Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя плянуе вялікі канцэрт з Вольскім і Міхалком на Дзень Волі


Дзень Волі-2016

Прадстаўнікі аргкамітэту сьвяткаваньня сотых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі — Павал Севярынец, Ігар Лялькоў, Яўген Афнагель — у жывым эфіры Свабоды расказалі пра хаду падрыхтоўкі да адзначэньня юбілею.

Паводле Паўла Севярынца, знакавая гадавіна аб’яднала апазыцыю — бадай, упершыню за апошнія 10-15 гадоў. Цяпер стаіць задача далучыць да кампаніі дзяржаўных чыноўнікаў, якія таксама мусяць усьвядоміць значнасьць БНР для сёньняшняй беларускай дзяржавы.

Як удакладніў Яўген Афангель, аргкамітэт гатовы да перамоваў з уладамі. Паводле яго, калі кіраўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі ў асобах Качанавай, Рыжанкова ды іншых пацьвердзяць такое жаданьне, усе будуць толькі радыя. Але пакуль ніхто са службоўцаў сваіх плянаў не агучыў.

Раней грамадзкія актывісты Ўладзімер Падгол і Алесь Таўстыка апублікавалі ліст, у якім заклікалі Аляксандра Лукашэнку ня толькі далучыцца да сьвяткаваньня, а і выступіць у якасьці спікера агульнанацыянальнай дыктоўкі. На іх думку, тэкст мае быць скампанаваны з Устаўных грамат БНР.

«Калі Лукашэнка зачытае Ўстаўную грамату БНР на беларускай мове, на „тарашкевіцы“, то чаму б не? Маральна мы гатовыя», — пракамэнтаваў ініцыятыву Павал Севярынец.

Калі будзе вядома, ці дазволяць менскія ўлады шэсьце і канцэрт на Дзень Волі 25 сакавіка? Адзін з заяўнікаў акцыі Ігар Лялькоў выказаў спадзяваньне, што сёлета рашэньне ня будзе прымацца, як у ранейшыя гады. Згодна з заканадаўствам, адказ мусіць быць дадзены не пазьней, чым за пяць дзён да падзеі. Праўда, летась гэта здарылася ледзь не напярэдадні, што ў выніку прывяло да гвалту з боку спэцназу і масавых арыштаў.

Прадстаўнікі аргкамітэту сьвяткаваньня 100 год БНР (справа налева) Павал Севярынец, Яўген Афнагель, Ігар Лялькоў і журналіст Свабоды Валер Каліноўскі
Прадстаўнікі аргкамітэту сьвяткаваньня 100 год БНР (справа налева) Павал Севярынец, Яўген Афнагель, Ігар Лялькоў і журналіст Свабоды Валер Каліноўскі

Афіцыйная назва — «Сьвята Незалежнасьці»

Павал Севярынец у сваю чаргу расказаў, што плянуецца ня проста шараговае шэсьце. Вядучыя мастакі суполкі «Пагоня», дызайнэры цяпер працуюць над афармленьнем спадарожнага антуражу. Афіцыйная назва — «Сьвята Незалежнасьці».

Наяўнасьць пляну «Б» на выпадак, калі ўлады не дазволяць сьвяткаваць 100-годзьдзе незалежнасьці БНР у цэнтры сталіцы, чальцы аргкамітэту раскрываць ня сталі. Паход на плошчу Бангалор, куды звычайна выпраўляюць мітынгаваць апазыцыю, не разглядаецца. Толькі плян «А», удакладнілі яны. Адзінае, сказалі, што будуць зробленыя дзьве юрыдычныя спробы.

Ці дазволяць менскія ўлады канцэрт у цэнтры гораду на Дзень Волі з удзелам Міхалка і Вольскага?
Ці дазволяць менскія ўлады канцэрт у цэнтры гораду на Дзень Волі з удзелам Міхалка і Вольскага?


Фінальнай часткай мусіць стаць вялікі канцэрт пад адкрытым небам на плошчы Свабоды, дзе некалькі апошніх гадоў ладзяцца масавыя культурна-відовішчныя імпрэзы. Паводле прадстаўнікоў аргкамітэту, запрашэньне выступіць са сцэны ўжо атрымалі ці яшчэ атрымаюць знакавыя артысты — Лявон Вольскі, Сяргей Міхалок ды іншыя.

Падсумоўваючы свае пляны, прадстаўнікі аргкамітэту заявілі, што ў першую чаргу працуюць над тым, каб улады прынялі прапанаваны сцэнар у поўным аб’ёме.

Ці выступіць Вольскі на канцэрце ў цэнтры Менску на Дзень Волі?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG