Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» і іх дзеці. Споведзі наркаманаў і іх блізкіх


Аб'ява. Ілюстрацыйнае фота

Жыцьцё наркамана параўноўваюць зь бегам над прорвай. На кожным кроку можна сарвацца — або ў турму, або ў сьмерць. Ці палохае такая пэрспэктыва саміх наркаманаў? Наколькі стрымлівае іх антынаркатычны дэкрэт? Сваімі думкамі дзеляцца маці падсьледнага ды асуджаны паводле артыкула 328.

Пасьля канікулаў Палата прадстаўнікоў вернецца да абмеркаваньня пытаньняў, зьвязаных з антынаркатычнай барацьбой у Беларусі.

Пра гэта Свабодзе паведамілі прадстаўнікі грамадзянскага руху «Маці 328».

Яны адаслалі ў пастаянную камісію па заканадаўстве зварот аб пераглядзе тэрмінаў турэмнага пакараньня за распаўсюд наркотыкаў, а таксама аб’ёмаў знойдзенага ў грамадзян забароненага прэпарата, ад якіх і залежыць прысуд. Прадстаўнікі руху атрымалі адказ, зь якога вынікае, што дэпутаты распрацавалі прапановы па карэктыроўцы артыкула 328 Крымінальнага кодэксу і цяпер адпаведны законапраект праходзіць узгадненьне з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ды іншымі арганізацыямі.

Устаноўчы сход «Руху маці 328» у Горадні. Горадня, 31 жніўня 2015 году
Устаноўчы сход «Руху маці 328» у Горадні. Горадня, 31 жніўня 2015 году

Прэзыдэнцкі дэкрэт «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў» быў прыняты 1 студзеня 2015 году. Згодна зь ім чалавек, датычны да такога абароту пры абцяжарваючых акалічнасьцях, можа атрымаць ад 15 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. І нават да 25, калі ад прададзенага ім рэчыва нехта памрэ.

Падпісанты звароту, а іх сотні, не адмаўляюць, што іх дзеці парушылі закон. Але зьвяртаюць увагу, што суровыя турэмныя выракі пераважна выносяцца спажыўцам студэнцкага ды школьнага веку, а не сапраўдным дылерам (за выключэньнем, бадай, фігурантаў гучнай «справы 17-ці»). На думку бацькоў, адны толькі турэмныя тэрміны безь неабходных для гэтага кантынгенту рэабілітацыйных і рэсацыялізацыйных праграмаў наўрад істотна выправяць сытуацыю з нарказалежнасьцю ў краіне.

5,9 грама «соляў» і рэгулярныя дозы ў чаканьні суду

Сярод падпісантаў звароту — 40-гадовая Алена. Некалькі месяцаў таму міліцыянты затрымалі яе 18-гадовага сына і пры вобшуку знайшлі ў яго 5,9 грама моцнага сынтэтычнага псыхастымулятара МДПВ (methylenedioxypyrovalerone), які ў асяроддзі наркаманаў называюць «солямі для ваннаў», «хуткасьцю» або «сьвістам». Так званыя «солі» належаць да асабліва небясьпечных рэчываў, і пры тым даступных па цане. Іх нюхаюць, кураць, разводзяць у любой вадкасьці ды п’юць. Самае ж небясьпечнае — калі іх колюць у вену.

Крым, Белагорск. Ілюстрацыйнае фота
Крым, Белагорск. Ілюстрацыйнае фота

Паводле беларускага заканадаўства нават знойдзеныя ў спажыўца 1,5 грама МДПВ лічацца «буйным памерам». Калі ўзяць выпадак зь Міколам, то ў якасьці пакараньня яго можа чакаць да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня. Нярэдка, аднак, такі аб’ём псыхатропнага рэчыва, калі ёсьць сьведкі ды доказы, становіцца падставай для перакваліфікацыі зь першай часткі артыкула (спажываньне) на трэцюю (распаўсюд), і абвінавачанаму можа пагражаць тэрмін удвая большы..

Што можа чакаць Міколу ў турме, а што на волі? Ані яго маці, ані іншыя людзі з блізкага атачэньня гэтай сям’і, на чыіх вачах чатыры гады запар разбураецца асоба хлопчыка, сказаць нічога ня могуць.

Мікола ўпершыню паспытаў «хуткасьць» у 14. З таго часу, як кажуць, бязвылазна ў «сыстэме». Спробы Алены адвадзіць сына ад наркаты з дапамогай дарагога лячэньня і рэабілітацыі ў ня менш дарагіх цэнтрах вынікаў не прынесьлі.

Калі Міколу арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА, у маці зьявілася адчуваньне, што сын адумаўся. На спатканьнях ён казаў, што баіцца турмы, дзе з наркаманаў зьдзекуюцца ўсе, ад кантралёраў да крымінальнікаў, плакаў, што ня вытрымае вязьніцы і, як адзін ягоны сябар, скончыць жыцьцё самагубствам, прасіў выцягнуць яго з-за кратаў, абяцаючы, што больш ніколі ня вернецца да наркотыкаў...

Жанчына ўзяла крэдыт і наняла адваката. Хлопцу замянілі меру стрыманьня пад вартай у сьледчым ізалятары на знаходжаньне да суду дома пад падпіску аб нявыезьдзе — пры ўмове, што да яго ў любы момант з праверкай могуць прыйсьці міліцыянты. Калі ж яго ня будзе на месцы, то тэрмін, адпаведна, можа яшчэ павялічыцца: адразу зьменіцца мера ўтрыманьня, ўцекача аб'явяць у вышук і да абвінавачваньня будзе дадзены яшчэ адзін артыкул.

Мікола вытрымаў толькі восем дзён, а потым зьбег з хаты. Не было яго тыдзень. Міліцэйская праверка зьявілася, толькі калі ён вярнуўся. Хлопца разам з галоўным сьведкам — ягонай каханкай вывезьлі на сьледчы экспэрымэнт, каб яны паказалі месца, дзе нібыта «выпадкова знайшлі пакецік з наркотыкам».

Крым, Белагорск. Ілюстрацыйнае фота
Крым, Белагорск. Ілюстрацыйнае фота

Праз восем дзён пасьля экспэрымэнту Мікола зноў уцёк на тыдзень. Міліцэйскага кантролю зноў не было. Сваёй маці сын неяк сказаў, што міліцыянты нібыта прапанавалі яму ў абмен на мякчэйшы прысуд інфармаваць іх, у каго ён набывае рэчыва і хто гэта робіць разам зь ім..

Не магу глядзець, як мой сын на вачах дэградуе ад гэтай дрэні

«Я ў поўным адчаі, — кажа жанчына. — Не магу глядзець, як мой сын на вачах дэградуе ад гэтай дрэні. І ў каго ён можа ператварыцца, калі стане яшчэ больш залежны як інфарматар. З нашай кватэры ён вынес усе каштоўныя рэчы, да таго ж я мушу выплачваць узятыя ім у „Вэлкоме“ ды МТС тэлефонныя крэдыты. Я ні хвіліны ня сплю, калі ён не прыходзіць дадому — думаю, ці жывы ён. Можа, калі ён сядзе, будзе неяк спакайней?»

«Попыт спараджае прапанову, але не наадварот»

Сытуацыю з залежнасьцю вялікай часткі беларускай моладзі ад псыхатропаў наркаман зь вялікім стажам Сяргей лічыць нават не праблемай, а сапраўдным бедзтвам. Пра гэта ён напісаў у сваім лісьце са спэцыялізаванага атраду для наркаманаў у адной з папраўчых установаў для паўторна асуджаных.

Ліст з калёніі асуджанага за наркотыкі Сяргея
Ліст з калёніі асуджанага за наркотыкі Сяргея

На апіяты Сяргей «падсеў» у няпоўныя 16. Цяпер яму 50. У месцах пазбаўленьня волі правёў агулам больш за палову жыцьця. Найчасьцей судзілі па наркатычным артыкуле. Радзей — за крадзяжы, рабункі, хуліганства: усё гэта ён учыняў, каб толькі набыць дозу.

Падчас сваёй папярэдняй адседкі Сяргей, лістуючыся са Свабодай, расказваў пра сябе і сваю сям'ю. Пра тое, што нарадзіўся ў Дрэздэне, у сям'і вайскоўца. Потым быў раённы цэнтар на захадзе Беларусі. Там жыло шмат тых, хто служыў у савецкім войску за мяжой — у краінах Варшаўскай дамовы, у Аўганістане. Таму пры жаданьні паспытаць анашу было ня так ужо і складана.

Таксама Сяргей пісаў, як некалькі разоў з прычыны перадазіроўкі быў на мяжы жыцьця і сьмерці і як турма фактычна «выцягнула яго з таго сьвету», як за кратамі захапіўся паэзіяй, у тым ліку беларускай, а таксама музыкай — і стварыў разам зь іншымі зьняволенымі рок-гурт. Прызнаваўся, што за свой працяглы тэрмін шмат што асэнсаваў ды перадумаў:

«Аднойчы, гэта было ў 2009-м, — пісаў Сяргей, — мне паведамілі з дому, што памёр мой брат. Паехаць разьвітацца зь ім я ня змог. І тады штосьці шчоўкнула: у 1993 годзе памёр мой бацька, у 2003 — маці, цяпер вось брат, а я нікога зь іх не пахаваў, бо ўвесь гэты час сядзеў за наркотыкі. Часам былі артыкулы за крадзеж ці рабунак, аднак прычына была ўсё тая ж. Як бы там ні было, але турма ўратавала мне жыцьцё. Калі б не яна, мяне б ужо даўно не было».

Пры нашай сустрэчы ў Менску, неўзабаве пасьля вызваленьня, Сяргей рабіў уражаньне сур’ёзнага чалавека.

Казаў, што ўладкаваўся на нейкі завод, заробкі невялікія, але на хлеб з маслам хапае. Зьбіраўся працягваць заняткі музыкай. Пра наркотыкі казаў: больш ніколі...

Як потым высьветлілася, на той час ён ізноў «сядзеў на ігле». .

Празь нейкі час Сяргея і ягоную кампанію ўзялі «на хаце» за звыклай справай. Неўзабаве ўступіў у сілу новы антынаркатычны дэкрэт прэзыдэнта. Тэрмін выйшаў вялікі, больш за дзесяць год. Адзін агульны знаёмы зь ліку вязьняў казаў, што Сяргея «падставілі».

Іншы былы асуджаны, які таксама сядзеў разам зь ім, лічыць, што ў выпадку зь Сяргеем наркотык ізноў аказаўся мацнейшы ды перакрэсьліў усе ягоныя пляны.

У сваім апошнім лісьце Сяргей, зыходзячы з свайго ўласнага беспасьпяховага досьведу змаганьня з наркотыкамі і назіраньня за маладымі сядзельцамі, залежнымі ад больш сучасных сынтэтычных псыхатропных рэчываў, дзеліцца сваімі меркаваньнямі пра антынаркатычны прэзыдэнцкі дэкрэт, ініцыятыву "Маці-328" ды іншае.

«У гэтым асяродзьдзі я ўжо 34 гады,— піша ён. —. Упершыню апіяты паспытаў восеньню 1983-га. Гэта значыць, што гэтая праблема, з усімі стадыямі яе разьвіцьця, вядомая мне больш, чым многім іншым. Я б нават сказаў, што гэта хутчэй бедзтва, чым праблема. Бо наркотыкі выбіваюць з жыцьця найбольш актыўную ды пэрспэктыўную частку насельніцтва — моладзь.

Напэўна, вы зьдзівіцеся, калі пачуеце ад мяне, што менавіта я супраць дэкрэту № 6 нічога ня маю. Ёсьць, вядома, пытаньні па некаторых момантах, але калі глядзець на сытуацыю грунтоўна, то мэты ўсё ж апраўдваюць сродкі.

Што тычыцца зьяўленьня грамадзянскай ініцыятывы „Маці 328“ на чале з Ларысай Жыгар, то мне падаецца, што іх ініцыятыва абумоўленая асабістай бядой. Яны супраць дэкрэту, аднак таму, што ён жорсткі і тычыцца менавіта іхніх дзяцей.

Але ж калі ўявіць сабе, што дэкрэт зьявіўся б не ў 2015 годзе, а раней, напрыклад у 2003-м, то ўпэўнены, што большасьць з тых дзяцей так і ня ўведалі б, што такое наркотыкі, і дакладна за краты трапіла б істотна менш моладзі.

Напэўна, глядзець на сытуацыю трэба не з уласнай норкі, а на адлегласьці і ў пэрспэктыве. Лічу, што мэтазгоднасьць ці немэтазгоднасьць дэкрэту выявіць час. Перакананы, што змагацца трэба не з сымптомамі хваробы, а з прычынамі яе ўзьнікненьня. Попыт спараджае прапанову, але не наадварот. Тут наўрад ці многага дасягнеш забаронамі ды напамінамі пра хваробы. Пагарда, сорам ды ганьба — нашмат большая матывацыя для адмовы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG