Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заўтра ў суд могуць даставіць сьведку Юрыя Чыжа» — адзін з адвакатаў у справе Япрынцавых 


Юры Чыж
Юры Чыж

18 ліпеня суд у справе Ўладзімера і Казьбека Япрынцавых ды Аляксандра Арабяна скончыў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы, акрамя нататнікаў падсудных. Суду перад допытамі Ўладзімера Япрынцава, Казьбека Япрынцава і Аляксандра Арабяна засталося заслухаць усяго двух-трох сьведак, у тым ліку ўладальніка «Трайпла» Юрыя Чыжа.

Калі ў суд прывязуць Чыжа?

«Цяпер гэта можа быць у любы момант, у тым ліку заўтра. Вы ж чулі, што сказаў у канцы сёньняшняга паседжаньня судзьдзя? Што будзем апытваць апошніх сьведак, а сярод іх якраз Чыж», — сказаў журналістам абаронца аднаго з падсудных.

Ці будзе Юры Чыж дастаўлены ў суд 19 ліпеня, супрацоўнікі суду ня кажуць, спасылаючыся на службовую таямніцу. На мінулым тыдні ў судзе прагучала, што Юрыя Чыжа будуць дапытваць праз тыдзень, і журналісты чакаюць гэтай падзеі. Мяркуючы па тым, што прозьвішча Чыжа раз-пораз гучала на працэсе, пытаньні да Юрыя Чыжа будуць ня толькі ў пракурора, але і ў падсудных.

«Сьведка Маміяшвілі заўтра будзе на прыёме ў Пуціна»

У сьпісе сьведак, якія таксама мусяць даць паказаньні на працэсе, што праходзіць у Цэнтральным судзе Менску, значыцца і грамадзянін Расеі Міхаіл Маміяшвілі. Спадар Маміяшвілі ўзначальвае Фэдэрацыю грэка-рымскай барацьбы Расеі. Паводле зьвестак, якія прагучалі ў судзе, яго добра ведаў падсудны Ўладзімер Япрынцаў, які вядомы таксама як чэмпіён па самба.

Паводле сьледзтва, у 2015 годзе Міхаіл Маміяшвілі нібыта пазычыў Уладзімеру Япрынцаву па ягонай просьбе больш за 10 мільёнаў даляраў, а ўзамен часова стаў уладальнікам часткі долі Япрынцава ў кампаніі «Трайпл». Калі б Япрынцаву-старэйшаму ўдалося вярнуць Маміяшвілі ягоныя грошы да канца 2015 году, той вярнуў бы беларускаму бізнэсоўцу ягоную долю ў «Трайпле». Гэтыя зьвесткі пацьвердзіла ў судзе і жонка Ўладзімера Япрынцава Сьвятлана.

Але ў жніўні 2015 году бацьку і сына Япрынцавых арыштавалі, іх маёмасьць была таксама арыштаваная, доўг Міхаілу Маміяшвілі і яшчэ аднаму расейскаму бізнэсоўцу Аксенцьеву ня быў вернуты. Сьвятлана Япрынцава распавядала ў судзе, што пасьля арышту мужа езьдзіла ў Маскву на сустрэчу з Маміяшвілі і Аксенцьевым, прасіла дапамагчы. Але ёй сказалі вяртаць усе грошы, «інакш муж жывы з турмы ня выйдзе».

Калі будзе дапытаны як сьведка Міхаіл Маміяшвілі? У судзе прагучала, што спадар Маміяшвілі прынамсі заўтра выступіць ня зможа, таму што будзе на прыёме, які дае расейскім спартоўцам прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. А калі зможа?

«Потым пачынаецца Алімпіяда», — прагучаў адказ.

Паказаньні пацярпелага выклікаюць то абурэньне, то сьмех

Сёньня на судовым паседжаньні выявіліся цікавыя факты адносна ролі ў справе пацярпелага Андрэя Рабцэвіча. Аказваецца, дамова Япрынцава-старэйшага з пацярпелым Рабцэвічам пра тое, каб пазычыць у таго 3 мільёны даляраў зь вяртаньнем пад працэнты, яшчэ дзейнічала, калі Япрынцава арыштавалі.

Дамова павінна была скончыцца ў лістападзе 2015 году, а арыштавалі Япрынцава ў жніўні. Прычым, як высьветлілася сёньня ў судзе, заяву на Ўладзімера Япрынцава ў КДБ пацярпелы Андрэй Рабцэвіч напісаў таксама да заканчэньня тэрміну дамовы, у верасьні 2015 году. Праўда, заяву на Япрынцава ў КДБ пісалі таксама спартовец Андрэй Міхневіч і расейскі бізнэсмэн Юры Савяк, а не адзін Рабцэвіч.

Таксама ў судзе выявілася, што на вочнай стаўцы з Уладзімерам Япрынцавым спадар Рабцэвіч даводзіў сьледзтву, нібыта той — уладальнік фірмы «Эдэна», празь якую праводзілася зьдзелка на 3 мільёны даляраў. Але Япрынцаў-старэйшы абвяргае, што меў калісьці дачыненьне да гэтай фірмы. Андрэй Рабцэвіч ня змог аргументавана патлумачыць у судзе, на якой падставе ён гэтак казаў падчас сьледзтва.

Увогуле пацярпелы Рабцэвіч, на думку некаторых назіральнікаў, даваў суду спрэчныя паказаньні.

«Паплыў Рабцэвіч», — сказаў у кулюарах пра былога калегу Юры Падабед, былы камандзір менскага АМАПу, які наведвае паседжаньні суду па справе Япрынцавых. А публіка ў судовай залі часам успрымала паказаньні Рабцэвіча з абурэньнем альбо сьмехам.

Юры Падабед працаваў у кампаніі «Трайпл» начальнікам аддзелу аховы і звольніўся адтуль у 2015 годзе, пасьля арышту бацькі і сына Япрынцавых.

Андрэй Рабцэвіч, паводле зьвестак абаронцаў падсудных, да таго як заняцца бізнэсам, працаваў у аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі міліцыі Ленінскага раёну Менску. Сам Рабцэвіч на пытаньні журналістаў наконт працы ў міліцыі нічога не адказвае.

Хто такі бізнэсмэн Цьвірко?

Яшчэ адна падзея паседжаньня 18 ліпеня — перад перапынкам на працэсе прагучала прозьвішча нейкага бізнэсмэна Цьвірко. Пра яго ў Рабцэвіча запытаў Япрынцаў-старэйшы:

«Ці гэта не Цьвірко перадаў табе тыя грошы?» — спытаў падсудны адносна паходжаньня 3 мільёнаў даляраў, якія пазычыў у Рабцэвіча ды не вярнуў (ці не пасьпеў вярнуць). На гэтае пытаньне пацярпелы Андрэй Рабцэвіч не адказаў.

Раней Рабцэвіч адмовіўся паведаміць суду прозьвішча чалавека, які перадаў яму 3 мільёны даляраў для зьдзелкі з Уладзімерам Япрынцавым. Сказаў толькі, што атрымаў гэтыя грошы ад бізнэсмэна з Польшчы, імя якога называць у адкрытым паседжаньні ня хоча. Цікава, што частку працэнтаў за тыя 3 мільёны даляраў Рабцэвіч ад Япрынцава атрымаў і, па ягоных словах, перадаваў грошы свайму партнэру (усяго больш за 90 тысяч даляраў) гатоўкай, прычым ня ў Польшчы, а ў Беларусі.

У канцы паседжаньня Андрэй Рабцэвіч перадаў суду арыгіналы некаторых дакумэнтаў, якіх ад яго даўно дамагалася абарона падсудных. Адносна аднаго з дакумэнтаў Андрэя Рабцэвіча абаронца мае заўвагі: у тэксьце даверанасьці, аформленай на імя Андрэя Рабцэвіча, адвакат заўважыў розныя шрыфты, што лічыць падазроным. Магчыма, суд з гэтым будзе яшчэ разьбірацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG