Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйчаніна злавілі на рэпосьце порна 6-гадовай даўнасьці. Але спазьніліся больш як на год


У 2011 годзе жыхар Бабруйску зрабіў рэпост эратычнага відэа на сваю старонку «ЎКантакце». У сакавіку 2018 году бабруйскія сьледчыя завялі супраць яго крымінальную справу за распаўсюд парнаграфіі паводле ч. 2 арт. 343 КК, піша «Коммерческий курьер» са спасылкай на старшага сьледчага Генадзя Казеева.

Мужчыну магло б пагражаць зьняволеньне тэрмінам ад 2 да 4 гадоў, каб не адзін нюанс: тэрмін даўнасьці ўжо мінуў. Паводле арт. 83 КК, асоба вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі прайшоў пэўны час з дня ўчыненьня злачынства. Тэрміны даўнасьці вызначаюцца ў залежнасьці ад цяжару злачынства (дакладней, ад тэрмінаў пакараньня за злачынства), гэтыя катэгорыі прапісаныя ў арт. 12 КК. А паводле ч. 2 арт. 343 КК РБ можна караць турмой на тэрмін толькі да 4 гадоў, таму злачынства адносіцца да «меней цяжкіх», тэрмін даўнасьці для якіх — 5 гадоў.

Гэта значыць, калі такое злачынства ўчыненае 31.12.2011, а прысуд выносяць пасьля 31.12.2016, чалавека могуць прызнаць вінаватым, але ўжо ня могуць пакараць. Калі б мужчына распаўсюджваў дзіцячае порна, яго яшчэ можна было б пакараць, бо гэта іншы артыкул (ч.2 арт. 343/1) зь іншым пакараньнем (ад 3 да 8 гадоў турмы) і іншым тэрмінам даўнасьці (катэгорыя «цяжкіх злачынстваў», тэрмін даўнасьці — 10 гадоў).

Сьледчы тым часам зьвярнуў увагу на тое, што, паводле беларускіх законаў, распаўсюдам парнаграфіі лічыцца нават «лайк» пад такім відэа. А крытэры таго, што такое порна, у беларускіх сьледчых невыразныя: сярод фармулёвак ёсьць, напрыклад, «адсутнасьць паказу або апісаньня душэўных перажываньняў». І міліцыя можа знайсьці «распаўсюд порна» нават на закрытым гей-сайце.

Колькасьць выяўленых «порназлачынстваў» у Беларусі пастаянна расла, ад паўтары сотні ў 2009 годзе да больш як сямі соцень за 2017-ы. У канцы мінулага году МУС прапанавала дэкрыміналізаваць злачынствы, зьвязаныя з распаўсюдам парнаграфіі ў інтэрнэце (у тым ліку «лайкі» пад порна), але пакуль прапанова не разглядалася заканадаўцамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG