Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастака Алеся Пушкіна таксама аштрафавалі за «ўрок гісторыі» у Слуцку


Алесь Пушкін, фота мэдыяслужбы «Дзея»
Алесь Пушкін, фота мэдыяслужбы «Дзея»

30 кастрычніка Крупскі раённы суд пакараў мастака Алеся Пушкіна штрафам у 5 базавых велічыняў (115 рублёў) за ўдзел у правядзеньні 1 верасьня ў Слуцку «ўроку гісторыі».

Прысутны на судзе Алесь Лагвінец сказаў карэспандэнту Свабоды, што судзьдзя задаволіла хадайніцтва і разгляд справы вёўся на беларускай мове.

«Гэта ня самае горшае рашэньне. На судзе быў таксама непаўналетні сын Алеся Пушкіна Мікола, якому за першую чвэрць паставілі прыкладныя паводзіны. Мы з Алінай Нагорнай выступалі сьведкамі, і мы казалі, што гэта было чыста культурніцкае мерапрыемства, урок гісторыі, без выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў», — сказаў карэспандэнту Свабоды Алесь Лагвінец.

Раней за гэты ж «урок гісторыі» Маскоўскі суд Менску пакараў Алеся Лагвінца значна большым штрафам — у 50 базавых велічыняў (1150 рублёў). А ягонага сына Антося Фрунзенскі раённы суд пакараў штрафам у 20 базавых велічыняў (460 рублёў). Іх зьвінавацілі ў правядзеньні масавага мерапрыемства.

16 кастрычніка суд Слуцкага раёна аштрафаваў актывістку Аліну Нагорную на 20 базавых велічынь (460 рублёў) за «ўрок гісторыі».

1 верасьня Алесь Лагвінец са старэйшым сынам Антосем, мастак Алесь Пушкін са сваім непаўналетнім сынам Мікалаем і Аліна Нагорная ушанавалі ў Слуцку памяць удзельнікаў Слуцкага паўстаньня супраць улады бальшавікоў у 1920 годзе.

Удзельнікі «ўроку» вывесілі на агароджы вакол мясцовага краязнаўчага музэю партрэты паўстанцаў, зрабілі фатаздымкі, наведалі магілу ўдзельніка паўстаньня 1863 году паэта Альгерда Абуховіча. Сваё асьветніцкае мерапрыемства арганізатары назвалі «Дзень ведаў — урок гісторыі».

Пасьля гэтага супраць мастака Алеся Пушкіна былі распачатыя тры адміністрацыйныя справы па трох артыкулах: ч.1 артыкула 23.34 (парушэньне вызначанага парадку сходаў, мітынгаў і шэсьцяў), ч. 2 артыкула 21.14 (парушэньне правілаў утрыманьня населеных пунктаў) і ч.1 артыкула 9.4 (невыкананьне бацькамі або асобамі, якія іх замяняюць, абавязкаў па выхаваньні дзяцей, што пацягнула за сабой зьдзяйсьненьне непаўналетнім учынку, які мае прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня або злачынства).

Чарговая справа супраць Алеся Пушкіна будзе разглядацца 1 лістапада ў судзе ў Слуцку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG