Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ раскрыў дэталі карупцыйнай справы са спэцадзеньнем, пра якую расказваў Лукашэнка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У час пасланьня да дэпутатаў і народу 24 красавіка Аляксандар Лукашэнка казаў пра «абуральную сытуацыю», пра якую «сорамна чытаць», калі дзяржаўныя службоўцы вымагалі хабар у камэрсактаў пад пагрозай перашкоду ў тэндэрах на закупку спэцадзеньня.

У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі раскрылі дзяржаўнаму выданьню «Советская Белоруссия» дэталі справы. Паводле КДБ, у пачатку красавіка ў гатэлі «Нёман» затрымалі начальніка аддзелу аховы працы «Белэнэрга» Аляксандра Макарэвіча, калі ён намагаўся выманіць хабар у 12 тысяч даляраў у дырэктара неназванай камэрцыйнай структуры за перамогу на тэндэры па закупцы спэцадзеньня.

Выявілася, сьцьвярджае КДБ, што гэта быў не адзінкавы выпадак — распачалі 22 крымінальныя справы супраць 19 службовых асобаў, якія за грошы «спрыялі» закупкам у адных і тых жа пастаўшчыкоў буйных партыяў беларускага і замежнага спэцадзеньня. Паведамляецца, што хабарніцтва «гадáмі» адбывалася на прадпрыемствах «ГроднаАзот», «СьветлагорскХімвалакно», «Краснасельскбудматэрыялы», «Менсквадаканал», на Мазырскім НПЗ і філіях «Беларусьнафты», філіях Беларускай чыгункі.

Сумы хабараў складалі ад 15 да 50 тысяч даляраў, ініцыятарамі змовы «часьцей за ўсё выступалі самі начальнікі аддзелаў і ўпраўленьняў, эканамісты і бухгальтэры, іншыя службовыя асобы дзяржаўных прадпрыемстваў».

Звольнілі тых, пра каго Лукашэнка казаў, што сышлі ў запой, але не расказалі, каго «перастралялі аўтаматчыкі» на загад Лукашэнкі

У час прамовы 24 красавіка Аляксандар Лукашэнка таксама расказваў пра чыноўнікаў у галіне энэргетыкі, якія «запілі настолькі, што забыліся хадзіць на працу» — у той жа дзень генэральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага прадпрыемства «Белэнэрга» Яўгена Воранава адхілілі ад пасады без тлумачэньня прычынаў.

Дзяржаўныя органы пакуль не раскрывалі падрабязнасьці іншага выпадку, пра які Лукашэнка казаў у час звароту,– пра тое, як «у першыя гады прэзыдэнцтва» ён «пасылаў жменьку надзейных людзей, якія перастралялі там палову» тых, хто «забіваў людзей на трасе Масква-Бэрлін».

У беларускай гісторыі бывала і так, што затрыманьні фактычна пачыналіся пасьля таго, як Лукашэнка заяўляў, што затрыманьні ўжо адбыліся.

Год таму 21 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «затрыманьне дзясяткаў баевікоў» і выкрыцьцё «лягераў баевікоў» у Беларусі і за мяжой. Ад тэрарыстаў Беларусь нібыта ўратавала нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: быццам бы яна паведаміла Лукашэнку пра рыхтаваньне масавых закалотаў у Менску. Толькі пасьля заявы Лукашэнкі людзей пачалі затрымліваць — цягам некалькіх тыдняў стала вядома пра 22 затрыманых, пазьней дзяржаўная прэса паведаміла пра 35. Затрымлівалі як людзей, зьвязаных з колішнім «Белым легіёнам», так і сяброў «Маладога фронту» і чальцоў легальнага бабруйскага спартова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт».

Спачатку паведамлялася, што вядзецца справа аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім». Але справа паступова развальвалася, зьняволеных вызвалялі — апошнія выйшлі на волю ў канцы чэрвеня, справу перадалі з КДБ у Сьледчы камітэт, а той у канцы лістапада закрыў яе канчаткова. Праўда, фігурантам адмовілі ў кампэнсацыі за зьняволеньне, а потым завялі прынамсі тры новыя справы за захоўваньне боепрыпасаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG