Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ратаваньне» міжгародніх маршрутак і яшчэ 7 пэтыцыяў, якія падпісваюць беларусы


Ілюстрацыйнае фота

Ад 26 лютага нерэгулярныя прыватныя міжгароднія перавозкі пасажыраў у Беларусі могуць зьнікнуць. Або, калі верыць Мінтрансу, ня зьнікнуць, але ж прынамсі тры тысячы чалавек ня вераць у гэта.

Свабода сабрала таксама іншыя пэтыцыі, дзе цяпер актыўна вядзецца збор подпісаў — і дзе колькасьць падпісантаў перавысіла некалькі соцень.

Маршруткі

Міністэрства транспарту пераконвае, што каляпсу ня здарыцца: маўляў, згодна з праўкамі ў закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», цяпер «маршрутчыкам» трэба проста «легалізавацца», заключыць дамовы на рэгулярныя перавозкі, выконваць расклад руху і маршрут, паставіць адмысловае навігацыйнае абсталяваньне і прытрымлівацца рэжыму працы.

Ды ў гэта вераць ня ўсе: у сацсетках пішуць, што папраўкі ў закон абмяркоўваліся толькі зь дзяржаўнымі «маршрутчыкамі», а ўзор дамоваў, якія трэба падпісаць «прыватнікам», яшчэ не стварылі.

Пэтыцыю ў абарону прыватных маршрутак на сайце Petitions.by падпісалі на момант публікацыі больш як тры тысячы чалавек. У пэтыцыі пішуць, што зьмены ў закон прывядуць да манапалізацыі міжгародніх перавозак, што можа прывесьці да транспартнага каляпсу празь недастатковую колькасьць транспарту ў вакзалаў. Аналягічную пэтыцыю на сайце Change.org (створаныя там звароты не абавязковыя для разгляду беларускімі дзяржаўнымі органамі) падпісалі больш як чатыры тысячы карыстальнікаў. Яшчэ адна пэтыцыя на Petitions.by, якую падпісалі каля дзьвюх соцень чалавек, просіць унесьці ў адпаведны закон такія праўкі, якія б «не перашкаджалі працаваць».

Дыскрымінацыя беларускамоўных у дзіцячых садках

Больш як дзьве тысячы чалавек падпісалі пэтыцыю супраць дыскрымінацыі дзяцей у дзіцячых садках паводле моўнай прыкметы. Аўтары пэтыцыі сьцьвярджаюць, што беларускія законы ставяць у няроўныя ўмовы беларускамоўных і расейскамоўных бацькоў, першым не даюць магчымасьці выбраць мову садку, а «стандартная» мова — расейская.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады неафіцыйна адказвалі, што вінаватыя самі бацькі, але паабяцалі па адной беларускамоўнай групе ў садку кожнага раёну Менску. Афіцыйнага адказу пакуль не было — пэтыцыю яшчэ не перадавалі ў адпаведныя дзяржаўныя органы.

Закон супраць дыскрымінацыі паводле полу ці ўзросту, рэлігіі ці перакананьняў

Больш за тысячу трыста подпісаў сабралі пад пэтыцыяй за стварэньне закону аб забароне дыскрымінацыі з дакладным азначэньнем таго, што такое дыскрымінацыя (цяпер адзінага азначэньня ў законах няма), з адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьцю за дыскрымінацыю, з абавязковай антыдыскрымінацыйнай экспэртызай будучых законапраектаў. У пэтыцыі не абмяжоўваюцца адным відам дыскрымінацыі, а кажуць пра дыскрымінацыю паводле ўзросту, полу, хваробаў, рэлігійных ці іншых перакананьняў.

Ярмошыну ў адстаўку

Чатыры сотні подпісаў сабрана пад пэтыцыяй за адстаўку старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай — яе абвінавачваюць у адсутнасьці рэакцыі на парушэньні падчас нядаўніх мясцовых выбараў, а таксама ў «некампэтэнтнасьці» і «невыкананьні прафэсійных абавязкаў».

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

У пэтыцыі патрабуюць, акрамя таго, правесьці «поўную і якасную праверку па ўсіх парушэньнях».

Будаўнічыя хітрыкі

Амаль сем соцень подпісаў набрала пэтыцыя з просьбай забароны «будаўнічых пірамідаў» — такіх выпадкаў, калі забудоўнікі выводзяць грошы тых, хто набыў кватэры ў яшчэ не пабудаваным доме, а пасьля дзяржава вымушае даплочваць за ўжо набытыя кватэры новаму забудоўніку. Яшчэ больш за 2 з паловай тысячы сабрала аналягічная пэтыцыя на Change.org.

Больш за чатыры сотні подпісаў набрала пэтыцыя жыхароў менскага комплексу «Магістар» — яны абураюцца тым, што арэнднае жытло ў комплексе для работнікаў дзяржаўных структураў (супрацоўнікаў Акадэміі навук, пэдагогаў і работнікаў культуры) выйшла ў пяць разоў даражэйшым, чым у іншых аналягічных дамах.

Свабода сходаў

Кампанія «За свабоду мірных сходаў» нядаўна запусьціла форму электроннага звароту на сайце Zvarot.by за тое, каб пры разглядзе законапраекту аб зьменах закону пра масавыя мерапрыемствы ў Палаце прадстаўнікоў прысутнічалі праваабаронцы — прадстаўнікі Беларускага Хэльсынскага камітэту, «Вясны», Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншыя.

Менск, 25 сакавіка 2017 году, разгон акцыі на Дзень Волі
Менск, 25 сакавіка 2017 году, разгон акцыі на Дзень Волі

Такая форма збору подпісаў, як на Zvarot.by, ня ёсьць пэтыцыяй: кожны, хто запаўняе форму, фактычна адсылае адзіночны электронны зварот (калі сто чалавек запаўняе форму, адсылаецца сто зваротаў), але і адказ на звароты прыходзіць не цэнтралізавана ініцыятару кампаніі, а асобна адпраўнікам зваротаў.

Непажаданыя заводы

Нядаўна прайшлі зборы подпісаў супраць двух заводаў: супраць будаўніцтва заводу «Амкадор» у Калодзішчах пад Менскам падпісаліся на Petitions.by больш як 2 тысячы чалавек, супраць акумулятарнага заводу пад Берасьцем — больш як тысяча на Petitions.by (яшчэ сем тысяч подпісаў на Change.org і яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў, сабраных на вуліцах).

На абедзьве пэтыцыі далі афіцыйныя адказы («праект прайшоў экалягічную экспэртызу» — на пэтыцыю пра Калодзішчы, «грамадзянскае абмеркаваньне ўжо прайшло» — пра Берасьце), але, мяркуючы па рэйтынгах адказаў і актыўнасьці ў сацсетках, адказы не задаволілі падпісантаў. Праціўнікі заводу ў Калодзішчах маюць уласны сайт Stop-zavod.by, праціўнікі заводу пад Берасьцем — сайт з падобнай назвай Stopzavod.by.

Таксама, верагодна, не завяршылася гісторыя зь нядаўняй пэтыцыяй за будаўніцтва дарогі між Мікашэвічамі і Сямігосьцічамі — на зварот, які падпісала тысяча чалавек, адказалі «перанакіраваньнем» (а дакладней, тлумачэньнем юрысдыкцыяў безь перанакіраваньня подпісаў) зь Міністэрства працы ў Берасьцейскі аблвыканкам.

За збор подпісаў за мову пакараюць?

На мінулым тыдні актывісты правялі збор подпісаў за стварэньне ў Беларусі Нацыянальнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня і за адраджэньне беларускамоўнай адукацыі. Зьбіралі як праз інтэрнэт, так і на вуліцах. Як сьцьвярджае адзін з ініцыятараў збору Зьміцер Дашкевіч, падпісаўся нават адзін баец АМАП.

Зьміцер Дашкевіч (справа) у час збору подпісаў
Зьміцер Дашкевіч (справа) у час збору подпісаў

Ды цяпер тых, хто зьбіраў подпісы, чамусьці выклікаюць у міліцыю, піша Эдуард Пальчыс. Што менавіта трэба тлумачыць пра вулічны збор подпісаў, зь ліста не зразумела, як і не зразумела, ці пачалі супраць зьбіральнікаў адміністрацыйныя або крымінальныя справы.

6 асноўных памылак пры стварэньні пэтыцый. Як зьвярнуцца да чыноўнікаў правільна

Глядзіце таксама топ пэтыцыяў ад блогера Антона Матолькі:

XS
SM
MD
LG