Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей — брытанскаму міністру: Ня трэба дэманізаваць Беларусь завочна


Уладзімер Макей

Сёньня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і дзяржаўны міністар у справах Эўропы і Амэрыкі Міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі Алан Данкан правялі перамовы ў зьнешнепалітычным ведамстве Беларусі. Пасьля іх завяршэньня абодва дыпляматы падышлі да журналістаў і зрабілі адпаведныя заявы.

Чаму Лёндан так важны для Менску ў вайскова-палітычнай сфэры

З таго, што сказаў міністар Макей, найбольш кідаюцца ў вочы некалькі рэчаў.

Першая. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства акцэнтаваў увагу на вайскова-палітычных пытаньнях. Ён патлумачыў, чаму гэта важна для Беларусі:

«Мы ня хочам, каб Беларусь апынулася на разломе, калі ў нашым рэгіёне нарастае канфрантацыя, адбываецца рост агрэсіўнай рыторыкі. Мы ад гэтага адчуваем праблемы, мы ад гэтага цярпім. Таму мы хочам будаваць адносіны і з Эўразьвязам, і з НАТО, і з асобнымі краінамі, якія ўваходзяць у гэтыя структуры», — сказаў Макей.

Другая. Міністар назваў чатыры сфэры, дзе Беларусь хацела б актыўна супрацоўнічаць зь Вялікай Брытаніяй. Спачатку былі названыя тры: аўтамабілебудаваньне, нафтахімічны комплекс, інфармацыйныя тэхналёгіі. Пасьля Макей дадаў, што пэрспэктыўным можа стаць і банкаўскі бізнэс. Справа ў тым, што Лёндан — адзін з усясьветных фінансавых цэнтраў. Таму, як сказаў беларускі міністар, афіцыйны Менск «вельмі зацікаўлены ў тым, каб выкарыстаць фінансавыя магчымасьці такога выдатнага банкаўскага бізнэсу».

Прычым, як можна было зразумець Макея, менавіта празь Лёндан і празь фінансавы бізнэс Беларусь будзе прасіць дапамогі брытанцаў у кантактах з тымі міжнароднымі структурамі (падобна, меліся на ўвазе фінансавыя), зь якімі ў беларускіх уладаў яшчэ няма паразуменьня.

Трэцяя. Беларускі міністар падкрэсьліў, што гэта першы візыт такога высокапастаўленага брытанскага дыплямата на тэрыторыю Беларусі. І да гэтага дадаў:

«Гэта вельмі добра, калі адказныя і дасьведчаныя людзі бачаць нашу краіну на ўласныя вочы. Так, мы маем пэўныя недахопы і працуем над тым, каб іх пазьбегнуць. Аднак ня трэба дэманізаваць Беларусь, асабліва тым людзям, якія ніколі ў ёй не бывалі. Мы гатовыя абмяркоўваць любыя, нават балючыя для нас пытаньні».

Данкан перадасьць уражаньні Тэрэзе Мэй

Алан Данкан
Алан Данкан

​Пра гэта міністар сказаў журналістам. Прычым з кантэксту ягонага выступу можна меркаваць, што ўражаньні, якія дойдуць да брытанскага прэм’ера, будуць для беларускіх уладаў прыемнымі.

«Мы будзем садзейнічаць таму, каб той прагрэс, які зрабіла Беларусь апошнім часам, быў адпаведна ацэнены. І я перадам свае ўражаньні ад сустрэч у вашай краіне прэм’ер-міністру Тэрэзе Мэй», — сказаў брытанскі дыплямат.

Брытанскі міністар зьвярнуў увагу на тое, што ягоны візыт адбываецца ў год 25-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Вялікай Брытаніяй. Ён сказаў, што «трэба ня толькі азірацца назад на мінулую чвэрць стагодзьдзя і глядзець, што там было недароблена, а трэба працаваць так, каб наступныя 25 год сталі значна больш актыўнымі ў нашых дачыненьнях».

Алан Данкан дадаў, што Лёндан гатовы дапамагаць Беларусі ў рэалізацыі яе амбіцый.

«Нават пакідаючы Эўразьвяз, мы не пакідаем Эўропу. І нашы двухбаковыя адносіны застануцца», — сказаў брытанскі міністар.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG