Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Пра рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі нават ня думаў». Палітоляг: «Армэнія моцна астудзіла яго»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Падчас штогадовага звароту да дэпутатаў і народу 24 красавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «нават ня думаў» пра рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі.

«Нам зараз не да рэфэрэндуму»

Ён заявіў, што «пытаньне магчымага карэктаваньня Канстытуцыі пастаянна абмяркоўваецца ў сродках масавай інфармацыі».

«Прычым даходзіць да таго, што асобныя „гарачыя галовы“ заяўляюць, быццам ня сёньня дык заўтра прэзыдэнт прызначыць рэфэрэндум аб зьмене нормаў Асноўнага закону», — сказаў Лукашэнка.

«Паважаныя сябры, раз і назаўжды хачу сказаць, каб нас пачулі СМІ, асабліва ўзбударажаныя апошнімі папраўкамі ў закон аб СМІ, якія сядзяць там, „за бугром“, атрымліваюць незразумела чые грошы і абураюцца: я ніколі ня дзейнічаў несумленна ў дачыненьні нашых людзей і ніколі на гэта не пайду. Я ведаю, адкуль я прыйшоў і як я перамог на прэзыдэнцкіх выбарах. Я абяцаў і ніколі не парушу сваю клятву, чаго б мне гэта ні каштавала, бо будзе, як учора ў Армэніі», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, «з народам гуляць нельга».

Калі будзе рэфэрэндум, загадзя, па законе, пра гэта будзе сказана

«Калі будзе рэфэрэндум, загадзя, паводле закону, пра гэта будзе сказана. Асабіста я пакуль ні пра які рэфэрэндум нават ня думаў. Я гэта чытаю толькі ў сродках масавай інфармацыі і чую ад сваёй старшыні Цэнтрвыбаркаму, калі яна адказвае на пытаньні ў СМІ», — адзначыў Лукашэнка.

«Нам зараз не да рэфэрэндуму. Нам галоўнае выстаяць, а не каб муць падняць у краіне. Вы ж бачыце, хто патрабуе зьменаў. Яны ж ня будуць адказваць, якія наступствы будуць мець зьмены Канстытуцыі. Трэба спыніць гэтае браджэньне ў грамадзтве», — заявіў Лукашэнка.

«Сказаў... бо адчуваю, што ў грамадзтве такое можа быць закісаньне»

«Мы ж з вамі даўно вызначыліся, што яны [апазыцыя] нават і ўладу ня хочуць, напэўна, узяць, прабачце, таму што ня ведаюць, што зь ёй рабіць. Гэта ня простая цацка. Мы ж з вамі гэта разумеем і ведаем, а я тым больш. Таму трэба спыніць гэтую „валтузню“ пра рэфэрэндум, заўтрашнія зьмены ў Канстытуцыю. Я вельмі пэўна аб гэтым сказаў і, ведаеце, потым падумаў: можа, ня трэба было казаць? Таму што адчуваю, што ў грамадзтве такое можа быць закісаньне. Але, трымаючыся сваіх прынцыпаў прыстойнасьці і сумленнасьці перад народам і вамі і так далей, я выказаў свой пункт гледжаньня», — сказаў Лукашэнка.

Пра падзел паўнамоцтваў і Майдан

Жыцьцё мяняецца, павінны мяняцца і законы, адзначыў Лукашэнка. Але гэта тычыцца дробных нормаў, якія наўпрост не ўплываюць на жыцьцё людзей. Лукашэнка прызнаў, што частку паўнамоцтваў можна перадаць іншым галінам улады, а ў яго тым часам зьяўляюцца новыя клопаты.

«Але калі хтосьці разьлічвае, што будзе створаны падмурак для майданаў і майданутых, то гэтага ня будзе», — запэўніў Лукашэнка.

Пра зьмены ў Канстытуцыю і зноў пра Армэнію

Лукашэнка даручыў судзьдзям Канстытуцыйнага суду падрыхтаваць прапановы наконт унясеньня «тэхнічных зьменаў».

«Але зьменаў пад канкрэтную асобу ніколі ня будзе — як гэта мы пабачылі на прыкладзе Армэніі. Ня трэба было пераводзіць прэзыдэнцкую рэспубліку ў парлямэнцкую, вось і адгукнулася. Навошта мяняць асновы дзяржавы, ламаць пад нейкую асобу? Тое і адбылося. У гэтай сытуацыі толькі зычу армянскаму народу, каб не захапіліся барацьбой».

Палітоляг: «Цікава, як Лукашэнка перавярнуў сытуацыю з рэфэрэндумам»

«Аказваецца, гэта апазыцыя, праціўнікі патрабуюць зьмены Канстытуцыі і рэфэрэндуму. Невыпадкова адмову ад рэфэрэндуму Лукашэнка зьвязаў з армянскімі падзеямі і Майданам. Думаю, гэта моцна ацьверазіла і астудзіла яго. Такім чынам, усё адкладваецца на няпэўны час», — пракамэнтаваў заявы Лукашэнкі палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Людзі сьвяткуюць адстаўку прэм'ер-міністра Сэржа Саргсьяна на вуліцах Ерэвана
Людзі сьвяткуюць адстаўку прэм'ер-міністра Сэржа Саргсьяна на вуліцах Ерэвана

Апазыцыя: «Ерэван адгукнуўся ў Авальнай залі»​

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адмову Лукашэнкі ад рэфэрэндуму пракамэнтаваў Свабодзе каротка: «Ерэван адгукнуўся ў Авальнай залі».

Лукашэнка не абвясьціў рэфэрэндум праз пагрозу «армянскага сцэнару» ў Беларусі, — Статкевіч

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў сказаў Свабодзе, што у 1994 годзе Лукашэнка прыйшоў да ўлады з галоўным лёзунгам — адвесьці краіну ад прорвы.

«​З таго часу прайшла амаль чвэрць стагодзьдзя. А мы ўсё яшчэ знаходзімся каля прорвы»​, —​ адзначыў палітык.

Паводле яго, рэфэрэндумы, якія прайшлі за гэты час у Беларусі, «​нічым не дапамаглі»​.

«Кожны зь іх быў намэнклятурным і праводзіліся яны не дзеля народу, а дзеля асабістых інтарэсаў уладных вярхоў. Таму я лічу так: добра, што ў нас ня будзе яшчэ аднаго намэнклятурнага рэфэрэндуму. Бо ягоныя наступствы маглі б прывесьці да сытуацыі, куды іншай і куды горшай, чым цяпер у Армэніі», —​ сказаў Дзьмітрыеў.

Хто і калі казаў пра рэфэрэндум

У 2016 годзе Лібэральна-дэмакратычная партыя прапанавала правесьці рэферэндум аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю, на які вынесьці пытаньне аб павелічэньні тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, Савету рэспублікі і мясцовых саветаў з 4 да 5 гадоў і павелічэньні тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта з 5 да 7 гадоў. Камэнтуючы прапановы, Лідзія Ярмошына тады заявіла, што ЦВК ніякіх даручэнняў на гэты конт не атрымлівала.

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Размовы пра магчымы рэфэрэндум у Беларусі даўно вядуцца ва ўладных колах, але найчасьцей абмяркоўваюць тэхнічны бок яго правядзеньня, але не пытаньні, якія нібыта хочуць вынесьці на рэфэрэндум.

15 сакавіка на сустрэчы з судзьдзямі Канстытуцыйнага суду Аляксандар Лукашэнка ​заявіў, што даў даручэньне Канстытуцыйнаму суду падрыхтаваць прапановы для зьмены Асноўнага закону краіны.

2 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што прапановы для рэформы выбарчага заканадаўства ня будуць разглядацца, пакуль ня будзе вырашанае пытаньне аб зьмене Канстытуцыі. Лідзія Ярмошына адмовілася адказваць Свабодзе, якія пытаньні могуць быць вынесеныя на рэфэрэндум, дадаўшы, што гэта не яе кампэтэнцыя.

6 красавіка ў інтэрвію Euronews міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, сярод іншага, заявіў пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, зьвязаўшы іх з «пытаньнямі стабільнасьці і бясьпекі».

10 красавіка на сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ Лукашэнка адзначыў, што, зь яго пункту гледжаньня, частка функцый павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG