Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збліжэньне з ЭЗ, арышт Статкевіча і «Захад-2017». Што абмяркоўвалі на Эўранэсьце пра Беларусь


У Кіеве праходзіць Парлямэнцкая асамблея краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» — Euronest. Прадстаўнікі Беларусі ў яе не ўваходзяць, паколькі Эўрапейскі Зьвяз прызнаў, што мінулыя выбары ў парлямэнт парушылі дэмакратычныя стандарты.

Але беларуская тэматыка на форумах прысутнічае заўсёды — яна абмяркоўваецца ў фармаце створанай працоўнай групы ў пытаньнях Беларусі. Сёньня на яе паседжаньне прыехалі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці — Уладзімер Някляеў, Тацяна Караткевіч, Аляксандар Дабравольскі, Віталь Рымашэўскі, Ірына Вештард, Аляксей Янукевіч, Сяргей Калякін і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Яна паведаміла, што прыехала асабістую адказнасьць, без паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў. На паседжаньні мусіў быць і Мікола Статкевіч, але яго затрымалі напярэдадні ў Менску.

Арышт Статкевіча — кепскі знак

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын адразу адрэагавала на гэтыя падзеі:

«Я была расчараваная, калі пачула пра арышт (Статкевіча - РС)».

Паводле яе ва ўмовах падрыхтоўкі саміту Ўсходняга партнэрства ў Брусэлі і павелічэньня цікавасьці Эўразьвязу да супрацы зь Беларусьсю, гэта ня вельмі добры знак. Правы чалавека, выбарчае заканадаўства, смяротнае пакараньне і дыялёг з грамадзтвам у Беларусі застаюцца пад пільнай увагай Эўропы.

Польшча хоча доказаў пра выхад расейскіх войскаў зь Беларусі

Богдан Здраеўскі
Богдан Здраеўскі

Абмеркаваньне сытуцыі ў Беларусі пачалося з абмену думкамі аб супольных расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017».

Польскі эўрадэпутат Богдан Анджэй Здраеўскі, які кіраваў паседжаньнем, выказаў сумнеў, што пасьля вучэньняў усе расейскія войскі выведзеныя з тэрыторыі Беларусі:

«Ёсьць апасеньне, што вайскоўцы, якія былі перавезеныя з Расеі ў Беларусь, засталіся там».

Тацьцяна Караткевіч
Тацьцяна Караткевіч

Тацьцяна Караткевіч паабяцала перадаць засьцярогі эўрадэпутата міністру абароны Раўкову падчас асабістай сустрэчы.

Пагадненьне з ЭЗ — гістарычны шанец для Беларусі

Кіраўнік дэпартамэнта Ўсходняга партнэрства Генэральнага дырэктарата Эўракамісіі ў пытаньнях суседзтва і пашырэньня Эўразьвязу Лоўрэнс Мэрэдзіт нагадаў, што перадумовай для аднаўленьня дачыненьняў зь Беларусьсю было вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў.

«Мы амаль год праводзілі перамовы аб прыярытэтах патэнцыйнага партнэрства. Гэта будзе першае пагадненьне, якое будзе дасягнута між Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю. Калі зможам яго выканаць, то ўпершыню для Беларусі адкрыюцца магчымасьць падтрыманьня з боку Эўразьвязу. Да гэтага часу ў нас была такая своеасаблівая сыстэма зносін. І гэта яшчэ адзін гістарычны шанц. Але верхавенства права і правы чалавека застаюцца нашай пасьлядоўнай пазыцыяй», — заявіў Лоўрэнс Мэрэдзіт.

Дыялёг патрэбны, але на ўмовах Эўразьвязу

Усе прысутныя беларускія палітыкі пагадзіліся: дыялёг Эўразьвязу з уладамі Беларусі патрэбны, але ён мае адбывацца не на ўмовах беларускага кіраўніцтва.

«На сёньняшні дзень, як яно не парадаксальна, у гэтым дыялёгу Лукашэнка выграе ўсе казырныя фішкі. Гэтак адчувалася і сёньня, на сустрэчы», — падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы Уладзімер Някляеў.

Наступная сустрэча ў фармаце працоўнай групы ў пытаньнях Беларусі Парлямэнцкай асамблеі краін-удзельніц Усходняга партнэрства заплянаваная на вясну 2018 года.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG