Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонцы Статкевіча так і не паведамілі, калі муж выйдзе на волю


Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч ад 30 кастрычніка адбывае пакараньне ў турме на менскай вуліцы Акрэсьціна. Але за што і на колькі дзён яго пасадзілі, па-ранейшаму невядома.

Меркавана, Міколу Статкевіча пасадзілі на 5 сутак за акцыю 8 верасьня, але гэта дзяжурны на Акрэсьціна не пацьвердзіў і не абвергнуў жонцы палітыка Марыне Адамовіч, калі 2 лістапада прымаў перадачу для яе мужа.

Марына Адамовіч, архіўнае фота
Марына Адамовіч, архіўнае фота

«У яго быў пратакол за ягонае мінулае вызваленьне, якое расцанілі як пікет, плюс яшчэ былі дзьве акцыі, у якіх ён прымаў удзел. Я выцягнула яшчэ з паштовай скрыні кіпу папераў, што нас зь Міколам чакае заказная карэспандэнцыя: на мяне з суду, на Міколу з суду, тры з РУУС, — пералічвае Адамовіч. — Сёньня чарговы раз запыталася ў дзяжурнага, каб ён удакладніў дату, калі Мікола мусіць выйсьці на волю.

Дзяжурны пачаў мітусіцца, казаць, што гэтай інфармацыі ён ня мае, што гэта не зьяўляецца яго прамым абавязкам... Сяджу цяпер, думаю, што гэта павінна значыць: ці дадалі яны Міколу што-небудзь, ці ён, скажам так, проста хацеў прадэманстраваць сваю значнасьць. Буду яшчэ тэлефанаваць начальству — што ж яшчэ застаецца рабіць».

Тым часам паплечніка Статкевіча, паэта і палітыка Ўладзімера Някляева пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за словы «Калі ёсьць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць», сказаныя ім 16 кастрычніка ў эфіры тэлеканалу «Белсат» пра акцыю «Марш абураных беларусаў 2.0» 21 кастрычніка, у якой Някляеў ня ўдзельнічаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG