Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 падзеяў і стэндаў, якія нельга абмінуць на Міжнародным кніжным кірмашы


8 лютага адкрылася ХХІV Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у якой бяруць удзел больш за 30 краін сьвету. Падчас выставы пройдзе каля 300 імпрэзаў.

1. Ганаровы госьць кніжнага кірмашу сёлета — Аб’яднанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Як танцуе пад ірляндзкія дуды амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, вы ўжо прапусьцілі, але гэта можна пабачыць на відэа.

Стэнд ганаровага госьця акцэнтаваны на трох асноўных тэматыках: брытанскі выдавецкі бізнэс, вывучэньне ангельскай мовы і адукацыйныя магчымасьці Вялікай Брытаніі.

На кніжны кірмаш у Менск прыехала шмат гасьцей: шэксьпіразнаўца Эндру Дыксан, аўтар бэстсэлера «Worlds Elsewhere: Journeys Around Shakespeare’s Globe»; Джо Данторн, малады пісьменьнік, паэт і журналіст з Уэльсу; Жак Тэстар, заснавальнік выдавецтва Fitzcarraldo Editions (Лёндан), які выдаў ангельскі пераклад кнігі Сьвятланы Аляксіевіч «Час сэканд-хэнд».

11 лютага на стэндзе Вялікай Брытаніі пройдуць прэзэнтацыя кнігі Ніла Геймана «Караліна» на беларускую мову з удзелам перакладчыцы Дар’і Вашкевіч, а таксама прэзэнтацыя кнігі Клайва С. Льюіса «Леў, вядзьмарка і адзежная шафа» на беларускай мове з удзелам Андрэя Кіма.

Стэнд Вялікай Брытаніі
Стэнд Вялікай Брытаніі

2. Друкарскі станок — гістарычная рэканструкцыя станка, на якім друкаваў сваю першую кнігу Францішак Скарына. Стваральнік станка Ўладзімер Ліхадзееў зь Вялейкі вывучаў эўрапейскія аналягі, чарцяжы, гравюры. Станок у працоўным стане, і кожнаму ахвотнаму друкар надрукуе старонку. Мара спадара Ліхадзеева — адкрыць у Вялейцы музэй Скарыны, дзе ён хоча разьмясьціць і свой унікальны станок.

3. 9 лютага ў 16.15 на цэнтральнай пляцоўцы адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Францішка Скарыны, перастворанай Алесем Разанавым «Маем найбольшае самі: кніга перастварэньняў» (выд. «Мастацкая літаратура», 2017). Скарына — паэт: у тэкстах ягоных прадмоў да Бібліі — паэтычны пачатак. Алесь Разанаў перастварыў іх на сучасную беларускую мову. Наклад кнігі — усяго 500 экзэмпляраў. Прэзэнтацыя адбудзецца з музычным суправаджэньнем беларускага музыкі Яраша Малішэўскага.

4. Толькі на стэндзе расейскага выдавецтва «Время» прадстаўленыя кнігі мінулагодняй ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. Дарэчы, «Время» выдала і раман Віктара Марціновіча «Возера радасьці» па-расейску.

11 лютага аб 11-й гадзіне на стэндзе выдавецтва «Время» адбудзецца аўтограф-сэсія Сьвятланы Алексіевіч.

5. Стэнд амбасады ЗША ў Беларусі.

Асноўная тэма стэнду амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі — нобэлеўскія ляўрэаты па літаратуры. У цэнтры экспазыцыі — вялізны том твораў апошняга нобэлеўскага ляўрэата Боба Дылана. На стэндзе можна атрымаць бясплатны доступ да электроннай бібліятэкі eBook Library, дзе прадстаўлены кнігі на ангельскай і расейскай мовах. Тут можна выйграць 20 кніжных падарункаў ад амбасады. Дзецям будуць цікавыя віктарыны, імпрэзы, гульні.

6. Стэнд амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага інстытуту ў Менску.

Польскія выданьні зьявіліся на Менскім міжнародным кніжным кірмашы пасьля доўгага перапынку. Апошнія чатыры гады палякаў проста не запрашалі на такія выставы.

Сёлета тут можна набыць кнігі польскіх літаратараў у перакладзе на беларускую мову. На стэндзе прадстаўлены папулярныя польскія аўтары.

10 лютага а 16 гадзіне адбудзецца прэзэнтацыя беларускамоўнага выданьня легендарнага рамана Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Знахар».

12 лютага а 12 гадзіне на дзіцячай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі адбудзецца сустрэча з польскай ілюстратаркай дзіцячых кніг Монікай Хануляк, якая правядзе мастацкі майстар-кляс.

7. Стэнд амбасады Ўкраіны ў Беларусі

Выдавецтва «Балтыя друк» прадстаўляе ўнікальную сэрыю кніг пра гістарычныя карані Ўкраіны і ВКЛ — «Князі Радзівілы», «Князі Астроскія», «Князі Вішнявецкія», «Украінскае казацтва і Вялікае Княства Літоўскае».

А вось на стэндзе расейскага выдавецтва «Книжный мир» прадстаўленыя зусім іншыя, антыўкраінскія выданьні: «Рыцари Новороссии. Хроники корреспондента легендарного Моторолы» Генадзя Дубавога, «Донбасс: от Славянска до Дебальцево» Міхаіла Палікарпава, «Куклы и кукловоды. Украинские катастрофы», аўтар Эль Мюрыд.

Беларускія незалежныя выдавецтвы прадстаўленыя сёлета даволі шырока, да таго ж і стэнды ў бальшыні ў цэнтральным павільёне. У сутарэньні засталося, як і ў папярэднія гады, толькі выдавецтва «Колас».

8. ARCHE прэзэнтуе навінкі: першы том збору твораў Мікалая Ўлашчыка, «Катынь 1940. Гісторыя аднаго злачынства».

Таксама на стэндзе АRCHE прадстаўлены зборнік «Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня», «Паўстаньне 1863–1864 гадоў і лёсы Беларусі».

9. Выдавецтва «Галіяфы» прэзэнтуе «Скрозь люстэрка, і што там убачыла Аліса» Льюіса Кэрала (пераклад Веры Бурлак). Сама прэзэнтацыя адбудзецца 11 лютага на стэндзе Вялікай Брытаніі.

9 лютага а 16 гадзіне — аўтограф-сэсія гісторыка Ігара Мельнікава з «Заходнебеларускай Атлянтыдай 1921–1941 гг.»

10. Выдавецтва «Колас» прадстаўляе новыя выданьні (толькі ўчора з друкарні) — «Басэтлю» і «Парфуму» Зюскінда ў перакладзе Васіля Сёмухі, а таксама зборнік вершаў Рыгора Барадуліна.

11. Выдавецтва «Янушкевіч» прадстаўляе свае навінкі: «Надбярэзінцы» — раман польскага пісьменьніка Флярыяна Чарнышэвіча; «Таямнічы сьвет» А. Шаланды — пра шляхецкую геральдыку Вялікага Княства Літоўскага; «1813» (першы беларускі зомбі-хорар аўтарства У.Садоўскага; галоўныя героі — кампазытар і палітык Міхал Клеафас Агінскі і зомбі-мерцьвякі, у якіх ператварыліся францускія жаўнеры з арміі Напалеона, што загінулі на Бярэзіне), а таксама «Голад» нарвэскага пісьменьніка Кнута Гамсуна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG