Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Беларусі наведаў Брытанію ўпершыню з 1993 году

абноўлена

Уладзімір Макей і Барыс Джонсан
Уладзімір Макей і Барыс Джонсан

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей 27 сакавіка сустрэўся зь міністрам эўрапейскіх справаў Вялікай Брытаніі сэрам Аланам Дунканам, паведамляецца на сайце брытанскага ўраду.

Таксама Ўладзімір Макей сустрэўся зь міністрам замежных справаў Брытаніі Борысам Джонсанам, стрыечным братам каралевы прынцам Майклам Кенцкім. Пра сустрэчу Макея зь імі падрабязнага паведамленьня на брытанскім сайце няма.

На сайце беларускага МЗС паведамленьня пра сустрэчу няма, твіты пра сустрэчу апублікавала беларуская амбасада ў Брытаніі, а ў твітэры МЗС зьявіліся толькі рэтвіты з амбасады і твітэра брытанскага міністра. Прэс-сакратар беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык паабяцаў, што асобнае паведамленьне прэс-службы МЗС будзе апублікаваны неўзабаве, а візыт яшчэ працягваецца.

На брытанскім сайце адзначаецца, што беларускі міністар замежных справаў наведаў Вялікую Брытанію ўпершыню з 1993 году.

Уладзімер Макей і Алан Дункан, паводле брытанскага ўраду, «выкарыстоўвалі візыт як магчымасьць абмеркаваць рост гандлю паміж Вялікай Брытаніяй і Беларусьсю, абмяняцца поглядамі на рэгіянальныя палітычныя пытаньні і пытаньні бясьпекі». Брытанскі міністар «заклікаў Беларусь правесьці далейшыя палітычныя і эканамічныя рэформы, з акцэнтам на правах чалавека і дэмакратыі».

Дункан згадаў, што быў першым міністрам замежных справаў Вялікай Брытаніі, які наведаў Беларусь з таго часу, як яна стала незалежнай, і назваў візыт Макея гістарычным.

«Ягоны візыт дае каштоўную магчымасьць дамагчыся прагрэсу ў цэлым шэрагу пытаньняў, ад гандлю да рэфармаваньня рэгіянальнай бясьпекі, — казаў Дункан. — Я рады, што быў абмеркаваны шэраг пытаньняў зь міністрам Макеем, і я заклікаў Беларусь распачаць далейшыя крокі ў паляпшэньні палітычных свабодаў, у тым ліку правоў чалавека і эканамічных рэформаў. Нейкі прагрэс быў дасягнуты ў гэтых галінах, але я лічу, што ў доўгатэрміновых інтарэсах Беларусі — ісьці далей.

Я таксама патлумачыў міністру Макею сур’ёзную заклапочанасьць у Вялікай Брытаніі з нагоды інцыдэнту ў Солсбэры і нагадаў яму, што дзеяньні Расеі выклікаюць заклапочанасьць ва ўсіх краінаў, у тым ліку сваіх сяброў і суседзяў».

Перад візытам у Лёндан Макей кансультаваўся зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым.


Пра што Макей размаўляў з Лаўровым перад візытам у Лёндан

Дункан прыяжджаў у Менск у верасьні 2017 году, сустракаўся з Макеем, Аляксандрам Лукашэнкам і прадстаўнікамі апазыцыі. Лукашэнка паабяцаў навучыць Дункана гуляць у хакей, на гэта 60-гадовы міністар адказаў, што «гатовы вучыцца, нягледзячы на ўзрост».

Прынц Майкл Кенцкі прыяжджаў у Беларусь у 2016 годзе, падпісаў зь Беларусьсю мэмарандум па дарожнай бясьпецы

Лукашэнка: «Ня трэба глядзець, якія заявы зробіць Эўразьвяз» і «Ня дай Бог жыць, як заходнія дзяржавы»

26 сакавіка прэс-сакратарка Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Мая Качыянчыч апублікавала заяву ў сувязі зь беларускімі падзеямі на Дзень Волі — згадала і дазволены мітынг-канцэрт, і забароненае шэсьце з масавымі затрыманьнямі.

Мірончык ад імя МЗС Беларусі на наступны дзень адказаў Эўразьвязу, што заявы пра «непрапарцыйную» рэакцыю ўладаў на спробу забароненага шэсьця неаб’ектыўныя «на фоне падзеяў у саміх краінах-чальцах Эўразьвязу».

Лукашэнка ў той жа дзень загадаў міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу імгненна спыняць «несанкцыянаваныя мерапрыемствы».

«Усе павінны разумець, што бардак пачынаецца з гэтага, — казаў Лукашэнка Шуневічу. — Таму вы не глядзіце па баках, ня трэба глядзець, якія заявы зробіць Эўразьвяз або Дзярждэпартамэнт. Ня дай Бог нам спарадзіць тое становішча, у якім сёньня жывуць заходнія дзяржавы. Няхай у нас будзе недасканалы дзяржаўны лад, але мы павінны гарантаваць бясьпеку людзей».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG