Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Япрынцавых: адзін пацярпелы — былы праваахоўнік, другі — алімпійскі прызёр


Падсудныя — Уладзімер Япрынцаў, Казьбек Япрынцаў, Аляксандар Арабян. Суд Цэнтральнага раёну сталіцы
Падсудныя — Уладзімер Япрынцаў, Казьбек Япрынцаў, Аляксандар Арабян. Суд Цэнтральнага раёну сталіцы

На працэсе над Уладзімерам і Казьбекам Япрынцавымі дапыталі двух з трох пацярпелых. Паказаньні давалі бізнэсовец, былы супрацоўнік праваахоўных органаў Андрэй Рабцэвіч і вядомы атлет, алімпійскі прызёр Андрэй Міхневіч.

Як пацярпелы Рабцэвіч спрабуе вярнуць 3 мільёны даляраў

Ад пацярпелых сталі вядомы падрабязнасьці ўгодаў, вынікам якіх сталі іх фінансавыя страты. Прытым вельмі немалыя. Прыкладам, пацярпелы ў справе Андрэй Рабцэвіч, дырэктар эстонскай фірмы «Газтранс» патрабуе ад намесьніка гендырэктара фірмы «Трайпл» Уладзімера Япрынцава і ягонага сына Казьбека Япрынцава ды Аляксандра Арабяна 3 мільёны даляраў. Але гэта толькі ў межах дадзенай крымінальнай справы. Яшчэ 6 мільёнаў даляраў пацярпелы патрабуе праз прымусовае выкананьне ў межах свайго цывільнага пазову. Прычым гэта тыя ж 3 мільёны, але ўжо з працэнтамі, якія набеглі з 2015 году. Маўляў, не атрымаецца тут, дык выйграю там. «Гэта спроба двайнога ўтрыманьня», — ўжо адрэагаваў на такі ход пацярпелага судзьдзя Міхаіл Хома.

Але навошта Япрынцавы пазычалі грошы ў Андрэя Рабцэвіча, зь якім спачатку бала падпісаная дамова як з камэрсантам? Паводле матэрыялаў справы Рабцэвіч у якасьці прадстаўніка шатляндзкай фірмы «Керсэй індастрыз» узяўся набыць для Міністэрства абароны Ўкраіны партыю рэактыўнага паліва, якое вырабілі на наваполацкім «Нафтане». Умовы пагадненьня Андрэй Рабцэвіч абмяркоўваў з супрацоўнікамі «Трайплу» Аляксандрам Арабянам і Казьбекам Япрынцавым. Падпісалі дамову, былі пералічаныя 2,8 мільёны даляраў, але пастаўка сарвалася. Ішоў час, паліва не паступала і Рабцэвіч пачаў патрабаваць вярнуць грошы. Паводле пацярпелага, Япрынцавы самі прапанавалі яму заключыць новую дамову, паводле якой 3 мільёны даляраў яны нібыта пазычылі ў яго і абавязваюцца вярнуць з працэнтамі — па 3% штомесяц. Ён пагадзіўся. Спачатку працэнты выплачвалі спраўна: 3 месяцы запар перадавалі па 90 тысяч даляраў, потым асобна 100 тысяч даляраў перадаў Япрынцаў-старэйшы, былі і яшчэ сумы ад 10-15 тысяч даляраў, але ўвесь доўг гэтак і не вярнулі. Пазьней ён нібыта пачуў на свой адрас пагрозы: «Каб не прыяжджаў у Беларусь, бо давядзецца бегчы», «Каб больш не званіў». У выніку Андрэй Рабцэвіч, па ягоных словах, зразумеў, што Япрынцавы нібыта ад пачатку не зьбіраліся вяртаць грошы, а задумалі і правялі махінацыю. А як жа тое, што аддавалі працэнты? Пацярпелы мяркуе, што гэтак яго «раскручвалі» на яшчэ большую пазыку. Калі Ўладзімер Япрынцаў нагадаў пацярпеламу Рабцэвічу, што прапаноўваў яму ў заклад свой дом на вуліцы Пакроўскай, той гэта пацьвердзіў, але ўдакладніў: дом агенцтва нерухомасьці ацаніла ўсяго ў 1,2 мільёны, да таго ж «ён быццам быў ужо закладзены».

Дарэчы, а адкуль у выпускніка акадэміі МУС Андрэя Рабцэвіча ўзяліся 3 мільёны даляраў? У судзе пацярпелы не назваў дакладнай крыніцы, спаслаўшыся на канфідэнцыйныя прычыны. Абазначыў толькі, што грошы з Польшчы, дзе яму адкрыў крэдыт нейкі бізнэсовец. Суд не настойвае на больш падрабязных зьвестках.

Пракурор Юры Шарсьнёў
Пракурор Юры Шарсьнёў

Але некаторыя паказаньні пацярпелага Рабцэвіча ўсё ж выклікалі жаданьне суду праверыць ці ўдакладніць ягоныя словы. Прыкладам, ці быў ён сапраўды прадстаўніком шатляндзкай фірмы «Керсэй індастрыз»? У заяве, пададзенай у КДБ, Андрэй Рабцэвіч назваўся гэтым прадстаўніком, але цяпер дакумэнтаў ня мае і нічым гэта пацьвердзіць ня змог. «Трэба шукаць», — кажа пацярпелы. Суд папрасіў у блізкі час прадставіць дакумэнты. Таксама суд захацеў яснасьці наконт таго, колькі грошай Япрынцавы пасьпелі вярнуць Рабцэвічу да свайго арышту: «Паглядзіце свае запісы». І яшчэ адвакатаў зацікавіла, што сталася з больш чым 370 тысячамі даляраў, якія Андрэй Рабцэвіч пасьпеў атрымаць ад Япрынцавых? Тыя грошы Япрынцавы перадавалі Рабцэвічу гатоўкай. Куды яны трапілі? Якім спосабам? Пацярпелы ў выніку згадаў, што гэтак жа ў выглядзе наяўных грошаў перадаў валюту свайму «інкогніта» з Польшчы. Дзе перадаў? — У Беларусі.

Лёс 440 тысяч даляраў атлета Андрэя Міхневіча

Ня менш пытаньняў, а часам і сьмеху ў зале выклікалі паказаньні другога пацярпелага ў справе, вядомага спартоўцы Андрэя Міхневіча, пажыцьцёва дыскваліфікаванага за допінг. Паводле Міхневіча, ён зусім ня быў знаёмы з Уладзімерам Япрынцавым, а як толькі празь сябра пазнаёміўся зь ягоным сынам Казьбекам, адразу прынёс у офіс «Трайпла» свае заробленыя ў спорце 365 тысяч даляраў. Каб грошы не ляжалі дарэмна, а працавалі. Праз паўгоду да гэтай сумы дадаліся яшчэ 75 тысяч і была заключаная новая дамова — на 440 тысяч даляраў пазыкі. Пры гэтым Міхневіч спачатку чамусьці казаў суду, што перадаў грошы «безвазьмезна», потым — што аддаў над 3 працэнты, потым — пад 1%. Дзе праўда? Факт у тым, што некалькі месяцаў Андрэй Міхневіч атрымліваў за свае грошы у якасьці працэнтаў ад Казьбека Япрынцава па 2250 даляраў, але ў жніўні 2015 году Япрынцавых арыштавалі. Міхневіча запрасілі ў КДБ і прапанавалі напісаць на Казьбека Япрынцава пазоўны ліст у суд, але тады ён яшчэ разважаў, ці варта. «Чакаў якой весткі» і, не дачакаўшыся, пайшоў параіцца да дырэктара «Трайплу» Юрыя Чыжа. Але той, калі даведаўся пра 440 тысяч, якія Япрынцаў-малодшы вінны алімпійскаму прызёру, сказаў «Ай-яй-яй!» (сьмех у судовай зале) і параіў толькі адно — зьвяртацца з заявай ня ў суд, а адразу ў КДБ. Гэта было, паводле Андрэя Міхневіча, у сьнежні 2015 году. У выніку ў студзені 2016 ён сапраўды напісаў заяву на Казьбека Япрынцава і па-ранейшаму лічыць, што той яго падмануў знарок. Маўляў, мусіў папярэдзіць, што ягоныя справы ідуць дрэнна, тады б ён пасьпеў забраць свае 440 тысяч даляраў. Пры гэтым Андрэй Міхневіч дадаў, што шкадуе, што яму давялося пісаць пазоўны ліст на Казьбека Япрынцава і дагэтуль спадзяецца, што той верне доўг.

Наперадзе — эпізод пра 25 мільёнаў даляраў

14 ліпеня ў судзе чакаюць трэцяга пацярпелага ў справе — расейскага бізнэсмэна Юрыя Савяку, які цяпер знаходзіцца ў ЗША. Паводле сьледзтва, яму бацька і сын Япрынцавы (а таксама супрацоўнік «Трайпла» Аляксандр Арабян і Ісак Пападопулас, які схаваўся ад сьледзтва) нібыта ўчынілі шкоды на суму больш за 25 мільёнаў даляраў. У эпізодзе з гэтым пацярпелым зноў фігуруюць угоды з продажам нафтапрадуктаў. Сьледзтва ўбачыла ў дзеяньнях падсудных папярэднюю задуму на падман і злачынства, а ня зрыў дамовы па іншых, не крымінальных прычынах.

Усе тры фігуранты справы — Ўладзімер Япрынцаў, Казьбек Япрынцаў і Аляксандр Арабян — сваёй віны не прызнаюць цалкам. 5 чэрвеня Казьбек Япрынцаў на пачатку судовага паседжаньня адмыслова нагадаў журналістам пра сваю пазыцыю, бо напярэдадні БТ-1 перадало, што ён нібыта прызнаў віну часткова. «Не, цалкам не прызнаю», — паўтарыў Казьбек Япрынцаў.

Калі ў суд прывязуць для допыту сьведку ў справе Юрыя Чыжа, цяпер таксама арыштаванага, пакуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG