Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі Міколу Статкевіча. Ён на Акрэсьціна


Мікалай Статкевіч на «Маршы абураных беларусаў 2.0»

Сустаршыню рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалая Статкевіча затрымалі ў Менску па дарозе дадому ўвечары 30 кастрычніка. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч.

Паводле жонкі палітыка, міліцыянты на працягу ўсяго дня пільнавалі яе машыну.

«Мы вярталіся дадому, праехалі мэтраў пяцьсот, як нас спыніла ДАІ», — распавяла Адамовіч.

Абноўлена. Адамовіч кажа, што даведалася пра месцазнаходжаньне мужа: Статкевіч у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Затрыманы ён нібыта, па «старой» пастанове, за акцыю 8 верасьня, паводле якой яго раней асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Такім чынам
выйсьці на волю ён павінен 4- лістапада а 20:30.

Але пакуль афіцыйна не вядома за што менавіта затрымалі Статкевіча. Сам палітык казаў раней, што атрымаў позву ў суд за тое, што даў журналістам інтэрвію пад турмой на Акрэсьціна 7 кастрычніка ў Менску пасьля адбыцьця 15-сутачнага арышту, у якім распавёў пра «спробу заразіць яго сухотамі».

Таксама ён меркаваў, што неўзабаве пракуратура ды судовыя органы пачнуць дасылаць выклікі ды позвы па выніках «Маршу абураных беларусаў», які адбыўся 21 кастрычніка ў Менску і адным з арганізатарам якога выступаў Статкевіч.

«Помсьцяць за тое, што расказаў пра спробу заразіць сухотамі»

Гэта ўжо шостае затрыманьне палітыка сёлета. Разам ён правёў за кратамі 34 дні.

31 кастрычніка Мікалай Статкевіч плянаваў выступіць на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі «Усходняга партнэрства» («Эўранэст») у Кіеве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG