Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бунт батанікаў»: Зьміцер Дрозд напісаў кнігу пра «Плошчу» і турму


Зьміцер Дрозд

Беларускі гісторык Зьміцер Дрозд апублікаваў у інтэрнэце расейскамоўную кнігу «Бунт ботаников». Бясплатна спампаваць яе можна з сайта Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру. Дрозд — былы палітвязень, быў асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму пасьля «Плошчы» 2010 году, але выйшаў на волю ў жніўні 2011-га.

Аўтар кажа Свабодзе, што асновай кнігі стаў дзёньнік, які ён вёў з часу, калі трапіў у калёнію ў Жодзіне. Але гісторыя ў кнізе пачынаецца раней, у 2006 годзе, а завяршаецца пасьля вызваленьня. У кнізе прадстаўленыя таксама дакумэнты, фатаздымкі і пратаколы.

«Жанр шырокі, папулярны. Там ёсьць маё рэальнае жыцьцё, перажываньні, калі я быў у турме. Ёсьць дакумэнты, якія могуць быць цікавыя тым, хто не сутыкаўся з крымінальнымі справамі, як праходзяць ператрусы і допыты. Ёсьць пра турэмнае жыцьцё і норавы», — кажа пра кнігу Дрозд.

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Кніга пакуль выйшла толькі ў інтэрнэце. Магчыма, яе надрукуюць невялікім накладам у Літве, але наўрад ці ў Беларусі:

«Хто захацеў, спампаваў з інтэрнэту. Ніякіх канфіскацыяў, мытняў, ператрусаў, — сьмяецца аўтар. — Хутчэй за ўсё, калі ўсё будзе добра, будзе прэзэнтацыя ў Менску. А там будуць і папяровыя экзэмпляры, каб падарыць каму і аддаць у беларускія і літоўскія бібліятэкі».

Раней Дрозд выдаваў расейскамоўныя кнігі-даведнікі «Землевладельцы Минской губернии 1861–1900» і «Землевладельцы Минской губернии 1900–1917», а таксама зборнік вершаў і фотаальбом «Заречье. Веды воды». Яго гісторыя ўвайшла ў кнігу «Адзін дзень палітвязьня 2009–2011», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

У лістападзе 2016 году Зьміцер Дрозд прэзэнтаваў электронны пошук рэпрэсаваных. Сыстэма ахоплівае больш за 50 спэцыялізаваных сайтаў, на якіх знаходзяцца сьпісы, базы зьвестак, кнігі памяці або ёсьць любая іншая інфармацыя пра пацярпелых ад камуністычнага рэжыму.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG