Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацела быць чэмпіёнкай у боксе». Як 17-гадовая магіляўчанка атрымала 8 гадоў «за наркотыкі»


Аўтапартрэт непаўналетняй асуджанай магіляўчанкі
Аўтапартрэт непаўналетняй асуджанай магіляўчанкі

Бацькі лічаць, што дзяўчыну наўмысна справакавалі, каб падвесьці пад большае пакараньне.

Гэтая непаўналетняя магіляўчанка стала адной з тысяч асуджаных паводле арт. 328. Адэкватнасьць пакараньня паводле гэтага артыкулу выклікае сумневы ў знаўцаў крымінальнага права.

«Расправай над малалетнімі абвінавачанымі» называе цяперашнюю барацьбу з наркотыкамі юрыст Міхаіл Пастухоў. Паводле доктара юрыдычных навук, блізу трох тысяч маладых людзей штогод накіроўваюць ў калёніі па абвінавачваньні ў злачынствах, зьвязаных з абарачэньнем наркотыкаў.

Спэцыяліст у крымінальным працэсе цьвердзіць: пасьля таго як дэкрэт прэзыдэнта «Аб неадкладных захадах для супрацьдзеяньня незаконнаму абароту наркотыкаў» уступіў у сілу, сьледзтва і суды «дапускаюць сурʼёзныя перагіны ў выкарыстаньні нормаў дэкрэту».

Дзяўчына «дапамагла» сяброўцы, якая «дапамагала» міліцыі

Непаўналетняй магіляўчанцы інкрымінавалі набыцьцё, захоўваньне ды збыт наркатычных рэчываў. Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў яе вінаватай і пакараў 8 гадамі пазбаўленьня волі з накіраваньнем у папраўчую калёнію.

Бацькі непаўналетняй (яе імя яны папрасілі не называць, каб не ўскладняць умовы адбыцьця пакараньня. — РС) цьвердзяць, што сьледзтва і суд мелі відавочны абвінаваўчы ўхіл. Пераканаць судзьдзю і сьледчых у тым, што дачка стала ахвярай правакацыі і не заслугоўвае працяглага зьняволеньня, у іх не было магчымасьці, кажуць яны.

Верш пра Волю непаўналетняй асуджанай
Верш пра Волю непаўналетняй асуджанай

У афіцыйных паведамленьнях пра прысуд гаварылася, што дзяўчына ў стане наркатычнага апʼяненьня замовіла для сябе і сяброўкі ў інтэрнэце асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва. Замову аплаціла, паклаўшы грошы на электронны кашалёк. Калі забірала набытае, яе затрымалі. Старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласьці Алена Шумейка ў сваім камэнтары адзначыла, што абвінавачаная аддала міліцыянтам забароненае рэчыва добраахвотна.

Спачатку, кажуць бацькі, дачцэ інкрымінавалі незаконнае набыцьцё наркотыку бяз мэты збыту. Ёй пагражала кара ад пяцігадовага абмежаваньня волі да пяцігадовага пазбаўленьня волі. Яна пагадзілася з такім абвінавачаньнем, бо пры затрыманьні наркотык быў у яе. Дачка, кажуць бацькі, спадзявалася, што суд улічыць тое, што яна добраахвотна аддала праваахоўнікам набыты наркотык, і ня будзе яе караць няволяю.

Паводле бацькоў, абвінавачаньне дачцэ перакваліфікавалі ў ходзе сьледзтва зь першай часткі 328 артыкула на трэцюю. Ёй паставілі ў віну ня толькі набыцьцё, але і збыт наркатычнага рэчыва, за што пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

З новым абвінавачаньнем дзяўчына не пагадзілася і баранілася на судзе ад яго. Даводзіла, што наркотык замовіла і аплаціла на просьбу сваёй блізкай сяброўкі. Сама ж наркотыкаў ніколі не набывала і не ўжывала.

Вэрсію дзяўчыны бацькі пераказваюць гэтак: сёлета 15 лютага сяброўка папрасіла яе дапамагчы набраць код на мабільным тэлефоне, спаслаўшыся на тое, што баліць галава і яна можа памыліцца. Тая дапамагла. А гэта запісвалася на схаваную відэакамэру.

«Гэта ўжо на сьледзтве я дазнаўся, што сяброўка „дапамагала“ міліцыі, — казаў бацька асуджанай. — Пакуль расьсьледавалі даччыну справу, мы высьветлілі, што яе сяброўка фігуравала яшчэ ў некалькіх справах, зьвязаных з наркотыкамі. Усе маладыя людзі, зь якімі яна „сябравала“, апынуліся за кратамі. Мы даведаліся пра тры такія справы, у іх яна фігуравала як сьведка пад несваім імем».

Паводле суразмоўцы, дзяржаўная абвінаваўца ў судзе даводзіла, што на запісе праваахоўнікаў бачна, як затрыманая засыпае парашок белага колеру. Спраўдзіць словы пракурора абаронцам непаўналетняй не ўдалося, бо на судовых пасяджэньнях відэа не паказвалі. У судзе спаслаліся на тое, што гэта апэратыўныя дакумэнты, якія не павінны абнародавацца. Праваахоўнікі, заўважыў бацька асуджанай, не змаглі ідэнтыфікаваць адбіткі пальцаў на пакунку з наркотыкам.

Па словах бацькі, у крыві ў дачкі наркотыку ня выявілі, але аналіз мачы аказаўся станоўчы.

«Пазьней я высьветліў, што наркотык можа заставацца ў арганізьме да двух тыдняў. Суд жа ня стаў разьбірацца, як ён трапіў у арганізм, — абураўся суразмоўца. — Нам ніхто не падказаў, што ў суд мы маглі выклікаць нарколяга, які патлумачыў бы нюансы распусканьня наркатычнага рэчыва ў арганізьме».

Сяброўку абвінавачанай, якая ў справе фігуравала сьведкай пад зьмененым імем, на судзе не дапытвалі. Сказалі, што яна ў Маскве і прыехаць ня можа. Але на той момант, кажа бацька зьняволенай, сяброўка сядзела ў тым жа ізалятары, што і дачка.

Дачка, казаў далей мужчына, прасіла, каб яе паказаньні спраўдзілі на дэтэктары хлусьні, але сьледчы не пагадзіўся. Спаслаўся на тое, што заканадаўства не прызнае вынікі паліграфа за доказы, таму сэнсу ў такой працэдуры няма.

Бацькам не далі пазнаёміцца з матывацыйнай часткай прысуду. Яны сумняваюцца, што ў судовым пратаколе пазначаныя ўсе дэталі разгляду справы. Напрыклад, няма паказаньняў апэратыўніка пра тое, што ён рабіў закладку наркотыку, зь якой затрымалі дзяўчыну.

Скончыла музычную школу, займалася боксам, марыла пра спартовую карʼеру

Маці і бацька асуджанай кажуць, што дзяўчына тры гады займалася боксам і рыхтавалася да нацыянальнага чэмпіянату.

«Дачка бачыла сябе чэмпіёнкай і не магла сабе дазволіць такіх вольнасьцяў, як наркотыкі. Гэта ж канец яе мары, бо яе маглі праверыць у любы момант мэдыкі. Трэнаваньне адымала ўвесь яе вольны час», — казала маці асуджанай дзяўчыны.

Вітаньні дачкі бацькам зь няволі
Вітаньні дачкі бацькам зь няволі

У афіцыйным паведамленьні пра прысуд непаўналетняй гаварылася, што «ў свой час яна прафэсійна займалася спортам, аднак зьвязалася з кепскай кампаніяй, стала прапускаць заняткі ў школе, пачала сустракацца з старэйшым за яе хлопцам, які ўжываў наркотыкі».

Бацькі настойваюць, што дачка ня кідала спорту (гэта пацьвярджаюць і ў сэкцыі, куды яна хадзіла трэніравацца. — РС). У дзень, калі сяброўка зьвярнулася па дапамогу, яна зьбіралася на трэнаваньне. Згадку пра «кепскую кампанію» бацькі лічаць спробаю ачарніць дачку.

У бокс дзяўчына пайшла пасьля інцыдэнту ў вясковым клюбе. Трое дзяўчат яе дужа пабілі. Бацькі былі зьвярнуліся тады ў міліцыю, але ўрэшце вырашылі ход справе не даваць, каб не ламаць жыцьцё аднавяскоўкам.

«Да боксу дачка скончыла музычную школу, — працягвае маці асуджанай. — Вывучылася іграць на акардэоне. У яе быў музычны талент. Шкадавала, што кінула музыку і не паступіла ў музычны каледж. Настаўніцы па музыцы дзівіліся, як можна, маючы талент, пайсьці на „мардабой“».

Бацькі: «Яна не вінаватая настолькі, каб даваць 8 гадоў»

Зь верасьня непаўналетняя магіляўчанка ўтрымліваецца ў Гомельскай папраўчай калёніі. Там вяжа вяхоткі і спадзяецца, што на волю выйдзе раней, чым скончыцца прызначаны судом тэрмін пакараньня. У той самай вязьніцы сядзіць і яе сяброўка. Ёй далі таксама 8 гадоў, але па іншай справе. У адным зь лістоў дачка напісала бацькам:

«Зь „сяброўкай“ маёй бачылася і нават пагутарыць удалося! Плакала, мне казала, што дужа шкадуе і разумее, што вінаватая перада мною...»

Дзяўчына спадзяецца: калі яе касацыйная скарга будзе разглядацца ў Вярхоўным судзе, то, можа, сяброўка наважыцца падмацаваць свае словы прызнаньнем у абгаворы. Бацькі разьлічваюць на справядлівасьць Вярхоўнага суду.

«Будзем скардзіцца і ў Генэральную пракуратуру, бо на судзе ні нам, ні адвакату слова не давалі сказаць. Нават на адно з пасяджэньняў забылі прывесьці дачку, і яно было адкладзенае, — кажуць яны. — Дый мы ж не арыентаваліся ў законах і судовых працэдурах. Усяму вучыліся на хаду: дзе самі, дзе з падказак. Мы перакананыя, што ў суду была ўстаноўка пасадзіць дачку. Зь яе зрабілі наркаманку і распаўсюдніцу наркотыкаў».

Урывак зь ліста нявольніцы, у якім яна паведамляе пра сустрэчу зь сяброўкай у калёніі
Урывак зь ліста нявольніцы, у якім яна паведамляе пра сустрэчу зь сяброўкай у калёніі

Даччыну сяброўку бацькі лічаць ахвярай дзяржаўнай сыстэмы барацьбы з наркотыкамі. На іхную думку, дзяўчыну выкарыстоўваў апэратыўнік.

«Яе, відаць, некалі схапілі за наркотыкі, і яна пагадзілася супрацоўнічаць. А калі рэсурс яе „дапамогі“ быў вычарпаны, зь ёю расправіліся», — выказалі здагадку суразмоўцы.

«Мы ня супраць барацьбы з наркотыкамі, але калі караюць непаўналетніх вялікімі тэрмінамі, то доказы віны павінны быць неабвержныя, бо, па сутнасьці, гаворка ідзе пра жыцьцё чалавека», — лічаць бацькі асуджанай.

«Нашы турмы не выпраўляюць, а нявечаць псыхіку чалавека, — кажуць яны журналісту. — Зьвярніце ўвагу, усім затрыманым за наркотыкі інкрымінуюць трэцюю частку 328 артыкула, а па ёй мінімум — 8 гадоў. Нас пераконваюць, каб мы нікуды не пісалі, бо дачцэ ж далі гэты мінімум».

На судзе дачка, казаў бацька, была прыгнечаная. Як агучылі вырак, заплакала. На яго думку, турма зьменіць дзяўчыну. Ён з жонкай непакояцца, каб дзіця не азлобілася на ўвесь сьвет. Паводле іх, за няпоўны год няволі дачка стала непадобная да ранейшай.

У калёніі непаўналетняя сумуе па бацьках. Адзін зь вершаў яна прысьвяціла маці
У калёніі непаўналетняя сумуе па бацьках. Адзін зь вершаў яна прысьвяціла маці

«У яе развагі ўжо дарослага чалавека. Глядзіць іначай. Падлеткавага нічога не засталося. Зрабіла выснову, што сябраваць можна, але давяраць нікому нельга», — кажуць бацькі.

«Зразумела, азлобленасьць на дзяржаву ў яе зьявіцца, бо яна не вінаватая настолькі, каб ёй даваць 8 гадоў, — кажуць на разьвітаньне бацькі асуджанай. — Будзем змагацца за яе і падтрымліваць з волі, чым зможам. Але з нашай прававой сыстэмай і сыстэмай выпраўленьня ў турмах гэта дужа складана. Спадзеў у нас і на яе моцны характар».

Актывістка праваабарончага руху «Маці 328»: «Ідзе паляваньне на дзяцей»

Асуджаная непаўналетняя магіляўчанка папоўніла базу зьвестак праваабарончай арганізацыі «Матчын рух 328». Гэтая арганізацыя сабрала зьвесткі пра 209 чалавек, асуджаных паводле 328 артыкула. У сьпісе больш за тры дзясяткі маладых людзей да 18 гадоў. Толькі адзінкі зь іх пазьбеглі пакараньня паводле трэцяй часткі гэтага артыкула. Большасьць, як і непаўналетняя магіляўчанка, атрымалі па 8 і больш гадоў калёніяў. «Матчын рух 328» намагаецца данесьці да грамадзтва праблему празьмернага пакараньня моладзі за наркотыкі.

Адна з актывістак руху Сара Славіна сытуацыю з пакараньнямі непаўналетніх называе «паляваньнем на дзяцей».

Лёзунгі «Матчынага руху 328» на адной з акцый пратэсту
Лёзунгі «Матчынага руху 328» на адной з акцый пратэсту

Яна настойвае, што «зацікаўленыя» апэратыўнікі выкарыстоўваюць правакацыі з падстаўнымі сьведкамі, каб затрымаць непаўналетняга. «На безабаронных дзяцей прасьцей паляваць», — кажа яна.

«Дзіця адразу вязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня, пазбаўляючы магчымасьці кантактаваць з бацькамі. Навошта яго ізалююць? Дзіця прыраўноўваюць адразу да забойцаў ды гвалтаўнікоў», — абураецца актывістка.

Суразмоўніца не прыгадала выпадкаў, калі б суды станавіліся на бок абвінавачанага. Паводле яе, справы разглядаюцца фармальна, а судзьдзя, зачытаўшы прысуд, апусьціўшы вочы, хуценька пакідае судовую залю.

Экспэрт: тэрміны, якія даюць дзецям-першаходам, проста жахаюць

Юрыст Міхаіл Пастухоў пасьля зваротаў бацькоў маладых людзей, асуджаных паводле 328 артыкула, таксама вывучае гэтае пытаньне. Людзей абурае, кажа экспэрт, што дзяцей фактычна затрымлівалі па даносах, а потым прыцягвалі да адказнасьці.

Для бацькоў, кажа далей былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду, самае жахлівае ў тым, што іх не пускалі ў судовы працэс, бо ў ім выступалі сьведкамі апэратыўнікі спэцпадразьдзяленьняў міліцыі. А паколькі агучваліся апэратыўныя матэрыялы, то судовы працэс рабілі закрытым. Тэрміны, якія давалі дзецям-першаходам, проста жахалі бацькоў: ад васьмі і больш гадоў.

Міхаіл Пастухоў адзначае: адпраўным пунктам у жорсткім стаўленьні да затрыманых за наркотыкаў стаў дэкрэт прэзыдэнта № 6 «Аб неадкладных захадах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў». Дэкрэт Лукашэнкі пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году.

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

«Сталі больш жорсткімі санкцыі 328 артыкула, новыя часткі дадаліся, — кажа ён. — Сталі кваліфікаваць дзеяньні абвінавачаных не па першай і другой частцы, як было раней, а па трэцяй і чацьвёртай. Сталі абʼядноўваць гэтых асобаў у злачынныя групоўкі, што ўзмацняла пакараньне. Павялічылася і колькасьць абвінавачаных па гэтым артыкуле».

За 2015–16 гады, кажа суразмоўца, колькасьць абвінавачаных ва ўзросьце ад 15 да 30 гадоў, якіх прыцягнулі да адказнасьці за наркотыкі, перавысіла 3000 чалавек. За першае паўгодзьдзе 2017 году — больш за паўтары тысячы.

Паводле праваахоўных органаў у 2016 годзе выкрылі 6,4 тысячы нарказлачынстваў, зь іх 2,8 тысячы — зьвязаных са збытам наркотыкаў. За дзевяць месяцаў 2017 году, падае зьвесткі міліцыя, выяўленыя 4,2 тысячы нарказлачынстваў, зь іх 2,8 тысячы — зьвязаных са збытам. Лічба асуджаных не называецца, але адзначаецца зьніжэньне колькасьці такіх злачынстваў. Заканадаўства прадугледжвае за нарказлачынствы пакараньні да 25 гадоў пазбаўленьня волі. Адказнасьць наступае з 14 гадоў.

Умовы ўтрыманьня асуджаных паводле 328 артыкула дыскрымінацыйныя

Тым часам, працягвае Пастухоў, з абвінавачаных маладых людзей органы па барацьбе з наркотыкамі фармуюць нават міжнародныя сындыкаты. На судах гэта не пацьвярджаецца, але судзьдзі вераць апэратыўным матэрыялам органаў унутраных спраў, якія падтрымлівае пракурор.

«Гэта нагадвае расправу над малалетнімі абвінавачанымі, — кажа Міхаіл Пастухоў. — Яны ўпершыню трапляюць пад варту. Іх змушаюць прызнавацца. Калі абвінавачаны супрацоўнічае са сьледзтвам, то яму пагражае ня больш за палову карнай санкцыі. Гэтым карыстаецца міліцыя і сьледзтва, змушаючы да супрацоўніцтва і абгавору іншых. Гэта выклікае ланцуговую рэакцыю — абвінавачаных робіцца ўсё больш і больш».

Экспэрт прапануе абмеркаваць з Лукашэнкам на адмысловай нарадзе практыку выкарыстаньня дэкрэту № 6, бо ў прыцягненьні да адказнасьці паводле 328 артыкула дапускаюцца сурʼёзныя перагібы. На яго думку, насьпела неабходнасьць пачаць мэтанакіраваны перагляд крымінальных спраў па гэтым артыкуле, бо шмат у якіх ёсьць супярэчнасьці. Пра гэта ў скаргах сыгналізуюць бацькі і іх асуджаныя дзеці. Неабходна таксама, працягвае экспэрт, тэрмінова палепшыць умовы ўтрыманьня асуджаных, супраць якіх ужываюцца дыскрымінацыйныя захады.

Пратэст «Матчынага руху 328»
Пратэст «Матчынага руху 328»

«Гэтая катэгорыя асуджаных абавязаная мець зялёныя нашыўкі, якія сьведчаць пра артыкул 328, і да іх асаблівая ўвага, — кажа Міхаіл Пастухоў. — Яны практычна пазбаўленыя права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне і замену рэжыму на менш жорсткі. І наагул да іх стаўленьне спэцыфічнае, але многія зь іх сядзяць па сумнеўным абвінавачаньні».

«Зрабіце, каб абанэмэнт у спартзалю каштаваў таньней за спайс», — «Маці-328» селі за круглы стол з чыноўнікамі і дэпутатамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG