Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах аштрафавалі праваабаронцу, які фатаграфаваў вызваленьне філёзафа


Баранавіцкія актывісты Аляксандар Вайцешык і Рыгор Грык у судзе

Баранавіцкі праваабаронца Аляксандар Вайцешык аштрафаваны на 920 рублёў за «абразу і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі».

Судзьдзя гораду Баранавічы і Баранавіцкага раёну Аксана Копач прызнала Вайцешыка вінаватым у парушэньні двух артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Як распавёў Свабодзе праваабаронца Аляксандар Вайцешык, адзін з артыкулаў, за абразу міліцыянта, быў за тое, што ён назваў яго «сяржанцік».

«Суду было прадастаўлена дастаткова доказаў аб працэсуальных парушэньнях. Міліцэйскія дакумэнты самі сабе супярэчылі. У той час, калі, паводле пратаколу, я аказваў непадпарадкаваньне, я яшчэ ня быў затрыманы. Таксама, я не лічу абразай слова „сяржанцік“, на якое абразіўся міліцыянт», — кажа праваабаронца.

Аляксандар Вайцешык плянуе абскарджваць прысуд у вышэйшыя інстанцыі.

Праваабаронца быў затрыманы 11 кастрычніка падчас суду над расейскім філёзафам Пятром Рабавым у Баранавічах. Праваабаронцу зьвінавацілі ў абразе супрацоўніка міліцыі і непадпарадкаваньні міліцыянтам.

16 кастрычніка Вайцешык быў затрыманы другі раз, калі фатаграфаваў вызваленьне Рабава з сутак. Тады на яго склалі яшчэ адзін пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG