Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім Екацерынбургу пратэставалі супраць скасаваньня выбараў мэра

абноўлена

Мітынг у Екацерынбургу 2 красавіка
Мітынг у Екацерынбургу 2 красавіка

На плошчы Абароны ў расейскім Екацерынбургу 2 красавіка ад адной да дзьвюх тысяч чалавек выйшлі на мітынг за захаваньне выбараў мэра гораду. Пра затрыманьні не паведамлялася.

Абноўлена: Выбары мэра Екацерынбурга скасавалі

Як піша «Медуза», адным зь ініцыятараў акцыі быў дзейны кіраўнік гораду Яўгеній Ройзман — мітынгоўцы ў тым ліку заклікалі прызначыць яго на пасаду губэрнатара замест Яўгенія Куйвашава, які ўнёс у мясцовы парлямэнт законапраект аб скасаваньні выбараў мэра (галасаваньне мае адбыцца 3 сакавіка). У пратэстоўцаў былі плякаты «Нам патрэбен мэр, а не марыянэтка», «Не чапай выбары», «Мам, я павыбіраць хачу» ды іншыя.

Ройзман — прадпрымальнік і паэт, кнігавыдавец, заснавальнік фонду «Горад без наркотыкаў», ішоў на выбары мэра ад партыі «Гражданская платформа» Міхаіла Прохарава. Калі быў выбраны мэрам, у сваім кабінэце замест «традыцыйнага» партрэта Ўладзіміра Пуціна павесіў партрэт паэта Ёсіфа Бродзкага.

«Вы мяне выбіралі, вы за мяне галасавалі, таму я падсправаздачны толькі вам, — казаў Ройзман на мітынгу. — У мяне няма начальнікаў, я магу дазволіць сабе казаць тое, што я думаю. У любога прызначэнца іншага сытуацыя, ён адказвае толькі перад тым, хто яго прызначыў».

У Беларусі няма пасадаў мэраў гарадоў — старшыняў гарвыканкамаў, райвыканкамаў і аблвыканкамаў прызначае Аляксандар Лукашэнка. Фармальна старшыняў райвыканкамаў і гарвыканкамаў прызначаюць старшыні аблвыканкамаў, Лукашэнка толькі ўхваляе рашэньні.

У Расеі нядаўна праходзілі таксама масавыя пратэсты супраць сьмецьцевага палігону ў Валакаламску і супраць мясцовых уладаў у Кемераве, дзе людзі патрабавалі расказаць праўду пра колькасьць загінулых у пажары ў гандлёвым цэнтры (паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 64 чалавекі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG