Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 асноўных памылак пры стварэньні пэтыцый. Як зьвярнуцца да чыноўнікаў правільна


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці

Сайт petitions.by існуе больш за два гады. За гэты час беларусы стварылі амаль 1000 пэтыцый, сабралі 115 тысяч подпісаў і атрымалі 655 адказаў ад дзяржаўных органаў, расказаў заснавальнік праекту Ўладзімер Кавалкін.

«За два гады існаваньня нашай плятформы мы далі «жыцьцё» амаль 1000 пэтыцый і асабістых зваротаў, якія дапамагалі і дапамагаюць зрабіць існаваньне звычайных беларусаў крышачку лепшым. Шмат зваротаў да ўладаў мелі посьпех. Дастаткова згадаць збор подпісаў за забарону здачы ў арэнду вадаёмаў ды вадасховішчаў ці, напрыклад, пэтыцыі супраць зносу Асмалоўкі альбо ўшчыльненьня некаторых раёнаў.

Паводле Кавалкіна, далёка ня ўсе пэрсанальныя звароты і пэтыцыі маюць посьпех. Частка зь іх не праходзіць мадэрацыю, а некатарыя маюць вялікую колкасьць памылак, якія дазваляюць чыноўнікам нават не адказваць на запыты. Асноўных памылак, паводле Кавалкіна, усяго шэсьць.

1. Неразуменьне закону «Аб зваротах грамадзян»

Вельмі шмат зваротаў фармуюцца празь несправядлівыя, на думку людзей, прысуды ці факты правапарушэньняў. Трэба добра разумець, што такія рэчы вырашаюць не чыноўнікі, а праваахоўныя органы і суды.

Яшчэ шмат у якіх сытуацыях пытаньні вырашаюцца на мясцовым узроўні, таму дасылаць лісты адразу ж у найвышэйшыя інстанцыі зусім не абавязкова.

Спампаваць апошнюю рэдакцыю закону «Аб зваротах грамадзян» можна па спасылцы.

2. Перайменаваньні

Даволі частая памылка, якая таксама адносіцца да няведаньня закону «Аб зваротах грамадзян». Згодна зь дзейным заканадаўствам, для таго, каб перайменаваць геаграфічны аб’ект, вуліцу, плошчу і г.д., трэба правесьці мясцовы рэфэрэндум. Для гэтага неабходна стварыць ініцыятыўную групу, зарэгістраваць яе і пытаньне ў мясцовым выканкаме і зьбіраць подпісы на паперы. На практыцы такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было.

3. Фармулёўкі і адсутнасьць фактаў

Часам людзі ствараюць занадта эмацыйныя пэтыцыі ці пішуць аб праблемах, не прыводзячы фактаў. Трэба ня толькі дакладна ведаць і сфармуляваць праблему, але і прывесьці доказы яе існаваньня, акрамя ўласных словаў. Гэта могуць быць здымкі, нейкія зьвесткі, замеры ці дасьледаваньні.

4. Немагчыма зразумець, што хоча сказаць чалавек

Часам зьяўляюцца звароты, у якіх немагчыма зразумець, чаго хоча аўтар. Такіх прыкладаў няшмат, але яны існуюць. Часьцей за ўсё, паводле адміністрацыі сайту, яны зьяўляюцца вясной і ўвосень.

5. «Ня бачыў, але асуджаю»

Бывае, зьяўляюцца звароты, аўтары якіх ці апісваюць праблемы, якіх наяве не існуе, ці гэтыя пытаньні ўрэгуляваныя законам. Тут варта паглядзець на памылку вышэй і прыгадаць законы, якія маглі б нават тэарэтычна датычыцца праблемы.

6. Некарэктныя асабістыя зьвесткі

Пры рэгістрацыі як на сайце, так і падчас стварэньня пэтыцыі альбо звароту трэба абавязкова ўказваць свае рэальныя зьвесткі. Чыноўнікі правяраюць іх, таму пры несапраўдных адказ проста ня прыйдзе. І гэта будзе законна.

Агулам жа, для таго, каб пэтыцыя была цалкам правільнай і эфэктыўнай, паводле спадара Кавалкіна, трэба выканаць тры правілы:

  • Дакладна сфармуляваць сутнасьць праблемы альбо пытаньня.
  • Прывесьці максымум фактаў і пацьверджаньняў існаваньня праблемы.
  • Ня толькі самому разумець, але і напісаць сваё патрабаваньне да чыноўнікаў і тое, што яны павінны зрабіць.

«Ня варта баяцца зьвяртацца да чыноўнікаў і адказных за некаторыя праблемы прадстаўнікоў мясцовых органаў. Шмат хто зь беларусаў нават не спрабуе скантактавацца з уладамі, бо лічаць, што гэта зусім не дапаможа. Ня трэба баяцца — як паказвае практыка, большасьць праблемаў можна вырашыць. Зьвяртайцеся і зьмяняйце жыцьцё вакол сябе да лепшага!» — заклікае заснавальнік праекту petitions.by Уладзімер Кавалкін.

XS
SM
MD
LG