Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На былых фігурантаў «справы патрыётаў» завялі 3 крымінальныя справы аб боепрыпасах, — ПЦ «Вясна»


Андрэй Бяляўскі, на якога заведзеная адна з крымінальных спраў

Як паведамілі праваабаронцы зь «Вясны», акрамя крымінальнай справы на Андрэя Бяляўскага, заведзеныя яшчэ дзьве справы на былых фігурантаў справы патрыётаў, таксама паводле артыкулу 295 пра незаконнае абарачэньне і захоўваньне боепрыпасаў.

Прозьвішчы пакуль не называюцца, у Сьледчым камітэце адмаўляюцца камэнтаваць гэтыя зьвесткі.

«Пакуль інфармацыі, якая ёсьць у праваабаронцаў, недастаткова», — зазначаюць у «Вясне» пра гэтыя справы.

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч заявіў пра намер «пільна адсочваць» крымінальную справу аб патроне, знойдзеным у фігуранта былой «справы патрыётаў» Андрэя Бяляўскага.

Працяг «справы патрыётаў»? Андрэй Бяляўскі прызнае, што меў патрон ад аўтамата Калашнікава

У выпадку, калі Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленьнем волі, такое пакараньне зможа расцэньвацца як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае, а значыць, паўстане пытаньне аб прызнанні Бяляўскага палітвязнем, перакананы Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч нагадаў прычыну, зь якой Сьледчы камітэт у канцы лістапада спыніў крымінальную справу супраць актывістаў «Белага легіёну». Тады сьледчыя хоць і ўбачылі ў дзеяньнях фігурантаў справы фармальныя прыкметы «стварэньня незаконнага ўзброенага фармаваньня», але вырашылі, што гэтыя дзеяньні «не ўяўляюць грамадзкай небясьпекі», бо не прычынілі нікому шкоды.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«У адпаведнасьці з часткай 4 артыкулу 11 Крымінальнага кодэксу яны былі „прызнаныя нязначнымі“, — адзначыў праваабаронца. — Лягічна, што і выпадак са знойдзеным патронам таксама не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі і справу таксама можна спыніць як малазначную».

Пра завядзеньне крымінальнай справы супраць кампутарнага графіка Андрэя Бяляўскага стала вядома 4 сьнежня. Справу завялі 27 лістапада паводле 295 артыкулу — за захоўваньне баявога патрону. Андрэй Бяляўскі прызнае, што ў яго быў патрон ад аўтамата Калашнікава, і сьцьвярджае, што фактычна гэта быў сувэнір, які ён не зьбіраўся выкарыстоўваць па прызначэньні. У Сьледчым камітэце паведамілі, што Андрэй Бяляўскі мае статус падазраванага ў гэтай справе.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

XS
SM
MD
LG