Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскія зваршчыкі станчылі пад «Satisfaction». Менская міліцыя заклікала правесьці праверку


Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйны Twitter-акаўнт ГУУС Менгарвыканкаму заклікаў (архіўная копія) правесьці праверку відэа, на якім пад песьню Бэні Бэнасі «Задавальненьне» («Satisfaction») танчаць, як сьцьвярджаецца ў апісаньні, салігорскія зваршчыкі.

Як піша аўтар твіту, ад відэа «вочы выцеклі», таму УУС Менаблвыканкаму варта правесьці праверку відэа. На што менавіта трэба правяраць відэа і які беларускі закон могуць парушаць такія танцы, не ўдакладняецца — на просьбу ўдакладніць, праверку чаго заклікаюць правесьці, аўтар твітаў адказаў: «усяго». Але вядоўца міліцэйскага твітэру дапускае, што міліцыянты самі могуць «праверыць, знайсьці і разам сьпець».

Паводле крытэраў Сьледчага камітэту, на «салігорскім» відэа цяжка ўгледзець ня толькі порна, але і эротыку — у адрозьненьне ад выразна эратычнага арыгінальнага відэа. Але на ўсялякі выпадак лепей ня ставіць «падабайкі» пад відэа: калі раптам яго прызнаюць парнаграфічным, нават «лайк» можа пацягнуць крымінальную адказнасьць (хоць МУС і прапануе скасаваць «крымінал» у справах з «лайкамі» пад порна).

Інтэрнэт-флэшмоб з танцамі пад «Satisfaction» пачаўся ў Расеі. Відэаролік, зьняты курсантамі-першакурснікамі лётнага факультэту Ўльянаўскага інстытуту грамадзянскай авіяцыі, стаў прычынай разбору з боку ўладаў. Рэктар інстытуту на дзяржаўнай тэлевізіі называў відэа «зьдзекамі з галіны», параўноўваў «гора-лётчыкаў» з пляскамі Pussy Riot у храме. Фэдэральнае агенцтва паветранага транспарту ўтварыла камісію, каб расьсьледаваць «усе абставіны і прычыны пачварнага выпадку». У падтрымку курсантаў, якім пагражае адлічэньне, у рунэце пачалі здымаць падобныя відэа.

У 2016 годзе прэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фота дзяўчыны, якая зьнялася ў майтках каля помніка Перамогі ў Менску, і пытаў: «Зразумець і дараваць ці знайсьці і пакараць?». Пазьней ён выдаліў пост. Міліцыя пачала праверку, але вынікі праверкі не публікаваліся.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG