Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі бацькі асуджаных дзяцей зладзілі інфармацыйны пікет


Бацькі асуджаных маладых людзей зь Менску, Гомлі, Жлобіну, Віцебску, Магілёва, Баранавічаў, якія ўваходзяць у незарэгістраваную арганізацыю "Маці-328", зладзілі 12 жніўня ў Гомлі інфармацыйны пікет супраць жорсткага пакараньня паводле артыкулу 328 КК «Незаконны абарот наркатычных сродкаў». Яны трымалі партрэты асуджаных з указаньнем артыкулу і тэрміну пакараньня.

«У мяне ўнука Сьвятаслава пасадзілі на дзесяць гадоў, — апавядае сталага веку жыхарка Гомлі Таіса Спасава. — Ён быў яшчэ 15-гадовым школьнікам. Патэлефанаваў сябра, сказаў, што сапасаваны тэлефон. Святаслаў пайшоў дапамагаць і дадому больш не вярнуўся. Іх там „накрыла“ міліцыя. У Сьвятаслава нічога не было ў руках, ніякіх крымінальных кантактаў у тэлефоне, але пасадзілі на дзесяцігадовы тэрмін. Цяпер яму ўжо сямнаццаць гадоў».

У Алены Растаргуевай з Магілёва сын Багдан таксама ў турме. На просьбу дзяўчыны, якая была ў апэратыўнай распрацоўцы, Багдан забраў закладку з наркатычным рэчывам — таксама атрымаў дзесяць галоў пазбаўленьня волі.

«Падобных гісторый шмат, — кажа кіраўніца незарэгістраванай арганізацыі „Маці-328“ Ларыса Жыгар. — Пасьля зьяўленьня так званага „антынаркатычнага“ дэкрэту № 6, які скіраваны на змаганьне з наркабаронамі і арганізаваным трафікам, быў значна зьменены 328-ты артыкул Крымінальнага кодэксу, і ў злосныя спажыўцы й гандляры наркотыкамі патрапіла наперш моладзь, падлеткі. Мы хочам сваімі акцыямі зьвярнуць увагу парлямэнтарыяў і Аляксандра Лукашэнкі на непамерна жорсткую судовую практыку ў дачыненьні да маладых людзей. Многія асуджаныя несправядліва. Сумнеўныя прысуды трэба перагледзець, жорсткія нормы заканадаўства ў дачыненьні непаўналетніх адмяніць. Каля пятнаццаці тысяч чалавек пакараныя на падставе артыкулу 328 — і гэта ўсё наркабароны? Розум адмаўляецца гэта ўспрымаць».

Пасьля інфармацыйнай акцыі бацькі асуджаных выправіліся ў сабор Пятра й Паўла, каб памаліцца за здароўе і маральны стан сваіх асуджаных дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG