцьці, запрашае на сумоўе пры ўмове таго, што кандыдат «зможа ў краме размаўляць на расейскай мове».

Кандыдат перапытвае, ці значыць гэта, што яму адмаўляюць у працы «толькі таму, што чалавек выкарыстоўвае дзяржаўную мову», на што атрымлівае станоўчы адказ: «Вы ўсё слушна зразумелі».

Пазьней кіраўнік крамы Эдуард пацьвердзіў у камэнтары «Белсату», што ён «так вырашыў, што зь беларускай мовай мы не прымаем».

Юрыст Ігар Случак, вядомы ў інтэрнэце як «моўны інспэктар» праз звароты наконт выкарыстаньня беларускай мовы, падаў у Менгарвыканкам скаргу на краму — патрабуе прыцягнуць да адказнасьці яе кіраўніка, які адмовіў чалавеку ў працы паводле моўнай прыкметы. Ён кажа, што такія заявы ўжо падалі яшчэ некалькі чалавек, таксама скарга накіраваная ў галоўны офіс Adidas у Нямеччыне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG