Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтацыя кнігі «Адзін дзень палітвязьня 2009-2011»


1 сьнежня ў Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі «Адзін дзень палітвязьня 2009-2011», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабода». У амбасадзе ЗША ў Менску сабраліся былыя палітвязьні і сваякі палітзьняволеных, якія застаюцца за кратамі.







Кніга «Адзін дзень палітвязьня 2009-2011» у фармаце pdf

Маці экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна сядзіць у першым шэрагу невялікай залі, побач зь ёю жонка Зьмітра Бандарэнкі Вольга, жонка Міколы Статкевіча Марына.

Прэзэнтацыю адкрывае дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук

Прэзэнтацыю адкрывае дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук

«„Адзін дзень палітвязьня“ — гэта кніга беларускага быцьця пачатку ХХІ стагодзьдзя. Няма нічога больш важнага, чым тое, што робіце вы, — зьвярнуўся А.Лукашук да прысутных, — у краіне, дзе пануе ноч, вы робіце дзень».

Дырэктар Радыё Свабода расказвае пра тое, як узьнік праект «Галасы салідарнасьці», калі вядомыя людзі чыталі прозьвішчы беларускіх палітвязьняў. Ён прадстаўляе ўсіх вядомых людзей, якія ўзялі ўдзел у гэтым праекце, ад Джорджа Буша да Вацлава Гаўла. Прысутныя змаглі пачуць голас абодвух экс-прэзыдэнтаў.

«Ніводзін чалавек з тых, каго мы запрасілі да ўдзелу ў праекце, не адмовіўся, усе імгненна пагаджаліся», — кажа Лукашук.

Удзельнікі і госьці прэзэнтацыі

Удзельнікі і госьці прэзэнтацыі


Укладальніца кнігі Ганна Соўсь адзначыла, што ў кнізе сабраныя гісторыі 48 чалавек, у папярэднім выданьні былі 42 героі. Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч патрапіў у абодва выданьні.

Зьміцер Бандарэнка дагэтуль за кратамі ў Бабруйскай калёніі. Жонка Зьмітра Вольга зьвяртаецца да мужа праз Радыё Свабода:

«Калі ты мяне чуеш, я тут разам зь сябрамі і сёстрамі. Я хачу, каб ты пачуў галасы тых, хто цябе любіць». Усе крычаць Зьмітру: «Вітаем!».


Ала Саньнікава сёньня атрымала кароткі ліст ад сына зь Віцебскай калёніі «Віцьба-3». Андрэй Саньнікаў супакойвае маці, піша, што вельмі сумуе. Спадарыня Ала кажа, што почырк у лісьце нязвыклы, яна мяркуе, што «пісаў пад дыктоўку». «Два тыдні мы нічога не ведалі пра яго», — кажа яна і плача. «Ён заўсёды мне казаў, што самае галоўнае, каб трымалася я. Дарагі мой сыночак, я ўсё раблю, каб трымацца. Будзь здаровы, мужнасьці ў цябе хапае. Трымайся!»


Ала Саньнікава плача, чытаючы ліст ад сына

Ала Саньнікава плача, чытаючы ліст ад сына


Дзьмітры Вус заявіў, што зьбірае ініцыятыўную групу па зборы подпісаў для зьмены выбарчага заканадаўства і заклікаў далучацца да яе. Мае намер давесьці гэтую ідэю да канца.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус


Мікола Статкевіч таксама адбывае пакараньне. Спадарыня Марына кажа, што не бачылася зь ім паўгода. атрымала толькі адзін ліст ад яго. «Ніякія краты ня могуць разлучыць нас! Я веру, што ты хутка будзеш на волі», — кажа яна Міколу.

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч


Жонка Алеся Бяляцкага Натальля распавядае, што сустракалася з Алесем у мінулы панядзелак. Яна пажадала мужу найперш здароўя, каб здолеў вынесьці тое, што яму выпала на долю.

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук


Пакуль Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца за кратамі, памерла ягоная маці. Усе ўшаноўваюць яе памяць хвілінай маўчаньня.

Маці Эдуада Лобава Марына публічна віншуе сына з днём народзінаў і пажадала, каб больш такіх сьвятаў за кратамі у яго не было, каб уся краіна, як і ён, выйшла зь няволі.

Марына Лобава, маці Эдуарда Лобава

Марына Лобава, маці Эдуарда Лобава


Павал Севярянец адбывае пакараньне ў вёсцы Куплін. Сястра Паўла Ганна кажа брату: «Павал я табе перадаю прывітаньне ад бабулі, ад мамы, ад таты. Трымайся, мы верым, мы можам! Мы пераможам! Жыве Беларусь!»

Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка кажа, што перш за ўсё ў Беларусі трэба зьмяніць рэжым, які зрабіў з краіны вялікую калёнію.

Аляксандар Атрошчанкаў у турме сустрэў свае 30 гадоў. Ён кажа: «Я шчасьлівы чалавек, вакол мяне заўжды былі мае любімыя жанчыны, мая мама, сёньня вакол мяне жонка, маці зьняволеных. Я хачу сказаць гэтым жанчынам, што я іх люблю, што я ад іх у захапленьні».

Зьміцер Буланаў перанёс за кратамі цяжкае захворваньне. Яго маці, спадарыня Клаўдзія кажа, што пасьля зьняволеньня сына яна не адчувала сябе адзінокай.

Сяргей Вазьняк: «У турме былі і пазытыўныя моманты. Мне ў жыцьці было толькі адзін раз горш, чым 20 сьнежня. Я шукаў нешта добрае. Я ўдасканальваў сябе. Я ў турме адмовіўся ад солі, цукру, я штодня пачаў рабіць зарадку».

Сяргей Казакоў сказаў, што турма яму шмат дала, гэтыя 7 месяцаў былі як 7 гадоў. «Я адчуваю сябе старэйшым, я шмат чаму навучыўся, разьбірацца ў людзях, цаніць родзічаў».

Зьміцер Даронін

Зьміцер Даронін


Зьміцер Даронін зазначыў, што турма яго загартавала, узьняла маральны дух.

Зьміцер Дрозд кажа, што пасьля турмы ён піша другое выданьне сваёй кнігі аб земляўласьніках Менскай губэрні.

Зьміцер Дрозд

Зьміцер Дрозд


Былы палітвязень Аляксандар Класкоўскі зазначыў, што самыя страшныя былі першы дзень у ізалятары і апошні дзень у калёніі, калі ў яго вымагалі ліст да Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні.

Мікіта Ліхавід кажа, што самы лепшы падарунак на Новы год — каб усе палітвязьні выйшлі з турмы. Мікіта ў Наваполацку слухаў Радыё Свабода, і адміністрацыя калёніі не магла гэтаму перашкодзіць.

Уладзімер Лобан кажа, што найбольшае ўражаньне ў яго выклікала атмасфэра ў Беларусі пасьля ягонага вызваленьня — страх і безнадзейнасьць.

Сяргей Марцалеў зазначыў, што ў турме павінны знаходзіцца тыя, хто парушыў закон, а не палітыкі, якія зьяўляюцца элітай грамадзтва. «Я хачу, каб мая краіна была цывілізаванай і каб тое, што адбылося пасьля 19 сьнежня, больш не паўтарылася».

Сяргей Марцалеў

Сяргей Марцалеў


Жонка Алеся Мілана Міхалевіч: «Я хачу падзякаваць усім тым, хто нас падтрымліваў у гэты час, перадусім сяброўкам па няшчасьці, зь якіх я брала і працягваю браць прыклад, Праваабарончаму цэнтру «Вясна» і Алесю Бяляцкаму. Спадзяюся, што наступныя сьвяты мы будзем адзначаць разам.

Жонка Алеся Міхалевіча Мілана.

Алег Федаркевіч: «Пасьля турмы разумееш, што помста — не найлепшы спадарожнік. Але ім нядоўга сьвеціць, бо гэтае балота хутка перасохне».

Да ўдзельнікаў прэзэнтацыі зьвярнуўся былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў


Уладзімер Някляеў зачытаў адзін са сваіх турэмных вершаў. «Яшчэ ўбачымся на Плошчы», — сказаў ён прысутным. Мы іх пераможам!

Аляксандар Фядута кажа, што пасьля вызваленьня тры ночы запар перагортваў сайты і зразумеў, што калі б не было тых, хто дзейнічаў на волі, каб нас выпусьцілі, нас бы ня вызвалілі. Фядута чытае верш пра «голас свабоды», які напісаў за дзень да прэзэнтацыі.

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута





Уладзімер Яроменак зазначыў, што ён кожны дзень чакае, што палітвязьні пакінуць свае вязьніцы.

Алег Гнедчык кажа, што адчуваў за кратамі хвалі салідарнасьці ад родных, сяброў.

Алесь Кіркевіч самым шчасьлівым днём за кратамі назваў дзень вызваленьня. Ён кажа, што атрымаў у турме досьвед.

Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч


Аляксандар Малчанаў сказаў, што супраць яго цяпер завялі новую справу.

Віталь Мацукевіч кажа, што ён ні на кога не крыўдуе за тое, што трапіў за краты. «Пасадзіць чалавека лёгка, а выпусьціць складана».

Васіль Парфянкоў кажа, што ў турме яму дапамагала падтрымка простага беларускага народу, лісты зь Беларусі і з-за мяжы. «Дай вам Бог, каб з вашымі сем’ямі такога не адбылося, як з намі».

Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў


Андрэй Пратасеня кажа, што ў СІЗА КДБ яму не хапала кніг, там былі толькі кнігі вайсковай тэматыкі: «Трэба ім сыходзіць з вайсковых рэек». Пратасеня падзякаваў Кіркевічу за шакалядку, якую яму даў на судзе Кіркевіч.

Гэтая кніга няпоўная, у ёй няма прозьвішчаў палітвязьняў анархістаў, кажа ўкладальніца Ганна Соўсь.

***

«Адзін дзень паітвязьня 2009-2011» — 48 партрэтаў беларускіх палітычных зьняволеных, якія разам правялі за кратамі больш за 10 000 дзён.

Кнігу можна прачытаць і загрузіць тут.

Кніга храналягічна і тэматычна працягвае папярэдняе выданьне сэрыі — «Адзін дзень палітвязьня» (2009), у якім даваліся партрэты апанэнтаў аўтарытарнага рэжыму, што былі зьняволеныя ў Беларусі ў 1996-2008 гады.

Прадмова Аляксандра Лукашука


На экзамэне па гісторыі.
2111 год

— Пра што кніга «Адзін дзень палітвязьня»?

— Пра свабоду і яе герояў ці ахвяраў, каму як.

— Як яны самі зваліся?

— Людзьмі.

— За што іх пазбавілі волі?

— За праўду.

— Чаму іх пазбавілі волі?

— Каб запалохаць астатніх.

— Чаму былі пазбаўленыя менавіта яны?

— Бо не баяліся.

— Колькі іх?

— У кнізе — дзясяткі. Былі за кратамі — сотні.

— Як доўга?

— Героі гэтай кнігі — больш за 10 000 дзён і начэй.

— Што яны страцілі?

— Свабоду жыць як хацелі.

— Чаго яны дамагліся?

— Нянавісьці ворагаў. Пагарды ўлады. Абыякавасьці бальшыні суайчыньнікаў...

— І гэта ўсё?

— Яшчэ — павагі паплечнікаў, захапленьня сяброў, веры моладзі. Міжнароднай увагі, салідарнасьці і дапамогі. Імяннога радка ў гісторыі краіны.

— І ўсё ж — ці варта было?

...А гэтае пытаньне ўжо не да іх.


Дзесяць тысяч дзён і начэй


Кніга скончаная. Наша гісторыя — не.

Працяг будзе...

Так напісала я ў пасьляслоўі да першай кнігі «Адзін дзень палітвязьня» ў траўні 2009 году. У той кнізе былі партрэты 42 беларускіх палітвязьняў, якія разам равялі за кратамі больш за паўстагодзьдзя — тры гады на кожны год незалежнасьці Беларусі. Шчыра кажучы, ня верылася, што працяг давядзецца пісаць так хутка, што пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году ў Беларусі зьявіцца столькі ж палітвязьняў, як за тыя 12 гадоў ад 1996 да 2008-га — больш за 48 чалавек.

Сярод герояў кнігі — паэт, архівіст, выдавец, музыкант, былы міліцыянт, праграміст, сьлесар, ляндшафтны дызайнэр, інжынэр, электраманцёр, ахоўнік, дыплямат, літаратуразнаўца, рабочы, палітыкі, грамадзкія актывісты, былыя вайскоўцы, студэнты, праваабаронцы, прадпрымальнікі, дэпутаты, журналісты.

Некаторыя героі першай кнігі «Адзін дзень палітвязьня» — Мікалай Аўтуховіч, Зьміцер Дашкевіч, Юры Лявонаў, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч — зьяўляюцца героямі і гэтай кнігі, але ўжо ў новых справах і з новымі тэрмінамі.

Пераважная большасьць трапілі за краты пасьля Плошчы 19 сьнежня. У той дзень у Менску было затрымана больш за 700 чалавек. Ужо празь некалькі дзён іх імёны чыталі ў эфіры «Свабоды» былыя прэзыдэнты ЗША і Чэхіі Джордж Буш і Вацлаў Гавэл, усясьветна вядомыя дысыдэнты, філёзафы, парлямэнтары, міністры, пісьменьнікі, праваабаронцы з ЗША і Эўропы.

Далей былі доўгія месяцы невядомасьці за кратамі, рэдкія сустрэчы з адвакатамі, разлучаныя сем’і, ізаляцыя хатніх арыштаў, хлусьня ўладаў і афіцыйных СМІ. І судовы канвэер — з вызначанымі загадзя прысудамі, жалезнымі кратамі ў судовай залі, паголенымі галовамі, хлусьлівымі сьведкамі-міліцыянтамі, сьлязьмі родных і крыкамі адчаю, якія немагчыма было стрымаць пасьля прысудаў.

Імёны многіх фігурантаў справы 19 сьнежня тады былі яшчэ мала вядомыя. І напярэдадні судоў мы зьвярнуліся да родных, сяброў, калегаў, паплечнікаў палітвязьняў з просьбай расказаць пра гэтых людзей: дзе вучыліся, чым займаліся, што любілі, чаму пайшлі на Плошчу. Так зьявіліся першыя партрэты на фоне кратаў.

Гэта цяпер ня трэба прадстаўляць Мікіту Ліхавіда ці Фёдара Мірзаянава. А тады, у дзень суду, слухачы і наведнікі сайту «Свабоды» першымі даведваліся, каго судзяць за Плошчу.

Кожны дзень на судовых працэсах працавалі карэспандэнты «Свабоды». Яны вялі онлайн-рэпартажы з судовай залі, фіксавалі заявы і паказаньні, давалі слова родным і адвакатам, агучвалі імёны і паказвалі твары судзьдзяў і пракурораў. Карэспандэнты «Свабоды» рабілі ўнікальныя фота- і відэаздымкі з працэсаў. Яны працягвалі далей сачыць за кожным днём палітвязьня — касацыямі, спатканьнямі, хваробамі, пратэстамі, карцэрамі і, калі да гэтага даходзіла справа, вызваленьнем. І першымі сустракалі з-за кратаў і бралі інтэрвію на волі. Усё гэта гучала ў эфіры, гэта і цяпер можна прачытаць і пабачыць на сайце www.svaboda.org. Усё гэта стала асновай для новай кнігі «Адзін дзень палітвязьня 2009-2011».

Мы ня ставілі сабе задачу расказаць гісторыю кожнага. На гэта проста адной кнігі ня хопіць, і дзьвюх, і трох ня хопіць, на жаль... У штогадовых справаздачах Дзярждэпартамэнту ЗША, Эўразьвязу, АБСЭ, паведамленьнях беларускіх праваабарончых арганізацый на дзясятках старонак — толькі пералік імёнаў рэпрэсаваных з палітычных матываў.

Калі рыхтавалася гэтая кніга, за кратамі заставаліся былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч, маладафронтаўцы Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, палітыкі Зьміцер Бандарэнка і Павал Севярынец, праваабаронца Алесь Бяляцкі, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, грамадзкія актывісты Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка, Павал Сырамалотаў і Аляксандар Францкевіч.

Героі гэтай кнігі правялі разам за кратамі больш за дзесяць тысяч дзён. А былі яшчэ і ночы...

Гэтая кніга скончаная. Гісторыя — не.

Ганна Соўсь
Радыё Свабода

«Бібліятэку Свабоды» складаюць выбраныя перадачы Беларускай службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG