Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выступіць Вольскі на канцэрце ў цэнтры Менску на Дзень Волі?


Гурт «Крамбамбуля» на канцэрце ў Менску, 2017 год

Фінальнай часткай сьвяткаваньня ​сотых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі («Сьвята Незалежнасьці») мае стаць вялікі канцэрт пад адкрытым небам на менскай плошчы Свабоды 25 сакавіка. Пра гэта ў жывым эфіры Свабоды расказалі прадстаўнікі аргкамітэту Павал Севярынец, Ігар Лялькоў, Яўген Афнагель. ​

Паводле іх, запрашэньне выступіць са сцэны ўжо атрымалі ці яшчэ атрымаюць знакавыя артысты — Лявон Вольскі, Сяргей Міхалок ды іншыя.

Канцэрт пакуль не дазволілі — і ці дазволяць, невядома

Зрэшты, ня толькі канцэрт, але і шэсьце на Дзень Волі дагэтуль не санкцыянаваныя гарадзкімі ўладамі — тыя пакуль разглядаюць заяўку.

Летась на заяўку адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе (пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна жа старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка). Але за гэта нікога не пакаралі.

Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2017 году
Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2017 году

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі. Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Але калі дазволяць, Вольскі разгледзіць прапанову

Атрымаць апэратыўны камэнтар Сяргея Міхалка на момант публікацыі не ўдалося.

Лявон Вольскі перапытаў, дзе зьбіраюцца праводзіць канцэрт, а пачуўшы, што на плошчы Свабоды, адказаў: «Ну дык калі дазволяць, то будзем размаўляць». І спытаў, хто ўваходзіць у арганізацыйны камітэт сьвяткаваньня.

Саму ідэю адзначаць 100 год БНР канцэртам ён назваў «безумоўна выдатнай».

«І ня толькі музычным канцэртам! — кажа Вольскі. — Трэба яшчэ нейкім балем адзначаць. Не скажу, што як дзень сьвятога Патрыка, але ўсё мае быць вельмі станоўча, бяз гэтых нотак вечнага беларускага суму-смутку».

Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

Вольскі мяркуе, што тое, ці будзе канцэрт, «ня вельмі ад нас залежыць», таму «нічога нельга плянаваць».

На яго думку, канцэрт на плошчы Свабоды — «сьвятым для намэнклятуры месцы» — ніхто не дазволіць, а калі нешта і дазволяць, то перанясуць некуды яшчэ, праўдападобна, на плошчу Бангалор.

На пытаньне, ці варта запрашаць на такі канцэрт, калі яго дазволяць, праўладных або ляяльных уладам артыстаў, музыка кажа, што «гэта была б добрая ідэя для аб’яднаньня, інтэграцыі» народу, але такія артысты «вельмі асьцярожныя», таму наўрад ці самі пагодзяцца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG