Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвечку запаліла?» — сваякі фігурантаў «справы 17» спадзяюцца на цуд, а абаронцы кажуць пра фальсыфікацыі


У Вярхоўным судзе, дзе разглядаюцца скаргі фігурантаў «справы сямнаццаці» (меркаваных распаўсюднікаў спайсаў) на прысуд Менскага гарадзкога суду, пачалі выступаць адвакаты асуджаных.

17 маладых людзей, у тым ліку дзьве дзяўчыны, летась у сьнежні атрымалі за меркаваныя злачынствы, у асноўным зьвязаныя з распаўсюдам псыхатропаў, ад 4 да 20 гадоў зьняволеньня. Паводле большасьці пунктаў усе 17 асуджаных з прысудам не пагадзіліся і абскардзілі яго ў Вярхоўным судзе.

Цяпер калегія па крымінальных справах на чале з судзьдзём Аляксеем Цяцюхіным павінна разабрацца, ці сапраўды ў Беларусі і Расеі дзейнічала злачынная арганізацыя па распаўсюдзе спайсаў, ці кіраваў ёй выпускнік журфаку БДУ Канстанцін Вілюга, якое дачыненьне да групоўкі мелі былыя праваахоўнікі Вераценскі, Дзенісевіч і Карыцкі, ды высьветліць іншыя складаныя пытаньні.

Вілюга: кажуць пра забароненыя рэчывы, але ня кажуць, якія

На паседжаньні 26 траўня былі агучаныя скаргі падсудных, а пачалі судзьдзі са скаргі меркаванага стваральніка і лідэра групоўкі Канстанціна Вілюгі. У скарзе віны ў арганізацыі групоўкі Вілюга не прызнаў. Паводле падсуднага, большасьць фігурантаў справы паміж сабой увогуле не былі знаёмыя, і доказаў існаваньня злачыннай арганізацыі пад яго кіраўніцтвам сьледчыя не прадставілі.

Таксама Канстанцін Вілюга абвяргае, што валодаў сайтам, празь які спайсы прадаваліся пад выглядам дазволеных у Расеі курыльных сумесяў. Падазрае падсудны Вілюга сьледчых і ў ціску на сьведак Грамыку і Чарнова — нібыта іх прымусілі даць хлусьлівыя паказаньні, бо яны былі нарказалежныя. Былога супрацоўніка КДБ Ігара Карыцкага, які, паводле сьледзтва, дапамагаў распаўсюднікам спайсаў інфармацыйнай падтрымкай, Вілюга, як ён сьцьвярджае, зусім ня ведаў, і сьледзтва ніяк не даказала адваротнага.

Яшчэ адзін з аргумэнтаў — што сьледзтва так і ня высьветліла, якімі нібыта забароненымі рэчывамі ён гандляваў. У выніку падсудны папрасіў суд адмяніць прысуд першай інстанцыі і адправіць справу на новае расьсьледаваньне.

За што судзілі грамадзянку Расеі?

Выступ абаронцы Вілюгі наперадзе, а сёньня прамовы адвакатаў адкрыў сваім выступам Аляксандар Галіеў, які абараняе грамадзянку Расеі Іну Семяняку.

Дзяўчына асуджаная Менгарсудом на 16 гадоў зьняволеньня, але віны цалкам не прызнае. Між тым, паводле прысуду Менгарсуду, Іна Семяняка з сярэдзіны 2013 году ўваходзіла ў злачынную групоўку Вілюгі і праз праграму Skype нібыта дамаўлялася аб продажы спайсаў.

Абаронца Іны Семянякі даводзіў суду адваротнае: што падабаронная не падтрымлівала сувязяў зь іншымі сябрамі меркаванай злачыннай групоўкі, акрамя як з Канстанцінам Вілюгам, але зь ім — толькі асабістыя. Паказаньні сьведак Грамыкі і Пагайнікава, якія засьведчылі, што кантактавалі зь Семянякай праз інтэрнэт, паводле адваката, доказам не зьяўляюцца.

«У судзе Грамыка паведаміў пра падзеі 2012 году, а не сярэдзіны 2013 году. Што да словаў Паганьнікава пра кантакты яго ў інтэрнэце зь Семянякай, дык там гаворка пра час зь лістапада 2012 па люты 2013 году — зноў жа ня той пэрыяд, які інкрымінуюць маёй падабароннай», — казаў адвакат Аляксандар Галіеў.

Нарэшце, адзін з самых моцных аргумэнтаў, які ўжыў абаронца — матэрыяльны. Паводле сьледзтва, злачынная групоўка разам зь Інай Семянякай атрымала прыбытак у 18 мільярдаў недэнамінаваных рублёў, але ніякай маёмасьці і грошай у дзяўчыны не знайшлі. Хіба гэта не абавязак сьледзтва — даказаць, што ж яна сапраўды зарабіла на нібыта злачыннай дзейнасьці?

Як белы колер стаў жоўтым?

Яшчэ адна фігурантка «справы сямнаццаці» Аліна Церагера асуджаная Менгарсудом на 18 гадоў зьняволеньня. Паводле сьледзтва, дзяўчына вяла «чорную» бухгальтэрыю злачыннай арганізацыі, была яе фінансавым мозгам і выконвала іншыя адказныя даручэньні. Адметна, што з часткай абвінавачаньня дзяўчына пагадзілася, а падчас ператрусу ў кватэры сама паказала, дзе захоўвала спайсы. Тым ня менш пасьля працэсу ў Менскім гарадзкім судзе Аліна Церагера падала скаргу ў Вярхоўны суд і разьлічвае на мякчэйшае пакараньне.

Абаронца падсуднай расказала пра цэлы набор сумнеўных захадаў, якімі карысталіся сьледчыя. Што шантажавалі яе вялікім тэрмінам і пагражалі ня даць спатканьня са сваякамі, хлусілі, што нібыта Вілюга ўсё прызнаў і аформіў яўку з павіннай, нарэшце — што паказаньні аднаго сьведкі супроць Аліны Церагеры на сьледзтве былі хлусьлівыя, бо ў судзе ад іх чалавек адмовіўся. Праца сьледчых была зробленая дрэнна, часам нават халтурна, лічыць абаронца і прыводзіць такі прыклад.

Ператрус у Церагеры запісваўся на чорна-белае відэа, але чамусьці ў пратаколе, які зроблены з гэтага відэа, колер знойдзенага ў кватэры абвінавачанай невядомага рэчыва пазначаны як жоўты. Як такое можа быць?

«Маёй падабароннай на момант затрыманьня было толькі 23 гады. Яна не адмаўляе, што зрабіла ў жыцьці вялікую памылку, але хіба 18 гадоў зьняволеньня... Пры такім тэрміне не павінна быць ніякіх сумненьняў у яе віне па ўсіх пунктах абвінавачаньня, між тым такія сумненьні ёсьць», — сказала суду адвакатка Аліны Церагеры.

Спадзяваньне ня толькі на суд

29 траўня выступы адвакатаў на апэляцыі па «справе сямнаццаці» працягнуцца, але за зачыненымі дзьвярыма, бо справы трох былых праваахоўнікаў утрымліваюць сакрэтныя матэрыялы.

У судовай залі Вярхоўнага суду, як і падчас працэсу ў Доме правасудзьдзя, шмат сваякоў фігурантаў справы: маці, сёстры, бацькі, жонкі. Прысутнічае і прэса. У тым ліку журналісты чуюць ад сваякоў падсудных папрокі, што не правялі незалежнага расьсьледаваньня справы, мала напісалі пра аргумэнты адвакатаў на карысьць падсудных.

Калі ў залю заходзіць пракурор, на ягоны адрас шэпчуць: «Як яму ня сорамна» — бо мяркуюць, што справу сфальшавалі. На апэляцыю яшчэ спадзяюцца, але ня толькі. Працэс вось-вось пачнецца, і ззаду гучыць жаночы шэпт у мабільнік: «Ты сьвечку запаліла?».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG